Страницы: « 1 2 ... 15 16 17 18 19 ... 34 35 »


Чым пахне зямля?

Чым жа ўсё-такі пахне зямля? Калі яе, толькі што перавер-нутую, халаднаватую яшчэ, возьмеш у руку, разатрэш у жмені, здаецца, у ёй і паху асаблівага няма. Зямля як зямля. Чорная, бурая, белаватая ці жаўтлявая. I пахне яна толькі зямлёю. А з яе, аплодненаю працаю, нараджаюцца ўсе пахі, якія толькі засвед-чылі, а можа, яшчэ і не змаглі засведчыць нават такія даскана-лыя органы нюху, якімі ўзрадавала прырода звяроў і чалавека. Бо і пах агню, раскладзенага на ўзлеску ці ў полі, і пах свежага хлеба, які наганяе голад нават на сытага чалавека, і пах антона-вак — усё гэта ад зямлі. I яна, зямля, ніколі не паўтараючыся, дае свой адменны пах кожнай кветачцы, кожнай расліне, кож-най ягадзе, хоць усе яны, калі ўважліва ўдумацца, пахнуць толькі зямлёю. Ды яшчэ, можа, сонцам, небам, ветрам і ўсімі чатырма порамі года.


Тэксты дыктантаў | Просмотров: 512 | Комментарии (0)


Нёман

Стаяла ціхая празрыстая пара восені. Яшчэ стракаталі коні-кі, там-сям чуўся пах завялых траў. Крыху пазней рэдкія клёны ды бярозкі, якія сіратліва адваявалі ў соснаў і сабе месца пад сонцам побач з імі, нібы згаварыўшыся, забяруць усю ўвагу ча-лавека на сябе. Зеляніна хвояў ды соснаў не можа супернічаць з кідкім цёмна-малінавым і ярка-пунсовым лісцем клёнаў, бя-розак, асін. Нёман супакойваўся, як бы набіраўся сілы, каб су-працьстаяць вятрам, якія набягалі сюды з лагчыны ў канцы лістапада. Рыба дагульвала на волі, яшчэ не шукаючы глыбокіх ям, карчоў, каб забіцца ў іх на зіму. Нос лодкі рэзаў ваду ціха, плаўна. Вада яшчэ не скоўвала рукі холадам, а толькі прыемнапякуча абдавала лёгкім халадком, як апякае марожанае губы.
У цёплы дзень людзі выходзілі на бераг паглядзець на ваду, пагрэцца. Як бы сама прырода і бацька-Нёман вызвалялі людзей ад нядобрых дум, зайздрасці і далучалі іх да спакою і любові.

Тэксты дыктантаў | Просмотров: 449 | Комментарии (0)


Крыничка

Магчыма, вы і не паверыце, што гэта ўсё праўда. Але ці так яно было, ці не так — спрачацца не буду. Скажу проста: гэтая крынічка, напэўна, частавала сваёю вадою яшчэ нашых дзя-доў. Яе вада — найчысцейшыя слёзы веснавых хмарак, што ад узнікнення свету ходзяць над зямлёю такімі прыгожымі чарод-камі. Яе беражкі — аксамітныя межы, з-пад гэтых аксамітаў ззяе золата жоўтых пяскоў.
А тыя землі, што ляжалі побач! Колькі хараства, колькі му-драга задумення было ў іх!
Не дзіва, што тут, каля крынічкі, кіпела жыццё, бо кожнаму хацелася стаць бліжэй да вады, каб палюбавацца на сваё ўласнае хараство ў яе люстры, як гэта рабілі прыгожыя краскі. Другім хацелася паслухаць цікавую музыку, якую склалі дробненькія хвалі, скачучы з каменьчыка на каменьчык. Трэція блукалі тут, каб крыху адпачыць у прахалодзе бліскучых хваль, чацвёртыя проста гарнуліся да іншых.

Тэксты дыктантаў | Просмотров: 484 | Комментарии (0)


Алень скiдае рогi (Алень скидае роги)

Алень выбіўся на сонечны астравок, пастаяў, самотны, ля маладой бярэзіны і злосна выцяў яе рогам. Потым яшчэ раз, яшчэ. Звонкі ляскат прабег па пушчы. Алень замёр, прыслухаў-ся і, перакананы, што яго ніхто не бачыць, што ён на адзіноце з аблюбаванай бярэзінай, прыняўся старанна пілаваць рогам белы ствол. Пілаваў спачатку нетаропка, але паступова захап-ляўся новай работай. Стаміўшыся, супакойваўся, а потым зноў пачынаў ваяваць з бярэзінай, зноў распальваўся. I вось рог адваліўся ад галавы. Алень зажмурыўся, нібы ў вачах пацямнела, неяк набок схіліў галаву, няўклюдную і смешную пад адным рогам. Ён сумна глядзеў на закарэлы адламаны сук, усё роўна як на чужы, цікаўна вадзіў па ім мысаю, абнюхваў. Цэлы год насіў і не бачыў, што носіць. Падзівіўшыся, зноў павольна ўзняў галаву, уставіўся на бярэзіну, на тое месца, дзе з-пад кары плылі мутныя белыя слёзы.


Тэксты дыктантаў | Просмотров: 441 | Комментарии (0)


На беразе ракi (На беразе раки)

Хлопцы ляжалі на беразе ракі, на пясчанай касе. Грэлі спіны на стомленым ласкавым сонцы. Слухалі, як ззаду ціха плеш-чацца і журчыць вада, а наперадзе, на адхоне, шалясціць лаз-няк. Вецер сціхаў, і ўсё сціхала, лагаднела, утаймоўвалася: вада і лес, птушкі і чалавечыя страсці1. Нават ластаўкі, што гняз-дзіліся ў абрыве, лёталі без заўсёднай сваёй трывогі. Хлопцы займаліся адным: ляніва падграбалі пад сябе цёплы, вымыты ракой да белізньі пясок і сачылі, як у чыстым небе над лугам плавае коршак. Гэтак жа ляніва і спакойна, не палюе, а адпа-чывае. Калі коршак раптам куляй упаў уніз, у кусты, яны хутка апусцілі галовы на рукі і праз сухі пясок удыхалі вільготныя пахі ракі. Пасля іх увагу прыцягнула маленькая, у залатой ма-нішцы і блакітным фартушку птушачка. Яна села за паўкроку ад Косцевай галавы і, віхляючы зялёным хвосцікам, праскакала міма ўсіх, як бы правярала, ці жывыя гэтыя нерухомыя людзі.


Тэксты дыктантаў | Просмотров: 826 | Комментарии (0)


Вясновы неспакой

Вясна заўсёды нясе з сабой светлую, крылатую волю малым. Шчыруе сонца, на дварэ цяплынь. Нават калі ногі прамочыш — пе страшна. Вясна!
Дзеці вясной, бы птушкі, распростваюць крылы, зрываюцца з седалаў і цэлы дзень гатовы тырчаць дзе-небудзь на загуменні, ля бруістых раўчукоў.
Я таксама жыў вясновымі радасцямі. Як толькі прачынаўся, выпіваў конаўку малака і бег да ручаін, глядзеў, як многа вады сышло за ноч і ці трымаюць яе мае загароды.
Неўзабаве пачаліся канікулы. Жэнік, мой старэйшы брат, я і Бронік, сябра наш, прападалі на загуменні. Нязменнай на-шай гульнёй была «вайна». Але пасля кінафільма «Прыгоды Робіна Гуда» мы захапіліся стральбой з лука. Жэнік выстругаў з сасновай адшчэпіны доўгую стралу, загнаў у яе цвічок, каб вастрэйшая была. Маёй стралой быў звычайны лазовы пруток з уздзетай на самы кончык выплаўленай куляй. Мы ўяўлялі сябе сапраўднымі воінамі.

Тэксты дыктантаў | Просмотров: 375 | Комментарии (0)


Белыя вишнi i яблынi (Белыя вишни и яблыни)

Шчодра цвіў гэтай вясною сад. Спачатку вішні і грушы, по-тым — яблыні. Была пара, калі ўсе дрэвы стаялі, як белыя, ружаватыя воблакі. Млелі пяшчотныя, цудоўныя пахі. Пахі гэтыя поўнілі сад і вуліцу. Уся зямля, здавалася, была поўная квецені, пахаў.
Сад звінеў пчоламі. Звон быў як бы песняй цвіцення. Было падобна, быццам гэта дзівоснае цвіценне звінела, спявала, сла-віла. Было падобна, што вясна не магла задаволіцца толькі красой колеру, нават хараством пахаў, не магла не звінець, не спяваць.
Потым бела было на зямлі. Спачатку пад вішнямі, пад гру-шамі, потым — пад яблынямі. Спачатку было бела, потым стала руда, іржава, потым нічога не было. Краса квецені жыла ўспа-мінам, шкадаваннем, што ўсё хутка мінулася.
Тады на змену той красе прыйшла стрыманая, сталая, як бы цвярозая. Завязаліся, пачалі расці, налівацца вішні, грушы, яблыкі. Не было ўжо бесклапотнасці, але была надзея, таксама цвярозая, пэўная.

Тэксты дыктантаў | Просмотров: 585 | Комментарии (0)


Круты бераг ракi (Круты бераг раки)

Звычайна ён прыходзіў сюды на захадзе сонца, калі міналася спёка і каля ракі на яе крутых, зарослых хмызняком берагах пачынала цягнуць прахалодай. Надвячоркам сціхаў вецер, на-ставаў час начной рыбалкі. Прыезджыя з горада рыбакі таропка растыкалі па камяністых водмелях кароценькія вудзільны до-нак і тут жа, кінуўшы на траву якую адзежыну, рыхтаваліся скаратаць на ёй нядоўгую ліпеньскую ноч.
Пятровіч выходзіў з травяністага ляснога раўка, які быў не-далёка ад прырэчнай вёскі, садзіўся на краі камяністага, амаль навіслага над вадой абрыву. Яго тут многія ведалі і зводдаль жартоўна гукалі, задаючы пустыя, неабавязковыя для адказу пытанні. Заняты сабой, ён болей маўчаў, не дужа ахвотна ішоў да людзей, відавочна, шануючы адзіноту на сваім улюбёным, нязручным для рыбалкі, заваленым камянямі абрыве. 3 гэтага абрыву адкрываўся, аднак, шырокі пагляд на ўвесь бераг, ужо ахінуты вечаровым прыцемкам, плаўную паваротку ракі з па-рожыстым перакатам пасярэдзіне і высокай аркай чыгуначнага моста воддаль.

Тэксты дыктантаў | Просмотров: 359 | Комментарии (0)


Шумяць каштаны

За акном шумяць каштаны. Белыя суквецці іх, падобныя да свечак-пірамід, адгарэлі яшчэ ў маі. I зараз, нібы зялёныя пальчаткі, лісце хавае маленькія, у калючай зялёнай шкарлу-піне, крўглыя і дробныя, быццам няспелыя яблыкі, каштаны. Увосень, калі сухім залатым дажджом асыпаецца лета, каш-таны выспеюць і пачнуць ападаць. Яны нечакана зрываюцца з галін, з трэскам разрываючы кволае рыжае шкарлупінне і ля-скочучы па асфальце, доўга коцяцца па ім. Бліскучыя, карыч-невыя, нібы круглыя шакаладныя цукеркі.
Гавораць, што такія восеньскія каштаны, калі іх пакладзеш у кішэню, прыносяць добры настрой і адчуванне шчасця. Вера не асабліва прыслухоўвалася да гэтага, але чамусьці рукі самі цягнуліся да каштанаў. Яна клала іх у сумку, і яны ляжалі там, чакаючы другой восені, высыхалі, браліся сухімі зморшчынка-мі. Але болын за ўсё Вера любіла, калі каштаны толькі-толькі пачынаюць зацвітаць на пачатку мая і з'яўляюцца белыя свечкі.

Тэксты дыктантаў | Просмотров: 431 | Комментарии (0)


Хутарская сядзiба (Хутарская сядзиба)

Час і людзі не шмат чаго пакінулі ад колішняй хутарской ся-дзібы, рэшткі якой спакваля праглынула зямля і развеяў вецер. Дзе-нідзе толькі выглядвалі на паверхню яе скупыя адзнакі: вуглавы камень падмурка, прытаптаны бугор бітай цэглы ды дзве гранітныя прыступкі каля былога ўвахода ў сені. Гэтыя камяні ляжалі на тым самым месцы, што і сто год назад, і дроб-ныя рудыя мурашы, якія недзе паблізу аблюбавалі сабе пры-станішча, дзелавіта снавалі па ніжняй прыступцы. Алешнік з рова, адхапіўшы добрую чаетку хутарскога поля, падступіў да самай сядзібы, на месцы істопкі па-царску разросся густы куст шыпшыны сярод буйных зараснікаў дзядоўніку, крапі-вы і малінніку. Ад калодзежа нічога не засталося. Зруб, напэў-на, згінуў або расцягалі людзі, вада, апынуўшыся без патрэбы, знікла ў глыбіні зямлі. На рагу колішняй хаты нечакана вы-лезла з пустазелля калючая груша-дзічка. Можа, парастак ад колішніх груш, а можа, выпадковая самасейка, занесеная з лесу птушкамі.


Тэксты дыктантаў | Просмотров: 450 | Комментарии (0)