У родных мясцінах Адама Міцкевіча
Цудоўны і слаўны Наваградак, горад на высокіх узгорках,
які ў далёкія часы быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.
Там, на адным з зялёных узвышшаў, падымаюцца
рамантычныя руіны старажытнага замка. Цёмны сілуэт
разбуранай замкавай сцяны вырысоўваецца на фоне блакітнага
неба, а ўнізе далёка рассцілаецца паэтычны краявід
Наваградчыны.
Гэта былі любімыя мясціны Адама Міцкевіча – вялікага
славянскага паэта. У ваколіцах Наваградка ён нарадзіўся, у
самім горадзе вырас. Многае тут звязана з памяццю пра
вялікага паэта. У доме, дзе вырас паэт, дзе жыла калісьці сям’я
яго бацькі, наваградскага адваката Мікалая Міцкевіча,
створаны літаратурны музей. У ім захоўваюцца многія
асабістыя рэчы паэта, яго рукапісы і першыя выданні твораў.
Побач з руінамі замка знаходзіцца Курган
Бессмяротнасці, насыпаны рукамі наведвальнікаў гэтых мясцін
у памяць пра Адама Міцкевіча. Кожны прыносіў і сыпаў сюды
жменьку зямлі. Так і ўзняўся высокі курган, вакол якога
растуць ліпы і клёны.
Наваградак звязвае з шашой Брэст – Мінск так званая
дарога Адама Міцкевіча. Абапал яе цягнуцца дубовыя і
кляновыя лясы. Між магутных ствалоў высокіх дрэў зіхаціць
сіняя гладзь возера Свіцязь, праслаўленага паэтам у сваіх
творах. Вада ў возеры надзіва чыстая і светлая. Зялёнай сцяной
абступілі возера векавыя дубы. Па яго берагах любіў хадзіць
Адам Міцкевіч. Прыгожае і паэтычнае возера, прыгожыя і
паэтычныя, звязаныя з ім, старажытныя легенды і паданні.
Возеру Свіцязь паэт прысвяціў свае балады “Свіцязь”,
“Рыбка”, “Свіцязянка”. На яго берагах штогод праводзіцца
свята песні. Сюды, на Свіцязь, прыходзяць і прыязджаюць
людзі з бліжэйшых вёсак, гарадоў, суседніх раёнаў. Над
чыстымі водамі возера гучыць музыка. Тут адбываюцца
канцэрты народнай самадзейнасці. ( 250 слоў) |