Легенда пра Нёман
Легенда пра Нёман
Даўным-даўно, тысячы гадоў назад, з-пад вялізнага
каменя, дзе б’е крыніца, нарадзіўся славуты асілак. Яго назвалі
Нёман. Жыў ён сярод лясоў дрымучых, лугоў шырокіх. Быў ён
прыгожы, працавіты. Прыродзе, людзям, усяму жывому
дабром плаціў. Па суседстве жыла рэчка Лоша. Была яна
гультаяватая, ляжала ў цяньку ды сабою любавалася. Нікому
ад яе не было ні радасці, ні карысці. Лоша часта заглядала да
свайго суседа, дзівілася з яго стараннасці ды працавітасці.
Цяпер ніхто і не ведае, не помніць, за што Нёману
прыглянулася рэчка Лоша. Памятаюць толькі пра іх шыкоўнае
вяселле. Гуляла на ім уся вялікая радня і жаніха, і нявесты.
Каго там толькі не было! Гулялі, балявалі, маладым шчасця ды
добрай долі жадалі. Скончылася вяселле, пачаліся будні. Трэба
было жыць і працаваць.
Зноў Нёман-працаўнік не ведаў ні дня, ні ночы. Паіў,
карміў, дапамагаў усім, хто да яго гарнуўся: і чалавеку, і зверу,
і птушцы, і рыбе, і жыўнасці ўсякай. Цешыў сваім водным
люстэркам прыбярэжныя лясы, палеткі, лугі, на сваіх
магутных руках насіў лодкі, плыты, чоўны. Не адзін раз
запрашаў на шырокі прастор і сваю красуню ненаглядную.
Толькі тая заставалася абыякавая, раўнадушная да ўсяго. Па-
ранейшаму не хацела падзяляць працу, нягоды і радасці свайго
волата Нёмана.
Не па душы стала такое жыццё Нёману. Аднойчы цёмнай
ноччу кінуўся ён наўцёкі ад гультаяватай Лошы. Дзе поплавам
бег, дзе азярцом, дзе ў чарот хаваўся. І толькі потым у
адкрытую асілак пайшоў да мора.
Прачнулася Лоша, а каханага няма. Толькі тады яна
зразумела, як важна даражыць каханнем, даверам, працаю, як
важна, каб цябе кахалі. Пачала даганяць любімага ўцекача,
бегла па далінах ды па нізінах. Але сіл не хапала. Гукала,
плакала, клікала на дапамогу, але ніхто не хацеў дапамагаць
гультайцы. Толькі праз некалькі кіламетраў пабачыла свайго
Нёмана. Хвалямі горкіх слёз кінулася Лоша ў абдымкі да
свайго вернага асілка. Адчула, што жыць па-ранейшаму,
азначае адной застацца, назаўсёды знікнуць, высахнуць.
Пачала дапамагаць Нёману. З часам і людзі не абміналі яе,
будаваліся на берагах Лошы. Пасля гэтага зажылі ў згодзе
Нёман ды Лоша.
Гэтая прыгожая легенда жыве і па сённяшні дзень.
Бацька Нёман – так называюць у народзе слаўную раку. (339
слоў)
Зборнік пераказаў |
Просмотров: 536 |
|