Зубрыная сцежка

Зубрыная сцежка
      Партызаны, знясіленыя цяжкім боем, вярталіся з
задання. Яны ціха прабіраліся па балоце, намацваючы нагамі
больш цвёрдыя мясціны. Камандзір ведаў, што сярод
бяскрайніх балот ёсць невялікія сухія выспы, якія могуць стаць
месцам прытулку. Нарэшце яны выбраліся на цвёрдую зямлю
і размясціліся ў ельніку. Расклалі агонь, сагрэліся.
      І раптам падбег днявальны і гукнуў на ўсю моц: "Хлопцы
ўставайце, зубр у ельніку!" Партызаны кінуліся туды, куды
паказваў днявальны. У гушчары стаяў вялізны зубр. Адзін з
партызан узяў зубра на прыцэл. Засталося толькі націснуць на
спускавы кручок. Але ў той жа момант сусед ударыў таварыша
пад руку. Аўтаматная чарга разанула па дрэвах. Зубр раптам
пругка падскочыў, прыгнуў шыю і панёсся па лесе. Партызаны
разышліся, абмяркоўваючы падзею.
      Асцярожна камандзір пайшоў па слядах зубра. Яны вялі
ў балота. Камандзір пераканаўся, што ў гэтым месцы глеба
цвёрдая і з выспы па зубрынай сцежцы можна лёгка выбрацца
ў пушчу.
      Раптам з-за лесу вынырнуў самалёт з чорнымі крыжамі,
пакруціўся над выспай. Партызаны ведалі, што калі немцы
выявілі іх, то не дадуць спакою. І атрад рушыў у паход. Па
купінах партызаны перайшлі балота, нават не замачыўшы ног.
Вось і пушча. Усе з палёгкай уздыхнулі. У гэты час пачуўся
гул самалётаў: цяжкія бамбардзіроўшчыкі пачалі бамбіць
вы́спу. Дрыжала зямля, стагнаў стары лес. Калі самалёты
паляцелі, партызаны яшчэ некалькі хвілін ляжалі на зямлі.
Потым нехта сказаў: “У добры час выбраліся з выспы, – і
запытаў у камандзіра: – А хто вам падказаў сцежку праз
балота?” З усмешкай камандзір адказаў: “Зубр, хто ж яшчэ!”
(240 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 142 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: