У прыёмнай сям’і

У прыёмнай сям’і
       Шэрая зайчыха аблюбавала сабе месца ў высокім жыце.
Днём яна ляжала, прыслухоўваючыся да галасоў жаваранкаў,
што срэбрам трымцяць, пераліваюцца на розныя лады ў
глыбокім сінім небе. А ноччу зайчыха абыходзіла свае любімыя
мясцінкі. Больш за ўсё яна бывала на агародзе, які знаходзіўся
на другім баку калгаснай сядзібы. Ды як жа іначай! Жыць
недалёка ад агарода і не паласавацца сакавітай капустай альбо
салодкай морквай?
       У канцы лета ў зайчыхі нарадзілася чацвёра зайчанят,
падобных на шэрыя мяккія ваўняныя клубочкі.
       Аднойчы свежым ранкам зайчыха прачнулася ад
моцнага грукату матора. На яе з дзецьмі насоўвалася вялізная
машына, яна махала, нібы птушка, крыламі, а за ёю было
чыстае зжатае поле. Зайчыху працяў востры страх. Разам з
дзецьмі яна кінулася з усіх чатырох наўцёкі. Адно зайчаня
заблыталася ў густым жыце, і камбайнер злавіў яго.
       Дома васьмігадовая дачка камбайнера Ніна вельмі
ўзрадавалася зайчыку. У гэты момант у пакой увайшла кошка
Мурка. У яе толькі ўчора забралі кацянят і раздалі суседзям.
Ніна ўзяла Мурку на рукі, а бацька паднёс да яе зайчыка.
Мурка з ласкай аднеслася да шэранькага і пачала карміць яго.
       Так зайчык і рос на кошчыным малацэ. У яго быў вясёлы
нораў. Ён такія фокусы вырабляў, што ўсе ў доме са смеху
клаліся. Еў ён капусту, моркву, канюшыну.
       Усё было б добра, але ў гаспадара быў невялічкі шчанюк
Шарык. Аднойчы Шарык добра-такі пацягаў зайца за вушы, і
невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б Ніна не
выручыла яго: яна адабрала перапуджанага шарачка з зубоў
шчаняці, а самога Шарыка пакарала дубцом.
       Кошка не любіла Шарыка і, як толькі ён заходзіў у сенцы,
кідалася на яго і злосна шыпела. Шарык з усіх ног уцякаў за
дзверы. Хутка і заяц навучыўся сяму-таму ў кошкі. Ён яшчэ ля
парога сустракаў Шарыка і пачынаў барабаніць пярэднімі
лапамі па спі́не сабачкі так, што з таго ажно поўсць сыпалася.
З часам шарак перастаў баяцца сабакі. Так і жыў ён далей у
сваёй прыёмнай сям’і. (315 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 158 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: