Віцька-“выдатнік”

Віцька-“выдатнік”
     Віцька – хлопчык худы, маленькі, белагаловы, улетку
крышачку канапаты. Дарослыя думаюць, што ён вельмі
паслухмяны і старанны. Віцька ведае, што яны думаюць
менавіта так. Але ж не будзеш кожнаму тлумачыць, што сябры
паважаюць яго зусім не за гэта. І Віцька звычайна перад
дарослымі робіць выгляд сціплага вучня-выдатніка, які зусім не
любіць лётаць па вуліцах, гуляць у вайну, лазіць па чужыя
яблыкі.
     Але ж выдатніцкі выгляд іншы раз яму вельмі дапамагае.
     Прыходзіць аднойчы цётка Рагозіха да Віцькавай маці,
падазрона паглядае на хлопца, потым строга пытаецца:
     – Ці не цябе я ўгледзела ўчора на маёй чарэшні?
     Можна не адказваць нічога, а сціпла апусціць вочы долу,
потым шырока расплюшчыць іх і паглядзець на цётку доўга і
шчыра. І ніхто нічога не спытае болей. Можа, і бачыла каго-
небудзь Рагозіха на сваёй чарэшні, ды памылілася яна зараз.
     А чарэшня тая ў бяду ўвесці можа вельмі лёгка. Стаіць
яна ў садзе цёткі Рагозіхі, спачатку апененая белай квеценню,
нібы воблака, потым абсыпаная буйнымі жоўтымі і
чырванаватымі ягадамі. Мусіць, ва ўсім пасёлку няма больш
такой спакусы, як гэта дрэва з гладкаю карою, быццам
адшліфаванаю хлапчуковымі каленкамі і жыватамі.
     Браць чарэшню ўначы нельга: ягады не яблыкі,
вобмацкам шмат не набярэш. Надвячоркам у садзе ставіцца
варта, і трое самых адчайных хлопцаў з шапкамі замест
торбачак асцярожна паўзуць да чарэшні, караскаюцца наверх.
Дрыжаць рукі, таропка рвуцца чарэшыны. А потым трэба
ляцець, заціснуўшы ў руцэ шапку са здабычаю.
     – Відаць, Ванька лазіў, – гаворыць Рагозіха. – Злаўлю –
мала яму не будзе!
     І Віцька думае, што трэба хутчэй бегчы да Ванькі і
сказаць, каб не гойсаў перад хатаю Рагозіхі. (252 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 70 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: