Выратаваны чмель
Выратаваны чмель
Пасля школы Янка вяртаўся з горада дадому, у сваю
вёсачку, што была за лесам.
Быў сонечны вясновы дзень. Слухаючы птушак і
любуючыся на жоўтыя агеньчыкі красак, ён непрыкметна
наблізіўся да лесу і зайшоў пад зялёныя сасновыя шаты. Злева
ад дарогі адкрылася вялікая паляна. У гэтым утульным
лясным куточку амаль па-летняму грэла сонца, і хлопчык
прыпыніўся. Тут панавала цішыня. Янку знячэўку выразна
пачулася неспакойнае і непарыўнае гудзенне нейкага
насякомага. Хлопчык прыгнуўся да зямлі і ў леташняй сухой
траве пабачыў такое дзіва: вялікі бухматы чмель ніяк не можа
ўзляцець, бо на спі́не ў яго, на адным крылцы, сядзіць
мурашка, і чмель, хочучы ўзляцець, адно бяжыць па зямлі з
такім жаласлівым гудзеннем, што нельга яму не паспачуваць.
Хлопчык падняў з зямлі ссохлую галінку і нахіліўся над
чмялём, каб скінуць з яго пякучую мурашку. Але доўга не
ўдавалася вызваліць крылатае насякомае ад бяскрылага, бо
чмель не спыняўся, а ўсё бег і бег. Не ведаючы, як пазбавіцца
ад ліха, чмель за лічаныя хвіліны перабег дарогу і накіраваўся
на паляну насустрач сонцу. І толькі на паляне, ужо крокаў за
пяць ад дарогі, хлопчык злаўчыўся і скінуў галінкай мурашку
з крылца чмяля.
Вызвалены чмель імгненна ўзляцеў у паветра і паляцеў у
сонечны бок паляны.
Янка не мог здагадацца, што ж здарылася з чмялём: як
мурашка апынулася ў яго на спі́не? Пасля вярнуўся на дарогу,
паглядзеў на лес. Тут, ля дарогі, побач з хвоямі, стаяла вярбіна,
уся ў жоўценькіх пухнатых коціках, на якіх пчолы збіралі
нектар. А па ствале, па галінках і коціках вярбы бегалі
мурашкі. Хлопчык здагадаўся, што і той чмель прылятаў на
гэту вярбу, збіраў нектар, але, захоплены такім заняткам, не
заўважыў, як з вярбовага коціка на яго перапаўзла маленькая
драпежніца і ўпілася ў яго тонкае і празрыстае крылца…
Хлопчык быў рады, што дапамог чмялю. (291 слова)
Зборнік пераказаў |
Просмотров: 479 |
|