Завіруха

Завіруха
     Пад вечар таго ж дня, ужо на змярканні, стаў
пашумліваць вецер. Паплыў дробненькі, гусценькі сняжок.
Бялявыя зімовыя хмары нізка навіслі над змярцвелаю зямлёю.
Вецер крапчэў. І неба, і зямля зліліся ў суцэльным віхры
снежнага пылу і цемрадзі. Разгулялася завіруха. На ўсе галасы
гула за вокнамі бязладная музыка. І трэба было моцна
ўслухоўвацца ў яе, каб адрозніць паасобныя гукі, з якіх яна
складалася. Аголеныя дрэвы шумелі глуха, надрыўна. Званар-
вецер біў языкамі званоў аб іх край, і гэты звон, здавалася,
падаваў вестку пра нейкую бяду, пра нейкае вялікае гора. Бура
налятала парывамі, як дзікі звер, які вырваўся на волю з
жалезнай клеткі, усім цяжарам налягла на стрэхі будынін, з
шумам ганяючы па іх патокі снегу. Пад яе напорам глуха
стагналі сцены. А за вугламі хат, у цесных завулках стаяў свіст
і галёканне, нібы нехта магутны, страшны і няўмольны ішоў па
зямлі і прыводзіў у рух усе яе струны. А якую жаласную песню
выводзіў комін! У тон гэтай песні барабанілі юшкі3, зрываючыся
са свайго месца, а няшчыльна прыладжаныя дзверцы каля іх
далучалі свае многагалосыя свісты. Нешта жудаснае, жалобнае
чулася ў гэтай песні.
     Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. Здавалася, не
будзе канца яе лютай сіле, яе злоснаму завыванню. На вуліцы,
як і раней, мітусіўся снег. Яго белая заслона закрывала будынкі
і дрэвы. Навокал усё гуло, трэслася, выла, скуголіла.
      Пад вечар завея сціхла. Нізкія воблакі, шчодра
пасыпаўшы снегам зямлю, падняліся вышэй. На вуліцы
пасвятлела, хоць ужо надыходзіў вечар. І толькі цяпер перад
вачамі раскрываўся малюнак таго, што натварыла завіруха. На
вуліцы, у дварах каля будынкаў і ўздоўж платоў ляжалі горы
снегу з самымі вычварнымі паветкамі і карнізамі, якіх не
патрапіць вылепіць самы здольны скульптар. (272 словы)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (23.11.2023)
Просмотров: 374 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: