Вячэра на паравозе

Вячэра на паравозе
     Станцыя невялікая, таму праца на паравозе пераважна
ўдзень. А калі замігцяць семафоры і месяц абалье рэйкі
сярэбраным святлом, тады ў машыніста Андрэя настае
адпачынак. Стары дастае з куфэрка, што схаваны за тормазам,
шчарбаты чайнік, налівае яго вадою і, калі гараць яшчэ дровы,
прымайстроўвае чайнік ля топкі. Потым старанна выцірае
запэцканыя чорныя рукі, дастае ручнік, пракопчаны кавалак
мыла і ідзе да вадакачкі. Прывёўшы ўсё да парадку, Андрэй
садзіцца на сукаваты чурбак перад топкай і моўчкі чакае
вячэры. Хутка чайнік пачынае выказваць адзнакі непакою:
падскоквае на́крыўка, нос пускае гарачыя пырскі, увесь чайнік
пачынае трымцець, як у той ліхаманцы. Ледзь прыкметная
ўсмешка прабягае па шчаціністым твары Андрэя. Такім жа
манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам. Тут
ужо Андрэй робіцца весялейшым, бо больш работы: трэба
круціць, пераварочваць, бо як не даглядзіш, дык перапячэцца.
     Ад печанага сала па ўсіх лініях разносіцца прыемны пах.
Да таго прыемны, што дзяжурны стрэлачнік, пацягнуўшы
носам, перадумаў ісці дахады, а стаў неяк дужа старанна
праціраць ліхтар. Вось некалькі рамонтных рабочых, якія
летам звычайна начуюць на станцыі, як па камандзе, павялі
насамі і ўтаропіліся ў паравоз.
     У госці да Андрэя збіраецца цэлы гурт моладзі. Ён частуе
хлопцаў. Хутка да кампаніі далучаецца стрэлачнік, заходзіць
на аганёк пуцявы абходчык Антон. Бразнуўшы на зямлю торбу
з інструментамі, ён лезе на прыступкі і кажа: “Дзень добры”.
     Андрэй корпаецца ў топцы, дастае вугаль, кідае яго з
далоні на далонь, здзьмухваючы попел.
     А за паравозам стаіць ціхая ноч і мігцяць пад месяцам
рэйкі-стужкі. (241 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 87 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: