Зубры

Зубры
      У той халодны лістападаўскі дзень сям’я зуброў не
прыйшла да кармушак. Гэта вельмі ўстрывожыла
даглядчыкаў. Сяргей Фёдаравіч доўга гукаў зуброў і звонка
стукаў у парожняе вядро.
      Звычайна пасля такога запрашэння на абед да кармушак
з усяе сілы беглі зубры. Але мінула больш за гадзіну, а зуброў
усё не было. Нарэшце на палянку выйшла чарада зуброў.
Толькі чамусьці іх было менш, чым заўсёды. Наперадзе ішоў
Пум, высокі, гарбаты, з шырокім каркам.
      Зубры падышлі да кармушак, ухапілі крыху корму і
заспяшаліся назад у лес. Сяргей Фёдаравіч непрыкметна ішоў
за імі. На невялічкай палянцы, у кустах, наглядчык убачыў
зуброў, якія цесным колам стаялі вакол нованароджанага
зубраняці. Яны дыхалі на малога, баючыся, каб ён не змёрз.
Пум стаяў побач з зубранём і адганяў тых, хто хацеў
дакрануцца да малога.
      Назаўтра раніцай зубры зноў спазніліся на падкормку. Але
хутка з лесу паказалася чарада лясных волатаў. Наперадзе, як
заўсёды, Пум, за ім ішло маленькае зубраня. Маці ласкава
падштурхоўвала яго. Астатнія зубры ішлі следам.
      Зубраня расло, дужэла, на лбе прарэзаліся рожкі —
надзейная і грозная зброя зуброў.
      Пум пачаў вучыць малога здабываць сабе ежу. Стары зубр
навальваўся ўсім целам на граб або рабіну, прыгінаў дрэва да
зямлі і трымаў яго пад сабою, а зубраня аб'ядала галінкі.
      Зубраня было вельмі вясёлае, жвавае і любіла забаўляцца
з Пумам. Калі малы заўзята пачынае наступаць, Пум
адыходзіць, нібы паддаецца, і нарэшце кідаецца наўцёкі. Тады
зубраня радасна бяжыць за ім, каб дагнаць.
      Аднойчы Сяргей Фёдаравіч выйшаў з зуброўніка, і тут
малы раптам наляцеў на яго і стукнуў ілбом так, што
даглядчык бухнуўся ў снег.
      «Ну і ну»,— падумаў Сяргей Фёдаравіч і хацеў падняцца
на ногі. Але зубраня зноў падбегла да яго і нагнула галаву для
новага ўдару. Яно шалела ад радасці, адчуўшы сябе
пераможцам.
      Ды тут Сяргей Фёдаравіч злаўчыўся, схапіў яго другой
рукою за правую нагу крыху вышэй капыта, а другой рукою
— за рожкі і зваліў на снег.
      Зубраня не чакала гэтага. Яно хуценька ўсхапілася на
пругкія ногі і здзіўлена пазірала на даглядчыка. Малое, відаць,
адчула сілу і спрыт чалавека. (328 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 566 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: