У лазні

У лазні
     Было гэта зімой у час вайны. Доўга затрымаліся немцы на
беларуска-ўкраінскай мяжы, а разведчыкам быў дадзены загад:
“Дастаць языка!” Ад немцаў іх раздзяляла невялікае балота.
На тым баку размясцілася вёсачка на ўзгорку. З краю вёскі,
каля самага балота, стаяла лазня. Разведчыкі заўважылі, што
кожную суботу паляць тую лазню, а потым грузавая машына
прывозіць нямецкіх салдат туды мыцца.
     Мікола быў дужы хлопец, вясёлы і смелы. Вось ён з
сябрам і задумаў схапіць “языка” з тых, што прыедуць мыцца
ў вясковую лазню. Папаўзлі яны ўночы праз балота. Метраў за
сто схаваліся ў варонцы ад бомбы і сталі чакаць. Прасядзелі там
з самай раніцы, аж пакуль вечарэць не пачало. Змерзлі моцна,
проста закачанелі. Трохі чаем адаграваліся.
     На самым змярканні падкаціла да лазні машына.
Выскокваюць з яе фашысты, чалавек, мусіць, трыццаць.
Рагочуць, гергечуць па-свойму і ідуць у лазню. Каля грузавіка
немец-шафёр застаўся. Ён ходзіць вакол машыны, сцеражэ
зброю, што засталася ў кузаве. Часам сядзе ў машыну, каб
завесці і прагрэць матор, ды зноў на варту.
     Пачакалі хлопцы, пакуль добра сцямнела, і ўзяліся за
справу. Падпаўзлі якраз у той момант, калі шафёр адышоў ад
машыны, ды так спрытна накінулі яму мех на галаву, што той
не пікнуў нават. Анучай рот затнулі, рукі звязалі ды пацягнулі
яго ў варонку. Гадзіны дзве парыліся нямецкія салдаты,
выйшлі вясёлыя і задаволеныя. Паселі яны ў кузаў, і
разведчыкі з імі рушылі ў дарогу.
     Так двое хлопцаў даставілі ў тую ноч дваццаць восем
“языкоў” ды яшчэ зброю з машынай. (240 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 685 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: