Трагедыя Бацькі Міная

Трагедыя Бацькі Міная
      Розгалас пра поспехі атрада Бацькі Міная з кожным днём
разыходзіўся ўсё шырэй і далей ад Суражчыны. Фашысты былі
гэтым асабліва занепакоены, бо прыклад мінаеўцаў па стварэнні
атрадаў супраціўлення ворагу пераймалі ў іншых месцах. Таму
неаднаразова немцы праз правакатараў распаўсюджвалі чуткі,
што камандзір партызанскага атрада Мінай Шмыроў забіты, а
створаны ім атрад распадаецца. Але кожны раз пасля гэтага
Бацька Мінай са сваімі таварышамі па зброі нагадвалі пра сябе
чарговай дзёрзкай аперацыяй.
        Пераканаўшыся, што іх прапаганда наконт гібелі
Шмырова не мае поспеху, фашысты завочна прысудзілі Бацьку
Міная да пакарання смерцю. За яго абяцалі спачатку дзесяць,
потым дваццаць і нават пяцьдзясят тысяч нямецкіх марак. Але
ніхто Шмырова не выдаў. Наадварот, партызаны ў адказ ладзілі
новыя засады, грамілі гарнізоны.
       Тады фашысты вырашылі дзейнічаць па-іншаму –
захапіць дзяцей Міная Шмырова ў заложнікі. Праз правакатара
фашыстам удалося даведацца, дзе знаходзяцца малыя.
       Вестка пра тое, што немцы арыштавалі дзяцей і родных
Бацькі Міная, што за іх свабоду патрабуюць, каб камандзір сам
прыйшоў і здаўся, імгненна даляцела да партызан. Мінай
Шмыроў быў у роспачы, дакараў сябе, што не забраў дзяцей у
атрад. Што было рабіць? Ісці на штурм Суража, як раілі
некаторыя? Дык вораг толькі гэтага і чакаў. Свой гарнізон
пасля папярэдняга разгрому партызанамі фашысты вельмі
добра ўмацавалі і ўзброілі, у іх ёсць гарматы, нават некалькі
танкаў. Партызанам ён зараз не па зубах.
       Многае вырашыла запіска старэйшай дачкі Лізы,
перададзеная Бацьку Мінаю праз пляменніцу Валянціну, якая
прыносіла заложнікам перадачы. “Тата, за нас не хвалюйся,
нікога не слухай, да немцаў не ідзі. Калі цябе заб’юць, то мы
бездапаможныя і за цябе не адпомсцім. А калі нас заб’юць,
тата, то ты за нас адпомсціш”, – было напісана ў ёй.
       У лютым тысяча дзевяцьсот сорак другога года ўсіх
дзяцей Бацькі Міная немцы расстралялі. Запіску Лізы ён усю
вайну насіў у кішэні ля сэрца. Легендарны партызанскі
камандзір рабіў усё магчымае, каб фашысты за свае
злачынствы супраць беларускага народа і супраць яго дзяцей
атрымалі спаўна. (313 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 739 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: