У дарозе

У дарозе
     Ехалі ў Мінск. Напярэдадні прайшоў моцны дождж, і мала
хто спадзяваўся, што аўтобус прыйдзе. На шчасце, ён
прыйшоў.
     Людзей набілася паўнютка. Наперадзе сядзеў мужчына
сярэдніх гадоў. Папраўляючы рукою то саламяны капялюш, то
скураны зашмальцаваны партфель, які ўвесь час спаўзаў з яго
гладкіх каленяў, мужчына ўголас абураўся: і што дарогу не
хочуць адрамантаваць, і што аўтобус пасылаюць абы-які. Яму
ахвотна вакол падтаквалі.
     Нечакана аўтобус тузануўся раз-другі і спыніўся. Заглух
матор. Шафёр вылез з кабіны, абышоў вакол машыны і
безнадзейна махнуў рукою.
     Заднія колы ледзь віднеліся з густога месіва. Шафёр
разгублена стаяў ля аўтобуса і неяк вінавата паглядаў то на нас,
пасажыраў, то на машыну.
     Тым часам няўмольна насоўваўся вечар. Трэба было нешта
рабіць. Адны прапаноўвалі прынесці з лесу галля і падмасціць
пад калёсы, паспрабаваць выцягнуць аўтобус сваімі сіламі.
Іншыя раілі не стаяць дарма на дарозе, а ісці да бліжэйшай вёскі
і там заначаваць. Спрачаліся, даводзілі кожны сваё, але ніхто
не шукаў вінаватага.
     І толькі мужчына ў саламяным капелюшы, грэбліва
ступаючы па гразі сваімі моднымі туфлікамі, усё ныў і лаяў
шафёра. А потым, як пачало накрапваць, і зусім схаваўся ў
аўтобус.
     Выбраліся яны з ямы зусім нечакана. Калі ўжо многія з
пасажыраў наважыліся ісці начаваць у вёску, нехта з моладзі
параіў:
     – А мо трактарам паспрабаваць? Бачыў, недалёка на полі
стаяў адзін. Недалёка адсюль. Я схаджу.
     І хлопец пайшоў. Неўзабаве ў змроку бліснулі фары, загуў
матор.
     Праз некалькі мінут аўтобус паехаў далей.
     І як усё адразу змянілася. На чалавека ў капелюшы,
якому раней усе так ахвотна падтаквалі, цяпер ніхто не звяртаў
увагі. Хлопца ж, які прыгнаў трактар, пасадзілі на самае
лепшае месца і клапатліва захуталі ў шарсцяную хустку, каб
сагрэўся: ён быў у адным касцюмчыку і прамок да ніткі. (280
слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 144 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: