В разделе материалов: 514
Показано материалов: 101-110
Страницы: « 1 2 ... 9 10 11 12 13 ... 51 52 »

Гарэза і чмель

Гарэза і чмель
     Сонечным ранкам вавёрка Гарэза гуляла на хваі́не, голле
якой нізка схілялася над палянай. Промні хутка абсушылі расу
на траве, і паветра напоўнілася гудзеннем насякомых. Міма
вавёркі праносіліся жоўтыя восы, клапатлівыя пчолы, тоўстыя
чмялі.
     Гарэзу зацікавіў вялікі чмель, які віўся пад хвояй,
даследаваў блакітныя ліхтарыкі званочкаў. Вавёрка хуценька
збегла ўніз і пачала асцярожна падкрадацца да чмяля.
Страшнавата было, але жадання пазнаёміцца Гарэза стрымаць
не магла.
     Вось чмель сеў на званочак. Пад яго цяжарам тонкая
сцябліна схілілася амаль да зямлі. І чмель апынуўся перад
самым вавёрчыным носікам. Незнаёмец быў прыгожы і
велічны: пушысты, цёмны, з жоўтымі меткамі-палоскамі.
Варсінкі на ўчэпістых лапках абсыпаны жоўтым пылком.
     Гарэзе нясцерпна захацелася пакратаць гэтага
прыгажуна. Вавёрачка асцярожна панюхала яго і раптам
маланкай адскочыла ўбок: нешта балюча апякло носік.
     З сярдзітым цакатаннем уцякала Гарэза з паляны.
Апамяталася толькі ў дупле. Нос гарэў агнём, боль
невыноснымі ўколамі адбіваўся ў галаве. Паспрабавала церці яе
лапкамі, але стала яшчэ горш. Вавёрачка выслізнула з дупла і
пачала насіцца па галінках, быццам хацела ўцячы ад
нясцерпнага болю. Рух крыху дапамог, ды навалілася
нечаканая стома. Хістаючыся на аслабелых лапках, Гарэза
ледзь дасягнула ліпняку і ўткнулася носікам у вільготную
траву.
     Апрытомнела вавёрачка толькі пад вечар. Боль крыху
адлёг, затое ўвесь носік распух, сталі нейкімі чужымі шчокі,
шыя. Да таго ж пры спробе нешта разгрызці моцны боль
пранікаў ва ўсе клетачкі цела.
     Пакуты скончыліся толькі праз тыдзень. Чмялёў пасля
гэтага здарэння Гарэза ўзненавідзела. Баялася нават далёкага
іх гудзення, адразу хавалася. Ніяк не магла ўцяміць аднаго: як
невялічкая істота можа так балюча драпацца? І чаму яна такая
злосная? (254 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 347 | Комментарии (0)


Што такое страх?

Што такое страх?
      Летні ранак свяціўся яркім сонцам. Промні разагналі лёгкі
туман, і яго рэшткі аселі на вільготнай траве і свяціліся
мільярдамі росных кропелек.
      Сямейства вавёркі Рыжухі радавалася цудоўнаму
сонечнаму надвор’ю. Ваверчаняты паснедалі і гулялі на галінах
старога дуба. Малыя захапіліся гімнастычнымі
практыкаваннямі і зусім забыліся, што нават у самы выдатны
дзень з лесу не знікаюць ворагі.
      Вялікі ястраб ужо некалькі хвілін цярпліва сачыў за
даўгахвостай сямейкай. Схаваўшыся за густымі іголкамі
высознай хвоі, ён выбіраў зручны момант для нападу. Стары і
вопытны драпежнік добра ведаў: здабычу можна злавіць,
пераадолеўшы гарачку першага жадання. І ястраб свайго
дачакаўся. Рухавая вавёрачка Гарэза ўскараскалася на
верхнюю галінку дуба і паглядала адтуль на сваю вясёлую
кампанію.
      Узмах крылаў – і яны імгненна выносяць ястраба прама
на бездапаможную Гарэзу. Здавалася, кіпцюры драпежніка
ўжо пранізваюць няшчасную ахвяру. Але рэакцыя вавёрачкі
аказалася хутчэйшай за атаку ястраба. Гарэза проста
расслабіла вострыя кіпцюры і паляцела ўніз, быццам ветрам яе
здзьмула з таго сухога сучка. У падзенні яна спрытна ўхапілася
за ніжнюю галінку дуба, у два скачкі дасягнула дупла і дала
нырца ў яго выратавальную глыбіню.
      Ад гэтага здарэння сямейка вавёрак апамяталася
няхутка. Ні малыя, ні іх маці Рыжуха ніяк не асмельваліся
вылезці з дупла. Да вечара так і прасядзелі, забыўшыся пра
голад.
      Толькі на змярканні вавёрачкі пабеглі шукаць спажытку.
І куды падзелася іхняя ўпэўненасць і смеласць? Яны пастаянна
і вельмі ўважліва прыглядаліся цяпер да наваколля, хаваліся
пры кожным падазроным руху ў гушчары. Само жыццё ў адзін


Зборнік пераказаў | Просмотров: 325 | Комментарии (0)


Урокі жыцця

Урокі жыцця
     Вясною ў цёплым дупле вавёркі Рыжухі нарадзілася
пяцёра маленькіх ваверчанят. Маці, стомленая, але шчаслівая,
шчыравала ля сваіх малых дзетак. Старанна вылізвала ледзь
прыкметную іх поўсць, ласкава туліла кожнага да свайго
схуднелага цела. Быццам цалуючы ці бясконца пералічваючы,
Рыжуха па чарзе дакраналася да дзетак сваім носікам.
     Смачнае матчына малачко, яе цеплыня і пяшчота рабілі
сваю справу. Ваверчаняты хутка ператвараліся з непрывабных
камячкоў у прыгожых рудых звяркоў.
     Хутка настала пара вучыць малых жыццю. У лесе важна
ведаць і ўмець усё: здабываць сабе корм, хаваць яго на зімовы
час, дакладна распазнаваць, што можна есці, а што нельга. Але
галоўнае – прывіць ваверчанятам пачуццё асцярогі, пастаяннай
увагі да навакольнага свету, каб ніякі вораг не застаў іх
знянацку.
     Любая навука звычайна пачынаецца з гульні. Забегае
маці па голлі – заўюцца вясёлым карагодам вакол яе малыя.
Здавалася, Рыжуха забаўляецца. Аж раптам схаваецца ў
густой лістоце. Ваверчаняты разгубяцца, замітусяцца па
вершаліне дрэва. А калі знойдуць маці, радасці няма межаў.
Пасля самі імкнуцца схавацца.
     Паступова Рыжуха ўскладняе гульню. Вясёлую бегатню
раптам абрывае трывожным цакатаннем. Сама хаваецца ў
дупло, дзеці – імгненна за ёй. Рыжуха паўтарае такую
“вучэбную трывогу” і ў час паходу ў бор, і ў арэшніку, і пасярод
чыстай паляны – усюды, дзе падарожнічае даўгахвостая
талака. Усе павінны паспець схавацца. Хто з малых
замітусіцца, разгубіцца, таму матчыных кухталёў ніяк не
пазбегнуць. Яна тады вельмі злуецца і, не шкадуючы, лупцуе
разяву.
     Высока цаніла Рыжуха спрыт сваіх гадаванцаў, бо
моцныя лапкі, імгненная рэакцыя могуць выратаваць ад
небяспекі. Ад гэтага залежыць не толькі сытае жыццё, але і
само існаванне вавёрачак. (248 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 491 | Комментарии (0)


Прыроднае каралеўства

Прыроднае каралеўства
      Калі вы завітаеце ў Гродна цягніком, то недалёка ад
чыгуначнага вакзала вас чакае прыроднае каралеўства –
заапарк. На яго тэрыторыі плошчай у пяць гектараў сёння
жыве больш за тры тысячы насельнікаў.
      Тут можна сустрэць “герояў” шматлікіх казак і
тэлефільмаў. Мы ўсе добра ведаем казачнага кракадзіла Гену, а
гродзенскага алігатара завуць Робін. Гэты доўгажыхар вартуе
мясцовы вадаём больш за пяцьдзясят гадоў.
      За крбтамі сядзіць ліса-рыжуха. Праўда, вочы яе крыху
сумныя: няма той прасторы, дзе б яна магла сустрэць Калабка,
перахітрыць даверлівага дзеда-рыбака, збегаць на паляванне да
мышыных норак.
      Па вальеры мітусяцца два шэрыя ваўкі. Яны тут навасёлы
і ніяк не могуць зразумець, чаму іх не баяцца нават малыя
дзеці.
      Пра шматлікіх жыхароў гродзенскага прыроднага
каралеўства можна сказаць, што яны самыя-самыя. Тут добра
сябе адчуваюць адзін з самых рэдкіх персідскіх леапардаў, адзін
з самых прыгожых амурскіх тыграў, адзін з самых вялікіх
бурых мядзведзяў, адна з самых ядавітых кобраў, адзін з самых
гаваркіх афрыканскіх папугаяў жако. Калі ў вас ёсць вольны
час, паназірайце за вярблюдамі, ламай, малпамі, афрыканскай
антылопай, снежным барсам, чорным насарогам.
      Гэта чароўнае каралеўства задумаў і распачаў у 1927 годзе
настаўнік мужчынскай гімназіі Ян Каханоўскі. Ён вёў урокі
прыродазнаўства і разам з вучнямі закладваў заапарк, які
цяпер у Беларусі з’яўляецца самым буйным і самым старым.
      На тэрыторыі Гродзенскага заапарка і цяпер будуюцца
новыя вальеры, займальныя атракцыёны. Рыхтуюцца
наваселлі для чарговых пасяленцаў, цікавыя забавы для
наведвальнікаў. А гэта азначае, што заапарк з гада́мі маладзее,
становіцца ўсё больш папулярным месцам адпачынку гараджан
і гасцей Гродна. (243 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 312 | Комментарии (0)


Загоеная рана

Загоеная рана
     Рачулка пачыналася з крыніцы ў лесе і заканчвалася
лясным возерам. Гэта месца аблюбавалі сабе качкі. Яны
сяліліся каля возера ў кустах чародамі.
     У тую восеньскую раніцу Васілёк з Алёшам спыніліся тут
вудзіць рыбу. Над возерам чародамі праносіліся качкі.
Нечакана грымнулі адзін за другім стрэлы. Хлопцы ўбачылі, як
качар, што вёў чараду, нахіліўся на бок і пачаў зніжацца над
возерам, потым упаў у ваду. “Гэта ж трэба! Важака забілі”, – з
абурэннем сказаў Васілёк. “Як жа яны цяпер будуць без
правадніка?” – паспачуваў Алёша. Ка́чар паспрабаваў
узляцець. Ён нават падняўся ў паветра, але зноў упаў у ваду,
паплыў да берага і схаваўся ў лазняку.
     Насталі замаразкі. Хлопцы часта хадзілі да возера, насілі
ка́чару ежу. Яны ўважліва аглядалі кусты, але саму птушку ні
разу так і не ўбачылі. Адыходзячы з возера, хлопчыкі заўсёды
пакідалі на беразе дробную рыбу, хлеб, а калі прыходзілі
назаўтра, то ні рыбы, ні хлеба не было.
     Мінуў яшчэ тыдзень. У паветры закружыўся снег. Калі
хлопцы прыйшлі на возера, то ўбачылі, што з кустоў ка́чар
пратаптаў на снезе сцежку да вады. Але колькі хлопчыкі ні
клікалі падбітага дзікуна, ён не выйшаў да іх. Яны паклалі каля
сцежкі кавалкі хлеба. Удзень качар з’ядаў смачны абед, а
ўвечары і раніцай плаваў у глыбокай яміне, якая не замярзала
ўсю зіму, бо там білі крыніцы. Зімоўшчык прывыкаў да
хлопчыкаў і да свайго імя. Калі Васілёк з Алёшам прыходзілі і
пачыналі клікаць: «Максімка!», ка́чар па голасе пазнаваў сваіх
сяброў і выходзіў з гушчару. Аднак трымаўся на адлегласці.
     Блізілася вясна. 3 кожным днём станавілася ўсё цяплей.
Птушкі вярталіся да сваіх гнёздаў. Калі паводка спала,
хлопчыкі пайшлі на возера, каб пабачыць качара. Каля вады
яны гукнулі на ўвесь голас: “Мак-сім-ка!”
     З кустоў узнялася невялікая чародка качак. Ад іх
аддзяліўся Максімка. Ён зрабіў над возерам некалькі кругоў і
сеў на ваду каля берага. Хлопцы ўзрадаваліся. Ка́чар выйшаў з
вады. Васілёк паклаў перад ім лусту хлеба. Максімка еў не
спяшаючыся. Пасля абеду ён крыкнуў некалькі разоў і паплыў
на сярэдзіну возера. Качар часта спыняўся, паглядаў на бераг,
то ўзнімаў, то апускаў галаву, нібы дзякаваў хлопчыкам за іх
клопаты. (340 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 280 | Комментарии (0)


Казбек

Казбек
    Усю вясну і лета Алесь працаваў на Каўказе ў даследчай
групе. У гаспадара, дзе яны кватаравалі, быў дужа злы сабака.
Гаспадар проста не ведаў, як ганарыцца сваім верным
служкам.
    Неяк пад канец лета група адлучылася на некалькі дзён.
А як вярнуліся дамоў, засталі Казбека хворым. Ён моўчкі ляжаў
каля будкі і нават не глядзеў на людзей. Гаспадар патлумачыў:
    – Сарваўся быў з прывязі мой Казбек, пабег у горы, а там
падстрэлілі, відаць, паляўнічыя.
    Параненая нага сабакі гнаілася. Алесь апрацаваў рану і
завязаў бінтам. Казбек асцярожна падцягваў параненую нагу і
скуголіў. Ён раз-пораз тыцкаўся мордай у Алесеву руку, лізаў
яе, зазіраў у вочы.
    Потым Алесь зрабіў яшчэ перавязку, і праз некалькі дзён
Казбек пачаў злёгку наступаць на хворую нагу. Гаспадар
радаваўся. Але сабака не выказваў яму ранейшай адданасці.
Казбек цяпер трымаўся толькі Алеся.
    У выхадныя дні юнак часта хадзіў з Казбекам у горы.
Аднаго разу, ідучы дахаты пасля доўгага вандравання, Алесь
надумаў пакупацца. Каму даводзілася купацца ў горных
рэчках, той ведае, якая халодная ў іх вада. Алесь даплыў да
сярэдзіны рэчкі, і тут ногі скруціла сутарга. Людзей паблізу
няма, памагчы няма каму. Хлопчык ухапіўся за сваю
апошнюю надзею: ён пачаў клікаць Казбека.
    Па голасе сабака адчуў небяспеку і з разгону скочыў у
ваду. У момант ён апынуўся каля Алеся. Той ўхапіўся за
нашыйнік, і Казбек паплыў да берага. На беразе Алесь доўга
расціраў ногі, а Казбек бегаў навокал і вішчаў ад радасці.
    Пасля гэтага здарэння яны яшчэ больш здружыліся.
Гаспадар убачыў, што Казбек любіць Алеся мацней, чым яго, і
аддаў сабаку ў падарунак. З той пары яны не расстаюцца. (260
слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 404 | Комментарии (0)


Грышка

Грышка
     Навальніца ўсхадзілася неспадзявана. Захапіўшыся
чарніцамі, Дзіма з Колем і не заўважылі, як лес раптам густа
пацямнеў, а над галовамі моцна зашумелі елкі і сосны. Грымнуў
пярун такім страшэнным выбухам, што, здавалася, над
галовамі рассыпаліся тысячы снарадных асколкаў. Хлопцы
кінуліся бегчы. Лес стагнаў і трашчаў. Маланкі смалілі амаль
несціхана, а гром зліваўся ў адну суцэльную кананаду. Хутка
ён пацішэў, але грымоты яшчэ бушавалі над лесам.
І вось у гэты момант яны пачулі недалёка ад сябе жывы
голас. Хлопцы сцішыліся і прыслухаліся. Хутка стала ясна,
што выходзіць ён з блізкага маладога зарасніку. Асцярожна
расхінуўшы куст, яны ўбачылі птушаня, якое, мабыць,
вывалілася ў час навальніцы з гнязда. Было відаць, што правае
крыльца яго зламана.
     Пасля доўгіх і розных прапаноў было вырашана аднесці
птушаня да Веры Андрэеўны, лагернага ўрача. І хоць Коля
лічыў, што Вера Андрэеўна толькі людзей лечыць, а не птушак,
яго прапанова была прынята. Нікому з хлопцаў не хацелася
пакідаць на пагібель птушаня, якое так бязлітасна пакалечыла
навальніца.
      Вера Андрэеўна найперш сказала, што хлопцы правільна
зрабілі, прынёсшы птушаня ў бальніцу, бо яго сапраўды трэба
лячыць. Затым яна выраўняла грачаняці пераламанае крыло,
выцерла ранку ёдам і туга перавязала бінтам, загадаўшы
сябрам несці хворага на свежае паветра.
      Тыдні праз два Вера Андрэеўна зняла бінт, сказаўшы
хлопцам, што з птушанём усё ў парадку і яно хутка паляціць.
     Грачаня за гэтыя дні падрасло і яшчэ больш пачарнела.
Хлопцы, вядома, не шкадавалі яму самых лепшых ласункаў.
Пачуўшы голас сваіх прыяцеляў, яно весела на ўвесь лес
крычала і жвава лопала крыллем, спрабуючы ўзляцець.
      Аднойчы хлопцы прынеслі Грышку, так яны назвалі
грачаня, чарговы багаты абед і шклянку свежай вады. Але
гняздо, якое змайстравалі самі хлопцы, услаўшы яго
мякенькай ватай, было пустым.
      Сябры радаваліся і сумавалі. Радаваліся, што іх выхаванец
ужо стаў дарослым, самастойным граком, што ён ужо сам
здабывае сабе яду, ачышчаючы лясы і сады ад розных
шкоднікаў. А сумавалі, бо моцна да яго прывыклі.
      Яны доўга і пільна прыглядаліся да шумных мітуслівых
гракоў, і ім здавалася, што ў бязладным птушыным крыку яны
чуюць і знаёмы голас свайго Грышкі. (331 слова)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 126 | Комментарии (0)


Дапамаглі

Дапамаглі
     Сябры Міця і Валерка выйшлі з вагона, перайшлі
чыгуначныя пуці і амаль адразу ж апынуліся ў лесе. Мясціны
гэтыя былі добра знаёмы і Міцю, і Валерку. Разам з бацькамі
яны часта прыязджалі сюды ў грыбы і ягады.
      Мінуўшы лагчынку, дзе моцна пахла ігліцай, мохам і
грыбамі, сябры выйшлі на вялікую прагаліну, парослую светла-
зялёным чарнічнікам. На ягадніках карміліся чародкі драздоў.
Спелыя ягады тут былі абабраныя, заставаліся толькі дробныя
і зялёныя. На вышэйшых мясцінах трапляліся цэлыя вывадкі
жоўтых лісічак. Неўзабаве вёдры ў хлопцаў былі напоўнены імі
амаль напалавіну. Больш лісічак сябры не бралі. А можа,
баравікі трапяцца!
     Трэск сухога галля прымусіў хлопчыкаў прыслухацца.
Зусім блізка пачуўся тупат, і з кустоў выйшла ласіха. Валерка
хацеў нешта крыкнуць, але ад страху страціў голас.
Ласіха стаяла як укопаная. Яна часта дыхала, запалыя
бакі яе хадзілі хадуном.
     — Не бойся,— Міця паклаў руку Валерку на плячо.— Ласі
на людзей не нападаюць.
     Хлапчукі саступілі лясному жыхару дарогу і падаліся
ўправа. Але не паспелі яны зрабіць і двух дзясяткаў крокаў, як
ззаду зноў пачуўся тупат. Ласіха забегла ім наперад. На гэты
раз хлапчукі здагадаліся, што ў ласіхі здарылася нейкая бяда і
яна просіць у іх дапамогі. Міця зрабіў да яе крок, і яна тут жа
павярнула назад, пайшла ў драбналессе на высечках. Міця і
Валерка рушылі следам. Так яны ішлі за ёю хвілін дзесяць.
Нарэшце ласіха спынілася. Проста перад ёю, у глыбокай яме,
зарослай дробнымі кустамі і ягаднікам, хлапчукі ўбачылі
маленькае мышастае ласяня. Яно тапталася на цыбатых
ножках, спрабавала выбрацца, але гэта яму ніяк не ўдавалася.
     Міця з Валеркам моўчкі пераглянуліся, паставілі вёдры на
зямлю і ў момант скаціліся ў яму. Ласяня глядзела на дзяцей
даверліва і нібы дапытліва.
      Ласіха ўвесь гэты час неспакойна тапталася каля ямы і не
зводзіла вачэй з хлапчукоў і малога.
Міця і Валерка дружна падхапілі ласяня. Яно ўсё
задрыжала, потым пачало часта перабіраць нагамі,
чапляючыся вострымі капыцікамі за край ямы. Яшчэ
намаганне – і ласяня было наверсе.
       Калі хлапчукі вылезлі з ямы, ласіха з ласянём адышліся
ўжо далёка. Маці ішла наперадзе, высока ўзняўшы прыгожую
галаву. Ласяня ледзь паспявала за ёю. (336 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 222 | Комментарии (0)


Буся

Буся
     Юлька знайшла бусляня ў траве ў суседнім двары. Хоць
было яно добра аперанае, але не магло яшчэ стаяць на цыбатых
нагах, па́дала то на адзін, то на другі бок.
     Дзяўчынка сядзела на падлозе, гладзіла мокрыя
птушыныя пёры і радавалася: такога ў яе жыцці яшчэ не было!
Некалі, праўда, дзядзька Арсен даў патрымаць дзікае качаня,
аднойчы злавіла на гарышчы галубку, а вось каб бусел!
     Апоўдні, пачуўшы пра навіну́, у хату зайшоў дзед Нупрэй.
Моўчкі кіўнуў галавою, прысеў на лаву і стаў расказваць пра
тое, што буслы могуць скінуць з гнязда птушанят, калі
чакаецца сухмень.
     Юлька прапанавала падсадзіць бусляня ў буслянку.
Аднак дзед Нупрэй папярэдзіў, што дарослыя птушкі могуць
яго задзяўбаць. Стары параіў самім выхадзіць бусляня, карміць
яго бульбай, рыбай.
     Задаволеная Юлька адгарадзіла для бусляняці закуточак.
Хутка ўся вёска ведала пра Юльчыну радасць. Вярнуўшыся з
поля, маці ўбачыла поўную хату дзяцей. Пасярод кухні стаяла
міска з рыбай, а Буся, абсохлы і папрыгажэлы, цікаўна
паглядаў на малых.
     Праз тыдзень Буся зусім прызвычаіўся да новага жыцця,
пасябраваў не толькі з Юлькай, але і з катом Мікітам. I Юлька
ўсё часцей выводзіла бусляня за вароты. Яны звычайна ішлі
спачатку на прычал, дзе ў рыбацкіх лодках можна было
знайсці якую-небудзь спажыву. Буся няўклюдна бегаў за
Юлькаю, смешна дапамагаючы крыламі.
     Аднойчы ён не разлічыў, разбегся мацней, чым звычайна,
і праляцеў ажно да самага ўзлеска.
     А той дзень Юлька ніяк не магла забыць. Буся хадзіў па
траве і збіраў цвыркуноў, а Юлька рвала шчаўе. Раптам яна
пачула вясёлы бусліны клёкат. Падумала спачатку, што гэта
Буся, але, азірнуўшыся, убачыла: высока ў небе кружылі
Нупрэевы буслы, а бусліха стаяла ў гняздзе і клекатала на ўсю
ваколіцу.
     Буся не вытрымаў, неяк таропка разбегся і нечакана
падняўся на пругкае крыло. Зрабіў над выганам круг і ўзяў
кірунак да Нупрэевай хаты. Юлька бачыла, як ён там, у небе,
далучыўся да сваіх, згубіўся ў тым гурце, і праз хвіліну ўжо не
разабраць было, каторы з іх Буся.
     Юлька да самага вечара прасядзела на выгане, чакаючы,
што Буся вернецца. Але ён не вярнуўся. I Юльцы было радасна
і тужліва. (335 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 382 | Комментарии (0)


Зайка-плывец

Зайка-плывец
     Бацька з сямігадовым сынам ішлі сцежкай да Буга.
Раптам побач, збоку ад іх, пачуўся лёгкі тупат. Першым
павярнуўся хлопчык.
     – Заяц! Заяц! – крыкнуў ён і паказаў рукою. Сапраўды,
невядома адкуль выскачыў на сцежку заяц. Заўважылі яго і
іншыя дзеці, з крыкамі і галёканнем бегучы да нас. Тым часам
зайка пасля імгненнай замінкі кінуўся да ракі. Іншыя кірункі
яму, відаць, не спадабаліся: справа і злева былі людзі.
Здавалася, што заяц рачным берагам скіруе на прастор. Але ў
галаве шэрага выспеў іншы, больш рашучы і рызыкоўны намер
– ён скочыў у раку.
     І малыя, і дзеці адразу захваляваліся, загаманілі,
перажываючы, што заяц вось-вось патоне. Але над вадой
тырчала маленькая галава з вялізнымі, закінутымі назад
вушамі. Плысці смельчаку было цяжка: там, дзе Мухавец
зліваецца з Бугам, вада даволі хуткая. І як ні стараўся звярок,
яго ўвесь час адносіла ўбок. А калі ён наблізіўся да запаветнага
берага, адбылася такая нечаканасць: на тым беразе, пад
навіссю густога вербалозу, яго, адважнага плыўца, чакаў
пагранічнік, які сышоў з моста да вады.
     Павярнуць назад зайка не асмеліўся, відаць, разумеючы,
што не хопіць ужо сілы. Ды і як яму ведаць, ці не чакае яго і
на другім беразе тое самае. Звярок спрабаваў скіраваць
направа, налева, але, знясілены, трапіў урэшце ў рукі
пагранічніка.
     Салдат узяў зайца за вушы і панёс паказаць сваім
паплечнікам, вайскоўцам. Людзі на другім беразе, якія чакалі,
чым жа гэта прыгода скончыцца, захваляваліся, перажываючы
за лёс зайкі.
     Аднак пагранічнік, пажартаваўшы з саслужыўцамі,
паставіў зайца на зямлю і, прытрымліваючы за вушы, пагладзіў
яго, а потым адпусціў на волю.
     Натоўп з палёгкай уздыхнуў. А заяц ад радасці, што за
свае дзівацтвы не паплаціўся жыццём, хутка знік за кустамі
вербалозу. (266 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 250 | Комментарии (0)