Вераніка

Вераніка
     Дзясяты клас быў гераічны. Усе вучні марылі пра подзвігі
і цвёрда наважылі прысвяціць сябе вайсковай справе. Кожны
раніцай абліваўся халоднай вадой і ўсялякім спосабам развіваў
сваю мускулатуру. Найбольшых поспехаў у гэтым дамогся
Слава Загароўскі. Калі ён у локці згінаў руку, яго мускулы
станавіліся цвёрдымі, як камень. На турніку Слава падцягваўся
чатырнаццаць разоў і на адной, правай, руцэ – пяць разоў. Ён
далей за ўсіх кідаў гранату, хутчэй за ўсіх бегаў. Пад вадой
Слава мог трымацца цэлых сто сем секунд.
     Год назад у клас прыйшла новая вучаніца – Вераніка
Хмялеўская. Такой прыгожай дзяўчыны яшчэ не было ў
школе. У яе ўсё было прыгожае: смуглявы твар, пастава, сінія
вочы, доўгая каса, смех – усё тое, што дадзена чалавеку ад
нараджэння і чаго не купіш ні за якія грошы.
     Калі гэта можна назваць закаханасцю, то ўсе хлопцы не
былі раўнадушнымі да Веранікі. Але дзяўчына не выказвала ні
да кога асаблівай прыхільнасці. Яна аднолькава прыязнай была
з усімі.
     Зусім іншае хутка адчуў клас у адносінах Веранікі да
Славы Загароўскага. Слава ні ў чым не ўступаў Вераніцы. Яму
прырода таксама не пашкадавала ні прыгажосці, ні розуму, ні
сілы. Ён законна лічыўся адным з першых у класе.
     У той год дзясяты клас вытрымаў свае апошнія экзамены,
але атэстаты ім аддалі без ніякай ўрачыстасці. Пачалася вайна.
Усіх хлопцаў на трэці дзень вайны выклікалі ў ваенкамат і
загадалі быць вечарам на станцыі. У купцы дзяўчат стаяла і
Вераніка, маўклівая і, здавалася, нават спалоханая. Дзяўчаты
гаварылі, жадалі хуткай перамогі і звароту дамоў, а яна
маўчала.
     Такой Вераніку запомнілі назаўсёды. Болей яе не
прыйшлося пабачыць. Яе расстралялі фашысты яшчэ ў сорак
другім годзе за тое, што яна друкавала на машынцы лістоўкі.
Тыя шасцёра, хто прыйшоў з вайны і застаўся жывы, помняць
Вераніку. Але двое з іх, мабыць, не толькі помняць яе. У
Малінаўку сяды-тады прыязджае Слава Загароўскі і прыходзіць
на бераг невялічкай рэчкі, дзе пахавана Вераніка. Ён падоўгу
ходзіць там і пра нешта думае.
     Прыходзіць на гэты бераг, калі прыязджае ў Малінаўку, і
другі чалавек – Валерый Самасад. Тады, у дзясятым класе,
ніхто не здагадваўся, што Валерый таксама кахаў Вераніку…
(337 слоў) .

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 143 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: