Званы Хатыні

Званы Хатыні
      Сумна і разам з тым велічна днём і ноччу, у вецер і
непагоду разносіцца над Белай Руссю звон Хатыні. Бясконцы
людскі паток. Моўчкі стаяць людзі ля вянка памяці,
пакладзенага на месца пахавання попелу хатынцаў. Моўчкі
чытаюць яны зварот мёртвых да жывых – чорныя словы на
мармуры: “Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму
нашу, і вас дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба
да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб
змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі, каб нідзе і ніколі
ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала!”
      З дня адкрыцця мемарыяла тысячы людзей пабывалі ў
Хатыні, але людскі паток да гэтага свяшчэннага месца не
спыняецца ніколі. Сюды ідуць тыя, хто быў асуджаны
нямецкім фашызмам на смерць, але наперакор усяму
нарадзіўся і жыве. Сюды прыязджаюць многія людзі з Захаду і
Усходу, якім вельмі хочацца зразумець, чаму мы не толькі
выстаялі, але і перамаглі ў гэтай вайне.
      Мемарыяльны комплекс “Хатынь” захоўвае для
чалавецтва назву кожнай спаленай беларускай вёскі, кожны
мёртвы хатынскі двор, кожнае імя хатынца.
      Хатынь жыве не толькі ў народнай памяці, але і
штодзённых справах беларускага народа. Аб ёй пішуць у
газетах, здымаюцца фільмы, складаюцца вершы і паэмы.
Хатынь дае чалавецтву просты, як ісціна, і вечна мудры ўрок
пільнасці. Чалавецтва павінна памятаць аб смяртэльнай
пагрозе, якой яно пазбегла ў недалёкім мінулым, і штодзённа
клапаціцца пра будучыню. На зямлі, на жаль, ніколі не было
недахопу ва ўладарных авантурыстах, заўсёды спелі на ёй
цёмныя сілы агрэсіі, ахвочыя пажывіцца за кошт міралюбства
іншых. У наш жорсткі час недастаткова любіць мір – трэба
ўмець яго абараняць. (259 слоў)

Категория: Зборнік пераказаў | Добавил: Admin (24.11.2023)
Просмотров: 1775 | Рейтинг: 4.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: