Выратаваная буслянка

Выратаваная буслянка
      Калі бой за сялом сціх і фашысты, хто з іх выжыў, уцяклі,
вясковыя людзі і байцы ўбачылі: гарыць старая высокая ліпа.
На вяршыні дрэва прыляпілася буслянка. Бусляняты
бездапаможна высоўваліся з гнязда, махалі крыламі. А над імі
кружылі, то кідаючыся ўніз да гнязда, то ўзвіваючыся ўвысь ад
полымя, ашалелыя ад роспачы бацькі-буслы. Палалі навокал
вясковыя хаты. Яшчэ можна было выхапіць з агню, хоць які
застаўся, вясковы скарб, але людзі пра бяду сваю забылі, а
бачылі толькі гэту ў бурным полымі ліпу.
      Усе да аднаго без ніякай каманды ці загаду кінуліся
ратаваць безабаронных птушыных дзяцей. Усе: і дарослыя, і
дзеці -- хто як мог, у чым толькі маглі, неслі ваду. Хутка
пажарная трывога была скончана. Ліпа хоць і стала чорная,
абвугленая, але бусляняты засталіся цэлыя. І буслы, не
зважаючы на тое, што побач трашчыць і шугае полымя (яшчэ
гарэлі хаты), кінуліся на сваё гняздо да дзяцей. Яны
распасціралі свае шырокія крылы і абмахвалі імі буслянят,
асцярожна дзюбамі прабавалі, ці здаровенькія яны. Мусіць,
упэўніўшыся ў тым, што з іх дзеткамі ўсё добра, сталі ўзносіць
хвалу людзям. Высока ўскінуўшы галовы, заліваліся клёкатам,
то меладычна-журботным, то ўрачыста-шчымлівым. Нібы
спявалі працяглую песню добрым людзям за абарону і ласку.
      Людзі збіліся ў адзін гурт і, задаволеныя сабой, з радасцю
глядзелі на буслоў. Гэта быў адзін з тых шчаслівых момантаў,
калі пачуццё любасці да жыцця ўзвышае душы людзей, робіць
іх больш адкрытымі, чыстымі і асветленымі, калі адчуваецца
благаславенне на новую мужнасць у імя ўсяго жывога на зямлі.
(241 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 1895 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: