Загоеная рана

Загоеная рана
     Рачулка пачыналася з крыніцы ў лесе і заканчвалася
лясным возерам. Гэта месца аблюбавалі сабе качкі. Яны
сяліліся каля возера ў кустах чародамі.
     У тую восеньскую раніцу Васілёк з Алёшам спыніліся тут
вудзіць рыбу. Над возерам чародамі праносіліся качкі.
Нечакана грымнулі адзін за другім стрэлы. Хлопцы ўбачылі, як
качар, што вёў чараду, нахіліўся на бок і пачаў зніжацца над
возерам, потым упаў у ваду. “Гэта ж трэба! Важака забілі”, – з
абурэннем сказаў Васілёк. “Як жа яны цяпер будуць без
правадніка?” – паспачуваў Алёша. Ка́чар паспрабаваў
узляцець. Ён нават падняўся ў паветра, але зноў упаў у ваду,
паплыў да берага і схаваўся ў лазняку.
     Насталі замаразкі. Хлопцы часта хадзілі да возера, насілі
ка́чару ежу. Яны ўважліва аглядалі кусты, але саму птушку ні
разу так і не ўбачылі. Адыходзячы з возера, хлопчыкі заўсёды
пакідалі на беразе дробную рыбу, хлеб, а калі прыходзілі
назаўтра, то ні рыбы, ні хлеба не было.
     Мінуў яшчэ тыдзень. У паветры закружыўся снег. Калі
хлопцы прыйшлі на возера, то ўбачылі, што з кустоў ка́чар
пратаптаў на снезе сцежку да вады. Але колькі хлопчыкі ні
клікалі падбітага дзікуна, ён не выйшаў да іх. Яны паклалі каля
сцежкі кавалкі хлеба. Удзень качар з’ядаў смачны абед, а
ўвечары і раніцай плаваў у глыбокай яміне, якая не замярзала
ўсю зіму, бо там білі крыніцы. Зімоўшчык прывыкаў да
хлопчыкаў і да свайго імя. Калі Васілёк з Алёшам прыходзілі і
пачыналі клікаць: «Максімка!», ка́чар па голасе пазнаваў сваіх
сяброў і выходзіў з гушчару. Аднак трымаўся на адлегласці.
     Блізілася вясна. 3 кожным днём станавілася ўсё цяплей.
Птушкі вярталіся да сваіх гнёздаў. Калі паводка спала,
хлопчыкі пайшлі на возера, каб пабачыць качара. Каля вады
яны гукнулі на ўвесь голас: “Мак-сім-ка!”
     З кустоў узнялася невялікая чародка качак. Ад іх
аддзяліўся Максімка. Ён зрабіў над возерам некалькі кругоў і
сеў на ваду каля берага. Хлопцы ўзрадаваліся. Ка́чар выйшаў з
вады. Васілёк паклаў перад ім лусту хлеба. Максімка еў не
спяшаючыся. Пасля абеду ён крыкнуў некалькі разоў і паплыў
на сярэдзіну возера. Качар часта спыняўся, паглядаў на бераг,
то ўзнімаў, то апускаў галаву, нібы дзякаваў хлопчыкам за іх
клопаты. (340 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 153 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: