У жніўні сорак першага

У жніўні сорак першага
      Даспявала патрывожанае лета. У тую ноч за возерам
неспадзявана затрубіў лось. Гэта быў першы выгнаны вайной
лось, які прывандраваў сюды, за Бесядзь, аднекуль з далёкай
Бярозаўскай пушчы.
      Раней ласі лічыліся гаспадарамі сярод звяроў у забесядскіх
лясах. Магутныя, яны блукалі па звыклых сцежках, аб’ядалі
на маладых дрэвах кару. Часам яны пераплывалі Бесядзь, і
тады іх можна было бачыць каля вёсак, разам са свойскай
жывёлай.
      Але наставалі для ласёў дрэнныя часы. У шведскую вайну
абедзве арміі – і шведская, і руская – харчаваліся пераважна
ласіным мясам. Тады забесядскія лясы недалічыліся сахатых.
Вайсковыя каманды палявалі на іх скрозь, здабываючы танна
мяса, за якое не трэба было плаціць ні крэйцара, ні рубля. У
час паўстання Вашчылы таксама шмат загінула гэтых
насельнікаў пушчы. Радзівілавы ўланы ганяліся за ласямі гэтак
жа, як і за паўстанцамі. У тыя гады ў еўрапейскіх краінах
пайшла мода на ласіны – скураныя рэйтузы. Добрыя ласіны
каштавалі вялікія грошы, і ўланы, пільнуючы ў пушчы
паўстанцаў, не забываліся пра ласіныя стаянкі. Для іх гэта быў
выгадны промысел.
       Больш за ўсё пагінула ласёў, калі распрадаваліся землі
Рэчы Паспалітай. Тады мясцовыя паны заманьвалі да сябе
замежных купцоў і прадавалі ім лес. Прагныя купцы высякалі
пушчу не адзін і не два гады. На вызваленых дзялянках пачалі
будавацца сяляне. Паступова чалавек станавіўся гаспадаром
пушчы. Здарылася так, што менш як за дзве сотні гадоў
сахатыя перавяліся за Бесяддзю цалкам. Здавалася, ужо ніколі
сахатыя не вернуцца сюды. І вось у жнівеньскую ноч сорак
першага года зноў тут затрубіў лось. (241 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 212 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: