Воўчае логава

Воўчае логава
     Васіль добра ведаў грыбныя мясціны, што знаходзяцца ў
самых патаемных кутках векавога лесу. Аднойчы, блукаючы ў
такіх мясцінах, багатых на крамяныя баравікі ды рыжыкі,
Васіль неяк нечакана напароўся на воўчае логава.
     Логава мясцілася ў прасторнай яме пад яловым
вываратнем. Недалёка ад яго працякала невялікая лясная
рэчка. Трэба сказаць, якое б месца ні выбрала сабе ваўчыца пад
момант шчанення, паблізу абавязкова павінен быць які-небудзь
вадаём: возера, сажалка, крыніца ці балота. З бакоў воўчае
логава акружалі дзве глыбокія лагчыны, зарослыя
непралазнымі кустамі шыпшыны, якая перапляталася з
вялізнай крапівою. Хто сюды зможа прабрацца, нават калі
выпадкова трапіць у гэту таемную лясную глыбіню?
     Па ўсім было відаць, што ваўкі-бацькі былі вопытныя і
вельмі ўдала маскіравалі сваё месцазнаходжанне. Толькі ля
самага логава на вільготнай голай зямлі можна было
разгледзець адбіткі іх лап.
Васіль ледзь не прайшоў міма воўчага логава. Але ў тым і
быў яго характар, што, збіраючы грыбы, ён заўсёды заходзіў у
самую лясную гушчэчу, абследаваў кожны равок, не прапускаў
ніводнай лагчынкі.
     Васіль адразу вызначыў, што логава менавіта воўчае, а не
лісінае, бо часта яны вельмі падобныя, як падобныя шчаняты
лісіцы і ваўка.
     Шкуркі ваўчанят былі пакрыты цёмна-шэрымі валаскамі і
светлым пухам. Уздоўж хрыбетніка красавалася доўгая чорная
паласа. Нібы маятнікі, пагойдваліся завостраныя чорныя
вушкі. Маленькія ваўчаняты выклікалі ў чалавека жаль і
спачуванне. Не верылася, што ў хуткім часе яны вырастуць у
дужых драпежнікаў і стануць страшэннай пагрозай для
людзей.
     Дарослыя ваўкі, на шчасце, былі дзесьці на паляванні. І
Васіль хуценька пакінуў гэта небяспечнае месца. (242 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 352 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: