Выратаванне ластаўкі
Была нядзеля. Вырашылі дзед з Арцёмкам паехаць да
возера.
Пад’язджаючы да азярца, Арцёмка і дзядуля яшчэ здалёк
убачылі, што там адбывалася нешта незвычайнае. Вялікая
чарада ластавак кружыла на адным месцы і шумна, трывожна
крычала.
Аказалася, птушкі кружылі не над вадаёмам, а над
вялікай чорнай лужынай смалы. Бедная птушка завязла
кіпцікамі ў смале, біла адчайна крыламі, стараючыся вырвацца
з гібельнага палону, але гэта ёй не ўдавалася.
На шчасце, паблізу ляжала шырокая дошка. Дзед Жэня
падняў яе і адным канцом паклаў на смаляную лужыну, бліжэй
да птушкі. Хуценька, пакуль дошку не засмактала, падышоў
да ластаўкі і асцярожна, каб не пашкодзіць лапкі, вызваліў яе
са смалы. Худзенькае цельца птушкі дробна дрыжэла ад
перажытага страху.
Ластаўка ў цёплых дзядулевых далонях паціху
супакойвалася. Але ж адпускаць яе пакуль нельга: на лапках
наліплі камякі смалы́.
Пачалі выціраць смалу́ сурвэткай. Ластаўка зноў
устрывожылася, затузалася: відаць, ёй было балюча. Тады дзед
Жэня і Арцёмка сталі сваім дыханнем грэць смалу, каб яна
лягчэй выціралася з лапак. I гэта ім, здаецца, удалося, бо
птушка зноў супакоілася.
– Ну вось і ўсё, – з палёгкай сказаў дзядуля, прыдзірліва
аглядаючы сцішаную ластаўку. – Канечне, добра было б яе
лапкі прамыць яшчэ бензінам, але, думаю, рэшткі гэтай смалы
не будуць перашкодай.
Дзед Жэня выцягнуў руку перад сабою і раскрыў далонь:
– Ну што, гаротніца, ляці!
Ластаўка нейкае імгненне яшчэ пасядзела на далоні, нібы
не верачы сваёй волі, а потым узмахнула крыламі і рэзка
набрала вышыню.
Чарада птушак, якія ўвесь гэты час устрывожана кружылі
над імі, радасна кінулася следам за выратаванай ластаўкай.
(246 слоў) |