Жыве на свеце Шчасце

Жыве на свеце Шчасце
      Жыве на свеце Шчасце. У якім месцы? Невядома. Але
што ёсць яно – ведаюць усе. Кажуць, што прыходзіць Шчасце
абавязкова да кожнага, хоць аднойчы ў жыцці.
      Села Шчасце на ўскраек акенца маленькай шэрай
птушкай. Крылы склала, чакала, пакуль нехта прыйдзе. Шмат
часу прайшло, так яго і не заўважыў ніхто. Далей паляцела.
      Да іншых завітала, пагукала. Падышлі да яе, запыталіся:
“Што трэба?” “Шчасце я”, – адказала ледзь чутна. “Хіба ты
можаш быць Шчасцем? – здзівіліся. – Шчасце вялікае,
бліскучае – яго здалёк бачна. А ты маленькае, непрыкметнае.
Ляці, куды хочаш!”
      Узнялося Шчасце ў неба і паляцела далей. У іншым
акенцы святло ўбачыла, зазірнула: “Можа, вам Шчасце
патрэбна?” Там доўга думалі, разважалі, куды яго падзець, ці
патрэбна яно. “Прабач, не да цябе зараз, клопатаў незлічона.
Ляці далей!” – і зачынілі акенца. Паляцела Шчасце далей.
      Доўга лятала. “Няўжо я так нікому і не патрэбна?” –
думае. Спынілася вадзіцы папіць з крынічкі. У ваду паглядзела
– сябе ўбачыла. “Хіба хто гэткае маленькае заўважыць?” –
уздыхнула і зноў паляцела.
      Села на ўскраек акенца маленькай шэрай птушкай.
Крылы склала. Толькі разочак гукнула ціхенька. Стамілася,
вочы прыжмурыла.
      Цёплымі далонямі асцярожна пагладзілі яе. “Чаго ты,
Шчасцейка, засумавала?” – спыталі. Расплюшчыла Шчасце
вочы, усміхнулася радасна: “Як вы мяне пазналі? Я ж з
выгляду – непрыкметнае”. У адказ пачула: “Дзякуй, што
завітала. Як жа цябе не пазнаць? Сапраўднае заўсёды бачна. А
тое, што яркіх фарбаў ды бляску няма, дык навошта Шчасце
ўпрыгожваць?”
      Засмяялася Шчасце! Званочкамі срэбранымі заспявала.
Расхінула крылы над тымі, хто яго пазнаў.
      Доўга гасцявала Шчасцейка, але трэба зноў у дарогу –
столькі яшчэ акенцаў наперадзе. Пакінула часцінку свайго
сэрца россыпам Кахання, Дабрыні, Пяшчоты. Колерамі
вясёлкавымі ззяюць яны ў душах і цяпер. Светла ад іх, таму і
берагуць. (271 слова)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 143 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: