В разделе материалов: 514
Показано материалов: 91-100
Страницы: « 1 2 ... 8 9 10 11 12 ... 51 52 »

Жывыя барометры

Жывыя барометры
     Хто не жадае даведацца пра надвор’е наперад?! І часта не
проста з цікаўнасці. Гаспадарчая дзейнасць чалавека ў многім
залежыць ад надвор’я, а метэаролагі не заўсёды бываюць
дакладнымі. Неацэнную дапамогу ў прадказанні надвор’я
могуць аказаць многія жывёлы, якіх мы добра ведаем, але аб
іх дзівосных здольнасцях часам і не здагадваемся. Жывёлы
востра адчуваюць змяненне надвор’я і рэагуць на яго сваімі
паводзінамі.
     Калі ўзяць невялікага ўюна і пасадзіць у акварыум, то гэта
гатовы жывы барометр. Пры набліжэнні моцнай навальніцы
рыба будзе мітусіцца і часта ўсплываць на паверхню, а перад
ясным надвор’ем заляжа на дно і нават не паварушыцца.
     Гучнае кваканне жаб сярод дня – дакладная прыкмета
непагадзі. Доўгае вячэрняе кваканне, наадварот, абяцае добрае
надвор’е. Калі жабы маўчаць, то чакаецца пахаладанне.
     Уюнам і жабам не ўступаюць балотныя п’яўкі. У добрае
надвор’е, калі не чакаецца яго рэзкіх перамен, п’яўкі спакойна
поўзаюць па дне вадаёма, камянях, воднай расліннасці. А калі
яны пачалі вылазіць па сцяблах да самай паверхні вады, то ў
бліжэйшы час будзе навальніца. П’яўка можа ўказваць і на
змяненні тэмпературы. Калі ў руху і ў спакоі п’яўка
выцягнутая, то пахаладання не будзе. Калі яна сціскаецца
камячком, то тэмпература хутка панізіцца.
     За паўдня або за суткі адчувае набліжэнне дажджу
берасцянка, невялікая птушка нашых лясоў. Яна няспынна
апавяшчае пра гэта ўсю акругу сваёй звонкай песенькай.
Частым і доўгім кукаваннем указвае на ўстанаўленне цёплых
дзён зязюля. Ніколі не падманваюць у прадказанні надвор’я
стрыжы. Калі птушкі, якія толькі што весяліліся ў паветры,
раптам знікаюць, значыць у гэтым месцы чакаецца моцная
непагадзь. У хатніх умовах у прадказанні надвор'я можа
дапамагчы кошка. Калі яна ляжыць, скруціўшыся клубочкам,
чакаюцца моцныя маразы. Многія жывёлы – выдатныя жывыя
барометры. (267 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 298 | Комментарии (0)


Воўчае логава

Воўчае логава
     Васіль добра ведаў грыбныя мясціны, што знаходзяцца ў
самых патаемных кутках векавога лесу. Аднойчы, блукаючы ў
такіх мясцінах, багатых на крамяныя баравікі ды рыжыкі,
Васіль неяк нечакана напароўся на воўчае логава.
     Логава мясцілася ў прасторнай яме пад яловым
вываратнем. Недалёка ад яго працякала невялікая лясная
рэчка. Трэба сказаць, якое б месца ні выбрала сабе ваўчыца пад
момант шчанення, паблізу абавязкова павінен быць які-небудзь
вадаём: возера, сажалка, крыніца ці балота. З бакоў воўчае
логава акружалі дзве глыбокія лагчыны, зарослыя
непралазнымі кустамі шыпшыны, якая перапляталася з
вялізнай крапівою. Хто сюды зможа прабрацца, нават калі
выпадкова трапіць у гэту таемную лясную глыбіню?
     Па ўсім было відаць, што ваўкі-бацькі былі вопытныя і
вельмі ўдала маскіравалі сваё месцазнаходжанне. Толькі ля
самага логава на вільготнай голай зямлі можна было
разгледзець адбіткі іх лап.
Васіль ледзь не прайшоў міма воўчага логава. Але ў тым і
быў яго характар, што, збіраючы грыбы, ён заўсёды заходзіў у
самую лясную гушчэчу, абследаваў кожны равок, не прапускаў
ніводнай лагчынкі.
     Васіль адразу вызначыў, што логава менавіта воўчае, а не
лісінае, бо часта яны вельмі падобныя, як падобныя шчаняты
лісіцы і ваўка.
     Шкуркі ваўчанят былі пакрыты цёмна-шэрымі валаскамі і
светлым пухам. Уздоўж хрыбетніка красавалася доўгая чорная
паласа. Нібы маятнікі, пагойдваліся завостраныя чорныя
вушкі. Маленькія ваўчаняты выклікалі ў чалавека жаль і
спачуванне. Не верылася, што ў хуткім часе яны вырастуць у
дужых драпежнікаў і стануць страшэннай пагрозай для
людзей.
     Дарослыя ваўкі, на шчасце, былі дзесьці на паляванні. І
Васіль хуценька пакінуў гэта небяспечнае месца. (242 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 488 | Комментарии (0)


Аматары грыбоў

Аматары грыбоў
     Зборам і нарыхтоўкай грыбоў займаецца не толькі
чалавек. Не меншую цікавасць да іх праяўляюць і многія дзікія
жывёлы.
     Вось выйшаў на “ціхае паляванне” барсук. Толькі
трапіцца грыб, адразу саб’е яго лапай і акуратна пакладзе на
прыкметным месцы – на камені або на пяньку. І пайшоў далей.
А праз некалькі дзён зноў ідзе тым жа маршрутам і
пераварочвае збітыя шапачкі на другі бок. Калі грыбы як след
падсушацца, барсук зносіць іх у сваю нару. Будзе ласавацца імі
ўзімку, зрэдку прачынаючыся ад маркотнага сну. А
разбіраецца барсук у грыбах не горш за чалавека. Толькі
баравікі, маладыя падасінавікі ды абабкі4 нарыхтоўвае, а іншымі
грэбуе. Ён цэлымі днямі ў лесе, тут і адных баравічкоў
насушыць удосталь можна.
     Убачыў вялікі баравік янотападобны сабака і, не
марудзячы, прыступіў да абеду. Гучна чмякаючы, з
задавальненнем праглынуў мяккія салодкія кавалкі грыбнога
капелюша.
     А вось паміж дзвюх маладых асінак зляцелася чародка
шэранькіх драздоў. І расклёўваюць стары падасінавік. Ды тут
спрытная сарока падляцела, прагнала драздоў і сама
прынялася за ежу. Нават каркнула, нібы варона, ад
задавальнення. Смачна ёй, відаць.
     Вавёрка больш за ўсіх лясных жыхароў ласая да грыбоў.
Знойдзе грыб, крышачку падгрызе яго ножку знізу і даломіць
спрытнаю лапкай. А каб грыбы лепей сохлі ды не нападалі на
іх наземныя жукі і іншыя шкоднікі, вавёрка развешвае лясныя
ласункі па галінках. Наколе грыбок за капялюшык на тонкую
галінку і пакідае так, пакуль ён не высахне. А потым складвае
сухія грыбы ў дуплы і трэшчыны дрэў. Калі пакрыецца ўсё
навокал снегам, тады самы час скарыстаць далікатэсныя
запасы. (246 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 334 | Комментарии (0)


Сом-волат

Сом-волат
      Якіх толькі паданняў не пачуеш пра самоў! Многія
сцвярджаюць, што ледзь не самі бачылі, як сом хапаў з
паверхні вады качак і гусей, вырываў у гаспадыні ў час
паласкання бялізну, а то і ўцягнуў з берага ў вадзяное бяздонне
вялікага барана. Вядома, усё гэта небыліцы, але нельга
сказаць, што ў іх зусім няма праўды.
     Нават знешне сом зусім не такі, як іншыя рыбы. Цела яго
вялікае, знізу плоскае, пераходзіць у пляскаты хвост з двума
доўгімі плаўнікамі. Афарбоўка сома цёмная, амаль што чорная,
з бурым адлівам на спі́не, па баках крыху святлейшая, жоўта-
зялёная, а бруха белае. Вельмі вялікая пляскатая галава,
шырокі рот, доўгія бакавыя вусы-адросткі, маленькія вочкі –
такі каларытны “партрэт” гаспадара таямнічых віроў.
     Памеры самоў часам здзіўляюць: даўжыня цела можа
дасягаць пяці метраў. Найбольшы з самоў быў вылаўлены ў
мінулым стагоддзі ў рацэ Одэр. Ён важыў больш за чатырыста
кілаграмаў.
     Кажуць, у адным з азёраў Сербіі водзіцца сом-волат.
Вучоныя правялі даследаванні і пацвердзілі: у возеры жыве
вялізная рыбіна вагой каля двухсот кілаграмаў. Вырашылі яе
злавіць, нават выклікалі спецыяльную невадную брыгаду.
Мясцовая турысцкая арганізацыя ўсім паведаміла, што
рыхтуецца цікавае відовішча. Да месца лову з’ехалася больш
за дзесяць тысяч цікаўных.
     Калі невад быў закінуты, усе далейшыя падзеі хутчэй
нагадвалі спаборніцтвы па перацягванні каната, чым рыбную
лоўлю. Раптам у адным месцы вада забурліла, на паверхні
паказаўся вялізны сом. Ён на некалькі хвілін спыніўся, потым
зрабіў рэзкі рывок, і ў вадзе засталіся толькі шматкі сеткі. Сом
выйшаў пераможцам.
     Засмучанасць гора-рыбаловаў ніяк не раздзялялі
прысутныя, іх сімпатыі былі на баку сома. (246 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 186 | Комментарии (0)


Шпакі

Шпакі
     Калі запытаць жыхароў нашай краіны, з якой птушкай
яны звязваюць надыход вясны, пэўна, большасць з іх адкажа:
“Са шпаком”. Так і ёсць. Шпак – адна з першых сярод
пералётных птушак, якія вяртаюцца пасля зімы на радзіму.
Яшчэ паўсюль ляжыць снег, толькі-толькі з’яўляюцца першыя
праталіны, як аднойчы раніцай, зірнуўшы ў акно, заўважаеш
чорную, з бліскучым металічным адлівам птушку.
Уладкаваўшыся на суседнім дрэве, шырока адкрываючы дзюбу
і старанна трапечучы крылцамі, выводзіць яна сваю песню,
чутную нават праз двайную шыбу. Бывае гэта звычайна ў
канцы сакавіка. І ўслед за шпакамі, якія адкрылі веснавую
эстафету, пачынаюць прылятаць іншыя птушкі.
     Шпакі могуць сяліцца не толькі ў гарадах і вёсках, але і ў
лясах, гняздуючыся ў старых дуплістых дрэвах. З усіх птушак
яны найбольш ахвотна займаюць штучныя гнездавыя домікі,
якія ў нашых вёсках і на дачных участках вісяць ледзь не каля
кожнай хаты.
     На жаль, тэрмін, на працягу якога шпакі радуюць нас
сваімі спевамі, даволі кароткі. Заняўшы шпакоўню, самец
некалькі дзён актыўна спявае, і нарэшце на ўчастку з’яўляецца
самка, для якой і выконваліся ўсе гэтыя канцэрты.
     Пасля пабудовы гнязда самка пачынае выседжваць яйкі.
Самец жа ўвесь час на суседніх палях шукае корм для сябе і
сваёй сяброўкі. Спявае ён у гэты час толькі раніцай і ўвечары.
     Неўзабаве з’яўляюцца птушаняты, і тады дарослым
птушкам становіцца ўвогуле не да спеваў. Цяпер ужо яны
ўдваіх з вечара да раніцы здабываюць корм для сваіх
пражэрлівых птушанят. З’явіўшыся каля гнязда, бацькі
стараюцца хуценька і незаўважна шмыгануць у шпакоўню,
запіхнуць у адну з шырока разяўленых дзюб чарвяка і зноў
ляцець за чарговай порцыяй шпачыных далікатэсаў. Усё гэта
працягваецца крыху больш за месяц. Пасля дарослыя птушкі
разам з падрослымі птушанятамі збіраюцца ў чароды і
пакідаюць нашы сады. Вяртаюцца яны толькі ў канцы ліпеня,
каб “дапамагчы” садаводам сабраць ураджай чарэшань і
вішань. (288 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 172 | Комментарии (0)


Курапаткі

Курапаткі
     Тры абавязкі ў вясны: па-першае, цемру зімнюю адолець,
па-другое, зямлю разбудзіць і адагрэць, па-трэцяе, прыроду ў
зеляніну прыбраць. З першым абавязкам сакавік спраўляецца,
пра другі ўвесь час красавік дбае, а трэці дастаецца мбю.
     Якраз у маі, калі заквітнела алешына і ля рэчкі зацвілі
чаромха ды фіялкі, Пятрусь прыехаў на Вілію. Рака сустрэла
яго ціхім плёскатам хваль, тужлівым крыкам чаек і спевам
птушак у хмызняках. Выгінаючы пад сонцам вялізную, бы ў
акулы, срэбную спі́ну, Вілія паказвалася з-за павароту і
павольна каціла свае воды між стромкіх берагоў. А паабапал іх
узвышаліся ліпы і магутныя дубы-асілкі.
     Доўга ішоў Пятрусь берагам. Потым збочыў на круглую,
як сподачак, палянку, якая адным бокам датыкалася да ракі,
і прысеў на трухлявы пянёк. Густа пахла чаромха, побач
дробнымі бела-ружовымі кветкамі цвілі кусты каліны.
      Лёгка дыхалася, шчымліва білася ў грудзях сэрца. Але
раптам невядома адкуль каля хлопца з’явілася шэрая
курапатка, закружылася, рэзка закрычала. Петруся, нібы
спружынай, падкінула на ногі. Курапатка закрычала яшчэ
мацней, адляцела крокаў на дзесяць і нерухома застыла на
месцы. Пятрусь ступіў у бок рэчкі, але птушка, моцна
лапочучы крыламі, зноў падляцела да яго, закрычала на ўсю
моц свайго голасу. Так паўтаралася некалькі разоў.
       “Недзе блізка павінна быць яе гняздо, таму і баіцца яна,
адводзіць мяне ад яго”, – падумаў Пятрусь пра курапатку і
заспяшаўся з палянкі.
      У сярэдзіне ліпеня, калі хлопец збіраў каля Віліі чабор і
запасаўся ліпавым цветам, зноў завітаў на тую палянку. Вельмі
ўзрадаваўся, калі сустрэў там сваю знаёмую шэрую курапатку.
А побач з ёй цяпер ужо было шаснаццаць маладзенькіх
курапатачак. (247 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 146 | Комментарии (0)


Мурчына перамога

Мурчына перамога
     У першыя дні акупацыі немцы адчувалі сябе ў захопленым
Полацку непераможнымі гаспадарамі. У ціхі ліпеньскі дзень
два падцягнутыя афіцэры спакойна шпацыравалі па
бязлюдных вуліцах старажытнага горада. Побач ганарліва
перабірала лапамі прыгожая нямецкая аўчарка, нібы таксама
адчувала сябе неад’емнай часткай вайсковага поспеху.
Паўз вуліцу ішлі высокія тэлеграфныя слупы. Адзін з іх
быў якраз насупраць вокнаў, у якія малыя дзеці асцярожна
цікавалі, баючыся без патрэбы хадзіць па двары.
      І трэба ж было Мурцы (так звалі двухгадовую суседскую
кошку) у гэты момант перабегчы дарогу нямецкім афіцэрам і
аўчарцы. Інстынкты прыручаных звяроў спрацавалі разам.
Імгненне – і кошка апынулася на тэлеграфным слупе. Аўчарка,
абапёршыся моцнымі пярэднімі лапамі на яго, чакала ўнізе
лёгкай здабычы.
      Самазадаволена ўхмыляючыся, чакалі сабачай перамогі і
нямецкія афіцэры. Чакалі, шкадуючы няшчасную Мурку, і
дзеці, якія аж расплюшчылі насы аб шыбу.
      Урэшце Мурцы надакучыла такое няёмкае становішча,
ды і цяжка было ўтрымацца на голым слупе. Яна пачала паволі
спаўзаць уніз. Сабака не спускаў вачэй з блізкай здабычы і
шчэрыў вострыя зубы. А Мурка, калі засталося некалькі
сантыметраў да разяўленай пашчы аўчаркі, нечакана
перавярнулася ў паветры і ўсімі чатырма лапамі ўпілася ў
ненавісную варожую морду. Праз хвілінку рыжаваты хвост
мільгануў за вугал роднай хаты і знік на гарышчы.
      Збянтэжаная прыгажуня аўчарка спачатку закруцілася
на месцы, раз-пораз аблапваючы сваю падрапаную мысу, гучна
заекатала ад нечаканага болю, крыўды і сораму. А затым
паплялася да сваіх гаспадароў, у якіх зляцела з вуснаў
задаволеная ўсмешка.
      Дзеці ж яшчэ доўга абмяркоўвалі кемлівасць і спрыт Муркі
і радаваліся яе перамозе. (242 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 689 | Комментарии (0)


Бясплатны паказ

Бясплатны паказ
     Быў у Юрася кот. Чорны, з дзвюма белымі лапінамі: адна
была на правым баку, а другая – на лбе. Кот быў шкодны: лазіў
па гладышах з малаком, суседзі не раз скардзіліся, што ён
курыныя яечкі цягае. Калі маці Юрася, падаіўшы карову,
прыносіла ў хату цёплае малако, кот цёрся каля яе ног, гучна
мяўкаў, пакуль не атрымліваў сваю порцыю. Часам здаралася,
што яму не адразу налівалі малака, дык ён тады такі роў
узнімаў, што хоць з хаты ўцякай.
     Было лета. Неяк Юрась заўважыў, што кот каля склепа
забаўляецца: то падскоквае, то прыпадае да самай зямлі.
Хлопец падумаў, што кот злавіў мыш і гуляе з ёю. Але назаўтра
Юрась зноў заўважыў тое самае, здзівіўся і ўзлез на невысокі
плот, каб глянуць, што здарылася. Спачатку хлопцу здалося,
што кот забаўляецца з нейкім выгнутым кійком. Але раптам
кіёк узняўся. Здзіўлены Юрась працёр вочы. Кіёк варушыўся.
Кот забаўляўся з вужом, ладным, з чырвонымі завушніцамі.
Калі вуж узнімаў галаву і разяўляў рот, кот адскокваў. А вуж
хуценька адпаўзаў і з другога боку краўся да ката.
Сустрэўшыся, яны на нейкі момант застывалі на месцы, а
потым кідаліся прэч адзін ад аднаго. А то вуж скручваўся і
ляжаў спакойна. Тады кот асцярожна падпаўзаў да яго і,
выцягнуўшы лапу, торгаў, нібы казытаў. Вуж узнімаў галаву,
выпростваўся і, як гімнаст, выгінаўся ўсім тулавам. Кот тады
пераскокваў цераз яго і наступаў з другога боку.
     Доўга яны так забаўляліся. Потым Юрась шыкнуў. Кот,
нібы яго заспелі на нейкім злачынстве, скокнуў у бульбянік. А
вуж шмыгнуў пад страху склепа. (247 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 437 | Комментарии (0)


Паляванне

Паляванне
      Сем цыбатых жураўлёў хадзілі па зжатым хлебным полі.
Збіралі яны дробныя каменьчыкі і іншую спажыву, бо на балоце
ранняй вясною, як толькі сыдзе снег і вада залье ўсё, корму
небагата. Сяргею дужа хацелася сфатаграфаваць гэту чародку.
Трымаючы напагатове фотаапарат, хлопец па мокрай канаўцы
па-пластунску падпаўзаў да жураўлёў.
      Вядома, што жораў – вельмі асцярожная птушка, якая
нікога блізка не падпускае. Прапоўзшы крыху, Сяргей
прыўзняў галаву, каб глянуць, як паводзяць сябе птушкі.
Раптам хлопцу здалося, што з процілеглага боку да іх таксама
нехта падкрадаецца. Калі добра прыгледзеўся, дык убачыў,
што гэта воўк.
      Жураўлі спакойна хадзілі каля канаўкі. Сёй-той з іх
узнімаў галаву на тонкай доўгай шыі, глядзеў па баках і,
пераканаўшыся, што ніякая небяспека не пагражае, згінаўся і
збіраў каменьчыкі.
      Сяргей пільна сачыў за ваўком. Ужо нават і забыўся, дзеля
чаго поўз па канаўцы.
      А драпежнік усё бліжэй падпаўзаў да птушак. Калі які
жораў узнімаў галаву, воўк так моцна прыціскаўся да зямлі,
што Сяргей нават не мог адрозніць, дзе ржышча, а дзе воўк.
Адлегласць паміж ваўком і птушкамі паступова скарачалася.
Раптам жураўлі, адчуўшы небяспеку, узнялі галовы. І ў гэты
момант воўк ускочыў і кінуўся на птушак. Здавалася, зараз
здабыча будзе ў воўчых зубах. Але жураўлі зрабілі невялікую
разбежку, узмахнулі крыламі раз, другі, трэці і лёгка
адарваліся ад зямлі.
      Сяргей схапіў фотаапарат, каб узяць у кадр ваўка і
жураўлёў. Націснуў на кнопку, але не пачуў пстрычкі затвора.
Хлопец хуценька завёў фотаапарат, але было ўжо позна. Воўк
заўважыў чалавека і адразу падаўся ў бок лесу. А жураўлі,
зрабіўшы шырокі круг, узняліся высока ў неба. (250 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 430 | Комментарии (0)


Вавёрчына зброя

Вавёрчына зброя
     Маленькая вавёрачка Гарэза не магла доўга ўседзець у
сваім дупле. Яна паціху выслізнула на сучок дуба, азірнулася.
Там, дзе нядаўна яе сямейка ласавалася салодкімі чарніцамі,
цяпер павольна хадзілі дзве жанчыны і зрывалі духмяныя
ягады. Побач з жанчынамі круціліся два маленькія чалавечкі.
Звонка перагукваючыся, яны бегалі па лагчыне і шпурлялі ў
дрэвы шышкі.
     Людзей Гарэза не баялася. Не раз сустракала іх у лесе і
ўпэўнілася, што лазіць па дрэвах яны не ўмеюць або не
жадаюць.
     Паназіраўшы здалёк за маленькімі чалавечкамі, Гарэза
пераскочыла на суседнюю алешыну, з яе – на тонкую асінку,
на маладую хвойку. Хлапчукі ўбачылі маленькую вавёрачку,
назбіралі шышак і давай кідаць іх у звярка. Потым падскочылі
да хвойкі, у галінках якой хавалася Гарэза, і пачалі моцна
трэсці тонкі стволік.
     Спалоханая вавёрачка ўчапілася ў галінку моцнымі
кіпцюрамі, але доўга пратрымацца не змагла. Страціла
раўнавагу і паляцела ўніз. Яна паспела толькі перакрутнуцца ў
палёце і шлёпнулася ў густы бруснічнік не спі́наю, а на лапкі.
Але схавацца ёй не ўдалося. Хлапчукі з радасным крыкам
кінуліся на яе і моцна схапілі рукамі.
     І тады Гарэза хапанула ворагаў сваімі вострымі, быццам
іголкі, зубкамі. Хлапчукі заенчылі ад болю, а вавёрачка раптам
адчула, што рукі больш не сціскаюць яе цела.
     Высокімі скачкамі Гарэза памчалася далей ад злых
хлапчукоў. Не бачыла яна, як на крык дзяцей прыбеглі
жанчыны, спачатку надавалі малым кухталёў за
непаслухмянства, а пасля закручвалі пакусаныя пальцы
шматкамі газеты.
     Адно спазнала Гарэза ў той дзень: у яе ёсць надзейная
зброя – вострыя і моцныя зубкі. На іх можна спадзявацца, калі
раптам патрапіш у бяду. (249 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 522 | Комментарии (0)