Ваверчаня

Ваверчаня
      Аднойчы ў хату зайшоў ляснік. Ён трымаў шапку, у якой
нешта варушылася. “Ваверчанят прынёс, – сказаў ён, –
сіротамі засталіся. Маці ястраб схапіў”.
      Ваверчанятам не было і месяца. Рыжанькія, з чорнымі
бусінкамі вачэй, яны поўзалі па стале, пры гэтым смешна
пішчалі. Толік узяў адно ваверчанё сабе. Піць малако з місачкі
яно адмовілася. Прыйшлося паіць з піпеткі. Для жылля звярку
хлопец выкарыстаў скрынку з-пад абутку.
      Расло ваверчанё не па днях, а па гадзінах. Стала
самастойна піць малако з міскі. Кожны дзень здзіўляла сваімі
паводзінамі. Яго жыццёвая прастора ўжо не абмяжоўвалася
толькі скрынкай. Ваверчанё падарожнічала па ўсім пакоі і на
ўсіх прадметах пакідала сляды вострых кіпцюроў. Але ж ці
можна было крыўдзіцца на яго?
      I вось наступіла вясна. Аднойчы, калі Толік адчыніў
фортку, ваверчанё прашмыгнула ў сад. Спахапіўся ён праз
паўтары гадзіны. Шукаў дома, у садзе, але дарэмна. Ваверчанё
знікла. У двары ў іх стаяла вялікая таполя. Вяршыня яе была
зламана бурай. Буслы змайстравалі там гняздо, а на галінах і ў
дуплах было многа гнёздаў. Ужо днём на гэтай таполі хлопец і
знайшоў ваверчанё. Спачатку ён убачыў, як хваляваліся і
неспакойна крычалі раздражнёныя птушкі. Яны, відавочна, ад
кагосьці абаранялі свае гнёзды. Там, на суку, сядзела
спалоханае ваверчанё. Яно прыціснулася да дрэва. Калі хлопец
дастаў яго, ваверчанё прынікла да яго грудзей і дрыжала ўсім
цельцам.
      Прыйшло лета. Усё цяжэй станавілася ўтрымаць вавёрку
ў кватэры. Таму часта звярка ў клетцы выносілі ў сад. Аднойчы
раніцай убачылі побач другую вавёрку. Хлопец адчыніў клетку.
Ужо праз паўгадзіны шчаслівыя вавёркі ганяліся адна за адной
па дрэвах у садзе. А потым яны зніклі.
      Прайшло больш за год. Стаяў лістапад. Наступілі першыя
замаразкі. Аднойчы дзеці заўважылі на дрэве вавёрку, якая
злосна цокала на птушак. Затым яна спусцілася, дазволіла
ўзяць сябе на рукі. Узрадаваныя дзеці пасадзілі яе ў клетку,
паклалі туды хлеба, цукру, жалудоў. Вавёрка спакойна ела. А
праз дзень яна ўцякла. А Толік падумаў, што гэта былая яго
выхаванка ўспомніла пра свайго гаспадара. (313 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 218 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: