Зайка-плывец

Зайка-плывец
     Бацька з сямігадовым сынам ішлі сцежкай да Буга.
Раптам побач, збоку ад іх, пачуўся лёгкі тупат. Першым
павярнуўся хлопчык.
     – Заяц! Заяц! – крыкнуў ён і паказаў рукою. Сапраўды,
невядома адкуль выскачыў на сцежку заяц. Заўважылі яго і
іншыя дзеці, з крыкамі і галёканнем бегучы да нас. Тым часам
зайка пасля імгненнай замінкі кінуўся да ракі. Іншыя кірункі
яму, відаць, не спадабаліся: справа і злева былі людзі.
Здавалася, што заяц рачным берагам скіруе на прастор. Але ў
галаве шэрага выспеў іншы, больш рашучы і рызыкоўны намер
– ён скочыў у раку.
     І малыя, і дзеці адразу захваляваліся, загаманілі,
перажываючы, што заяц вось-вось патоне. Але над вадой
тырчала маленькая галава з вялізнымі, закінутымі назад
вушамі. Плысці смельчаку было цяжка: там, дзе Мухавец
зліваецца з Бугам, вада даволі хуткая. І як ні стараўся звярок,
яго ўвесь час адносіла ўбок. А калі ён наблізіўся да запаветнага
берага, адбылася такая нечаканасць: на тым беразе, пад
навіссю густога вербалозу, яго, адважнага плыўца, чакаў
пагранічнік, які сышоў з моста да вады.
     Павярнуць назад зайка не асмеліўся, відаць, разумеючы,
што не хопіць ужо сілы. Ды і як яму ведаць, ці не чакае яго і
на другім беразе тое самае. Звярок спрабаваў скіраваць
направа, налева, але, знясілены, трапіў урэшце ў рукі
пагранічніка.
     Салдат узяў зайца за вушы і панёс паказаць сваім
паплечнікам, вайскоўцам. Людзі на другім беразе, якія чакалі,
чым жа гэта прыгода скончыцца, захваляваліся, перажываючы
за лёс зайкі.
     Аднак пагранічнік, пажартаваўшы з саслужыўцамі,
паставіў зайца на зямлю і, прытрымліваючы за вушы, пагладзіў
яго, а потым адпусціў на волю.
     Натоўп з палёгкай уздыхнуў. А заяц ад радасці, што за
свае дзівацтвы не паплаціўся жыццём, хутка знік за кустамі
вербалозу. (266 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 173 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: