Урокі жыцця

Урокі жыцця
     Вясною ў цёплым дупле вавёркі Рыжухі нарадзілася
пяцёра маленькіх ваверчанят. Маці, стомленая, але шчаслівая,
шчыравала ля сваіх малых дзетак. Старанна вылізвала ледзь
прыкметную іх поўсць, ласкава туліла кожнага да свайго
схуднелага цела. Быццам цалуючы ці бясконца пералічваючы,
Рыжуха па чарзе дакраналася да дзетак сваім носікам.
     Смачнае матчына малачко, яе цеплыня і пяшчота рабілі
сваю справу. Ваверчаняты хутка ператвараліся з непрывабных
камячкоў у прыгожых рудых звяркоў.
     Хутка настала пара вучыць малых жыццю. У лесе важна
ведаць і ўмець усё: здабываць сабе корм, хаваць яго на зімовы
час, дакладна распазнаваць, што можна есці, а што нельга. Але
галоўнае – прывіць ваверчанятам пачуццё асцярогі, пастаяннай
увагі да навакольнага свету, каб ніякі вораг не застаў іх
знянацку.
     Любая навука звычайна пачынаецца з гульні. Забегае
маці па голлі – заўюцца вясёлым карагодам вакол яе малыя.
Здавалася, Рыжуха забаўляецца. Аж раптам схаваецца ў
густой лістоце. Ваверчаняты разгубяцца, замітусяцца па
вершаліне дрэва. А калі знойдуць маці, радасці няма межаў.
Пасля самі імкнуцца схавацца.
     Паступова Рыжуха ўскладняе гульню. Вясёлую бегатню
раптам абрывае трывожным цакатаннем. Сама хаваецца ў
дупло, дзеці – імгненна за ёй. Рыжуха паўтарае такую
“вучэбную трывогу” і ў час паходу ў бор, і ў арэшніку, і пасярод
чыстай паляны – усюды, дзе падарожнічае даўгахвостая
талака. Усе павінны паспець схавацца. Хто з малых
замітусіцца, разгубіцца, таму матчыных кухталёў ніяк не
пазбегнуць. Яна тады вельмі злуецца і, не шкадуючы, лупцуе
разяву.
     Высока цаніла Рыжуха спрыт сваіх гадаванцаў, бо
моцныя лапкі, імгненная рэакцыя могуць выратаваць ад
небяспекі. Ад гэтага залежыць не толькі сытае жыццё, але і
само існаванне вавёрачак. (248 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 373 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: