В разделе материалов: 514
Показано материалов: 81-90
Страницы: « 1 2 ... 7 8 9 10 11 ... 51 52 »

Бацькоўская навука

Бацькоўская навука
     Сярод лесу стаяла высокая асіна, у якой дзяцел выдзеўб
дупло і зрабіў гняздо. У хуткім часе вывеліся птушаняты. Дзеці
ўбраліся ў пер’е, пачалі вылятаць з гнязда. Наляціць дзятлава
сям'я на дрэва, учэпяцца за шурпаты ствол, а стары дзяцел
аглядае дрэва, дзяўбе кару сваім вострым носам, выцягвае
насякомых. Тое ж робяць і малыя. Толькі адзін малады дзяцел
кару не дзёўб, а прыладжваўся побач з бацькам і настойліва
крычаў, патрабаваў ежы.
     Непрыкметна падкралася восень. Праносіліся над лесам
пералётныя птушкі, а хто не пакідаў лес, той рыхтаваўся да
зімы. У каго запас ежы ў кладоўцы, таму мароз не страшны.
Малады дзяцел запасаў на зіму не рабіў, спадзяваўся на
бацькавы запасы.
      І вось лёг снег. Забраўся малады дзяцел у пакінутае
шпакамі дупло. Сядзіць там, нічога не еўшы, холад яго
прабірае, чакае дапамогі ад бацькоў. І тут заўважае, што
выскачыла з дупла вавёрка, а ў зубах у яе – яловая шышка.
Скеміў дзяцел, дзе можна пажывіцца.
      Аднойчы вавёрка толькі хацела залезці ў дупло, як
заўважыла, што там нехта варушыцца. Гаспадыня
падрыхтавалася да скачка. Але нечакана з дупла выскачыў
малады дзяцел ды як дзеўбане яе ў галаву! Вавёрка ажно
зацокала ад болю. Малады дзяцел тым часам вылецеў з дупла
і сеў на сухі сук, быццам нічога і не здарылася. У той жа момант
да маладога падляцеў стары́ дзяцел. Ён наставіў тырчма пер'е і
злосна закрычаў. Потым яны паляцелі ў ельнік. Стары дзяцел
сарваў доўгім носам шышку, зашчаміў яе ў шчыліну і дзеўбануў
раз-другі. Пасля пачаў гультая па-бацькоўску вучыць, што
трэба самому здабываць сабе ежу. (249 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 536 | Комментарии (0)


Сарока-белабока

Сарока-белабока
      Аднойчы Язэп ішоў густым ельнікам. Адчуўшы стому,
выбраў шырокі пень і сеў. Побач тарабанілі дзве сарокі. Калі ён
падняўся і зрабіў некалькі крокаў, сарокі яшчэ больш
закрычалі. Гэта азначала трывогу: чалавек блізка. Цэлую
гадзіну круціўся чалавек па ельніку: адшукаць гняздо сарокі
цяжка. Але ён ўсё-такі знайшоў яго, злавіў маладую сароку і
пасадзіў у сетку. Меў намер падарыць яе мясцовай школе для
кутка прыроды.
      Пляменніца Аленка адразу ж ухапілася за сароку.
Сказала, што навучыць яе гаварыць. Язэп растлумачыў
Аленцы, што з сарокай трэба доўга і настойліва займацца. Ды
Аленка не адступілася і ўгаварыла аддаць ёй сароку.
      Птушка аказалася рахманая. Калі дзяўчынка прыходзіла
са школы, сарока падскоквала, узмахвала крыламі і прасіла
есці. Потым садзілася Аленцы на плячо і задаволена ківала
сваім доўгім хвастом. Вучоба сарокі вялася так. Аленка садзіла
птушку перад сабой і паўтарала: "Сарока-белабока па свеце
лятала, навіны збірала..." Птушка пазірала на дзяўчынку і
шчоўкала дзюбай. Так працягвалася гадзіну, а потым птушцы
надакучвалі заняткі і яна вылятала з хаты ў сад. "Някемлівая
птушка, неразумная!" – казала Аленка.
      З кожным днём сарока рабілася заўзятай зладзейкай. Яе
вабілі бліскучыя рэчы: яна крала чайныя лыжкі, нажніцы,
гузікі, завушніцы. Аднойчы прапаў наручны гадзіннік. Маці
загадала Аленцы аднесці сароку ў лес. Дзяўчынцы было шкада
птушкі, але не паслухацца маці Аленка не магла. Яна занесла
сароку ў лес і выпусціла: "Ляці, дурніца!"
      Калі Аленка прыйшла дадому, на калодзежы сядзела
сарока. Птушка выцягнула шыю і картава
пракрычала:"Дурніца, дурніца!" Потым узнялася і паляцела ў
лес. Аленка падумала, што гаварыла пра сароку нядобра, усё
ж яна разумная птушка. (248 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 216 | Комментарии (0)


Кемлівая казуля

Кемлівая казуля
     Зіма прымчалася з поўначы на лютых вятрах. Мароз з
кожным днём мацнеў. Ад сцюдзёных вятроў звяры і птушкі
шукалі ратунку ў густых лясах.
      Разважны воўк прыйшоў у лясны гушчар, каб пагрэцца і
пашукаць спажывы. Стыла ў жылах кроў, ледзянелі лапы,
голад даймаў звера. Белае маўчанне лесу, холад і голад абудзілі
ў ваўка дзікі страх. Воўк выбег на прагаліну, падціснуў хвост,
узняў галаву да неба і завыў. У адказ дзесьці далёка ў лесе
пачулася выццё. Воўк кінуўся ў той бок. Хутка драпежнік
апынуўся ў дробным хмызняку. Крыху ў баку ад прасекі, на
якую воўк выбег, ён убачыў казулю.
      Са смакам абгрызаючы лазовую кару, казуля перабягала
ад аднаго куста да другога. Воўк пачаў падкрадвацца да яе.
Прапаўзе некалькі крокаў і прыпадзе да зямлі, ляжыць, цікуе.
Вось цела звера наструнілася, хіб натапырыўся. Воўк
падрыхтаваўся да скачка.
      У гэты небяспечны момант казуля падняла галаву і
ўбачыла ваўка. Доўга не думаючы, яна зрабіла пругкі скачок
убок і кінулася ў лес. Воўк выскачыў з-за кустоў з такім
спрытам, што ажно снег слупам паляцеў угору. Стройнае цела
казулі выгіналася ў імклівым бегу. Яна, нібы на крылах,
пералятала цераз кусты, завалы, калоды, кідалася то ў адзін
бок, то ў другі. Воўк не адставаў. Ён нават стаў забягаць ёй
наперад. Вось-вось драпежнік дагоніць яе.
      Адзін момант – і казуля скочыла ўбок і крута павярнула
на лясную дарогу, што вяла да леснічоўкі. Яшчэ хвіліна,
другая… І вось леснічоўка. Магутным скачком казуля
пераляцела цераз плот і кінулася ў расчыненыя дзверы. (240
слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 746 | Комментарии (0)


Помнікі жывёлам

Помнікі жывёлам
     Помнікі жывёлам узводзіліся ў розны час і ў розных
краінах як сведчанне ўдзячнасці людзей братам сваім меншым.
Найчасцей людзі ставілі помнікі сабакам.
      Помнік сабаку стаіць пад Пецярбургам з надпісам
акадэміка Паўлава аб заслугах сабак перад чалавецтвам, перад
навукай. У Парыжы стаіць помнік сенбернару Бары, які
выратаваў сорак чалавек і загінуў. Як вядома, сенбернары
вельмі дужыя і вынослівыя. Яны ратуюць людзей, якія
заблудзіліся, трапілі ў снежныя абвалы, пад руіны пры
землятрусах. У Польшчы ўзведзены помнік сабаку, які
выратаваў жыццё свайму гаспадару, чыгуначнаму абходчыку.
Калі на яго напалі бандыты і кінулі звязанага на шпалы,
сабака, моцна брэшучы, кінуўся насустрач цягніку. На Алясцы
ўзведзены помнік важаку сабачай запрэжкі Балту, які ў люты
мароз даставіў людзям супрацьдыфтэрыйную сываратку.
      Ёсць помнікі і іншым жывёлам. У двары Санкт-
Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта пастаўлены помнік
кошцы, якая падаравала свету “мноства першаступенных
адкрыццяў у фізіялогіі”. У Грэцыі ўзведзены помнік аленям,
якія сваімі вострымі капы́тамі вынішчылі на востраве Радос усіх
атрутных змей. У Парыжскім універсітэце і ў Токіа стаяць
помнікі жабе. Яе лапкі доўгі час служылі электравымяральнымі
прыборамі для вучоных-фізікаў. А ў Англіі і Германіі пастаўлены
помнікі “Апошняму забітаму ваўку”. Гэта, магчыма, сімвалы
позняга раскаяння за неабгрунтаванае знішчэнне разумнага
драпежніка, без якога прырода стала бяднейшая на некалькі
відаў дзікай фаўны. У ЗША ў горадзе Бостане ўзведзены помнік
вераб’ю, якога ўсе і ўсюды лічаць дробным злодзеем. У свой час
вераб’і выратавалі насельніцтва таго краю ад галоднай смерці,
знішчыўшы безліч шкодных вусеняў.
      Усе гэтыя жывёлы заслужылі пашану і ўдзячную памяць
людзей. (240 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 172 | Комментарии (0)


Цыркавы нумар

Цыркавы нумар
      У адным невялікім горадзе з поспехам выступаў знакаміты
цыркавы артыст з дрэсіраванымі коньмі. І кожны раз, калі
канчаўся яго цыркавы нумар і коні пакідалі арэну, на ёй
заставалася нібыта згубленая срэбная падкова.
      Знайсці падкову лічылася добрай прыкметай. Людзі
вераць, што яна прыносіць шчасце. І вось гэты незвычайны
падарунак пасля свайго выступлення артыст падносіў
маленькай дзяўчынцы ці хлопчыку, што сядзелі ў
трынаццатым крэсле трынаццатага рада. Зразумела, што ў
касу цырка стаяла чарга тых, хто жадаў трапіць на гэта
“шчаслівае” месца. Але білеты выдавалі толькі тым бацькам, у
якіх дзеці святкавалі дні нараджэння ў трынаццатых чыслах.
      Аднойчы, калі адгрымелі бурныя апладысменты гледачоў,
у зале ўсталявалася незвычайная цішыня. Усе глядзяць, як
знакаміты артыст уручае срэбны падарунак маленькаму
хлопчыку. І раптам той гаворыць артысту:
      – Дзякую вам, але мне не трэба гэта падкова, бо для мяне
яна вялікая і вельмі цяжкая. Гэта падкова падыходзіць толькі
для дарослых.
Бацькі пачалі ўгаворваць хлопчыка:
      – Ах, як няветліва адмаўляцца ад падарунка! Бяры сабе
падарунак навыраст. Спатрэбіцца потым.
      – Усё навыраст, – захныкаў малы хлопчык. – Забірайце
падкову самі.
      Каб вы бачылі, як моцна засмуціўся артыст! І назаўтра ён
развітаўся з цыркам і адправіўся ў далёкі шлях вандраваць па
свеце. Ён пабываў у розных краінах, нават у тых, дзе людзі
разводзілі для гаспадаркі маленькіх коней – поні.
      А потым артыст зноў прыехаў у гэты горад. Зноў
напоўнены цырк, задаволеныя гледачы. Зноў артыст пасля
заканчэння нумару падносіць срэбную падкову да
трынаццатага месцы з трынаццатага рада. Толькі на гэты раз
– маленькую і зусім лёгкую. (240 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 327 | Комментарии (0)


Далікатны госць

Далікатны госць
      Доўгая зацяжная спёка і духата стамілі людзей і прыроду.
Усё чакала дажджу. І вось спачатку недзе далёка пачалі
ўспыхваць зарніцы, пачуліся прыглушаныя раскаты грому.
Алесь сядзеў на ганку і назіраў за гульнёй зарнічных сполахаў.
Моцна захоплены нябесным буйствам, ён не заўважыў, як да
яго завітаў нечаканы госць. Ціхае папіскванне прымусіла
схамянуцца. Каля ганка стаяў сабака і ўважліва і запытальна
глядзеў на чалавека.
      Што госць не з тых галодных выгнаннікаў, якія бегаюць
па дварах, сведчылі парода і новы скураны ашыйнік, аздоблены
латуннымі бляшкамі. Між тым наляцеў моцны шквалісты
вецер і пачаўся сапраўдны лівень.
      – Хадзем у хату, бо тут мы абодва вымакнем, – паклікаў
гаспадар хаты сабаку і адчыніў дзверы на веранду. Той адразу
зразумеў запрашэнне, скочыў цераз прыступкі і спыніўся на
ганку. Далей не ішоў. Гаспадар вырашыў прыманіць сабаку
каўбасой. Аднак каўбасу той толькі панюхаў і адвярнуў галаву.
Тады Алесь успомніў, што яго гарадскі сусед карміў свайго
сабаку крупнікам. Можа, і гэты прывык да такога корму? На
пліце ў кухні стаяла каструля з гарохавым супам. Хлопец
падагрэў суп, пераліў у міску, вынес на ганак. Сабака панюхаў
і пачаў прагна хлябтаць. Вылізаў пасудзіну і ўлёгся пад лаўку
на верандзе.
      Пасля навальніцы спалася моцна, але Алесь, як
звычайна, прачнуўся рана і пайшоў на веранду. Першая яго
турбота была: як адчувае сябе далікатны госць? Але таго нідзе
не было. Няўжо збег цішком? Не, сабака панура стаяў каля
расчыненых веснічак. Убачыў гаспадара гасціннай хаты,
павесялеў і пабег на дарогу. Вось якая ўдзячнасць! Не мог
сысці, не развітаўшыся з тым, ад каго меў ласку. (249 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 267 | Комментарии (0)


Ластаўчына гняздо

Ластаўчына гняздо
      Нашы ластаўкі, відаць, запазніліся звіць сваё гняздо, і
таму ластавяняты вывеліся ў іх запознена. Іншыя даўно на сваіх
крылах абляталі Жыцькава, а нашы ўсё яшчэ сядзелі ў гняздзе
і прасілі ў бацькоў корму. Час быў збірацца ў вырай, а яны ніяк
не маглі акрылець. Мы бачылі, што нашых ластавянят
кормяць не толькі бацькі. Часам ля гнязда кружылася па пяць-
шэсць ластавак, і ўсе яны неслі малым у дзюбах нейкую
спажыву. Суседзі, падкормліваючы, цярпліва чакалі, калі
вылецяць на крыло нашы малыя.
      Аднаго разу, узлезшы на сена, каб схавацца ад гарачыні,
я не ўбачыў гнязда на яго звычайным месцы. Тут толькі
сіратліва шарэлі рэшткі сухой зямлі і валяліся вялікія і
маленькія камякі, пер’е і пух.
      Раззлаваны, я ўсцягнуў сваіх малых хлопцаў на сена. Але
яны, убачыўшы, што гнязда няма, расплакаліся самі. Я
паверыў: яны гэтага не рабілі. Ужо разам мы пайшлі шукаць
ката Максіма. Той ляжаў у баразне і зацікаўлена назіраў, як
грабуцца куры. Яго мы агледзелі ўважліва, але ніякіх слядоў
разбою не знайшлі. Ні на кіпцюрах, ні на зубах не было ні
пушынкі, ні пярынкі. Кот Максім глядзеў на нас: шукайце,
шукайце, я нічога не рабіў.
      Зразумелі ўсё толькі тады, калі ўбачылі ластавянят. Яны,
моцна ўчапіўшыся лапкамі, побач з дарослымі сядзелі на
провадзе, што гайдаўся ад ветру. Здавалася, яны вось-вось
зваляцца. Ластаўкі самі разбурылі гняздо, каб дзеці хутчэй
аблётвалі свае крылы. Калі не будзе гнязда, дзе хораша і
спакойна сядзець, чакаючы бацькоў з кормам, то давядзецца
давяраць сваім маладым крылам. (240 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 910 | Комментарии (0)


Начны візіт

Начны візіт
     Ваўкі з’явіліся нечакана. Раней мясцовым жыхарам часта
даводзілася сутыкацца з імі, але з той пары прайшло больш за
дзясятак гадоў. Забыліся вяскоўцы пра ваўкоў. Толькі калі-
нікалі ўспаміны відавочцаў уражвалі прысутных, выплёскваліся
красамоўнымі споведзямі, калі праўдзівымі, а калі і з доляй
фантазіі. Нешта падобнае адбылося і на гэты раз.
     Аднойчы зімовым вечарам мы сядзелі за сталом. Пакуль
маці завіхалася каля печы і накрывала на стол, бацька
расказваў майму старэйшаму брату пра начныя выхадкі ваўкоў.
Мяне асабліва ўразіла тое, што бацька казаў, нібы вочы ў ваўка
ноччу свецяцца яркім святлом, як ліхтарыкі. Мне захацелася
пажартаваць.
     – А вунь у акне два агеньчыкі бліснулі! – сказаў я. Словы
мае былі настолькі нечаканымі, што бацька перастаў есці і
паглядзеў у акно. Але там ён нічога не ўбачыў, строга зірнуў на
мяне, зноў прыняўся за вячэру.
     Але бываюць у жыцці супадзенні! Праз некалькі хвілін на
падвор’і гучна забрахаў наш сабака. Брэх быў незвычайны,
неўласціва гучны і адначасова нейкі баязлівы. Потым ён стаў
больш моцны і залівісты. Злёгку слабеючы, брэх стаў
аддаляцца і раптам абарваўся. З вуліцы даносіліся
прыглушаныя адгалоскі грызні.
     Бацька кінуўся на двор. За ім – маці і брат. Выбег і я. Праз
некалькі хвілін зноў пачуўся пагрозлівы і ўпэўнены брэх сабакі.
З боку глыбокага рову да хаты вярталіся бацька, маці і брат.
     – А ты чаго распрануты выскачыў? – пачала сварыцца
маці.
     – Нічога, нічога, не крычы, – сказаў бацька. – Бачыш, ён
ваўка першы заўважыў. А мы спакойна сядзім – думалі жартуе.
     Мы зайшлі ў хату і ўпусцілі сабаку. (240 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 170 | Комментарии (0)


Нечаканая сустрэча

Нечаканая сустрэча
     Ляснік выйшаў на шырокую паляну сярод лесу, спыніўся
і паглядзеў навокал. Ён заўважыў, што мінулай ноччу зноў у
авёс наведаўся мядзведзь. Ласі, алені, дзікі ядуць авёс стоячы.
А вось мядзведзь проста заходзіць у авёс, садзіцца, пярэднімі
лапамі прыхінае да сябе сцяблы і абшморгвае мяцёлкі з
салодкімі зярнятамі. Паабрывае вакол сябе і далей сунецца.
Падзівіўся ляснік на мядзведзеву работу і накіраваўся ў бок
свайго дому.
     Ішоў і думаў, як можна адвадзіць мядзведзя ад аўса. Так
моцна задумаўся, што не заўважыў, як прыйшоў да драўлянага
мастка цераз лясную рачулку. Ужо ступіў на масток і тут
раптам адчуў, што на другім баку нехта стаіць. Глянуў наперад
– валасы дыбам падняліся. Зусім блізка, за пяць крокаў ад яго,
стаяў на задніх лапах вялізны буры мядзведзь.
     Ляснік ад такой нечаканай сустрэчы не мог ні крыкнуць,
ні варухнуцца. Толькі глядзеў мядзведзю ў вочы. На звера
таксама нешта найшло: ён стаяў нерухома і пільна глядзеў на
чалавека. Відаць, сустрэча з лесніком для драпежніка была
таксама нечаканасцю. Потым лясны звер варухнуўся, апусціў
пярэднія лапы, павярнуўся і скаціўся з дарогі ў алешнік.
Апамятаўся трохі і ляснік. Нясмела ступіў на масток, мінуў яго.
Ідзе і азіраецца, пільна ўглядаецца ў густы хмызняк. Ці не
зрабіў раптам там мядзведзь засаду?
     Адышоўся далекавата, азірнуўся і зноў убачыў касалапага,
які пераходзіў масток. Мядзведзь спяшаўся на паляну
ласавацца аўсом.
     Ужо каля вёскі ляснік канчаткова апамятаўся і адчуў, што
нешта важкае адцягвае плячо. Павярнуў галаву і ўсміхнуўся
сам сабе: за спі́най у яго была стрэльба. (240 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 721 | Комментарии (0)


Незвычайная мышка

Незвычайная мышка
     Вялікі чорны кот ляніва, з годнасцю гаспадара, прайшоўся
па двары, ускочыў на плот, а потым перамахнуў на страху
склепа. Прылёг на цёплай страсе і жоўтымі вачамі ўставіўся ў
копку саломы. Часам вушы ката паволі варушыліся, бо звер
нешта выслухоўваў. Ужо другі дзень кот займае сваю пазіцыю
на склепе, пільна сочыць за капой саломы. Няйначай туды на
зіму зашыліся мышы і вось цяпер, калі прыгрэла сонца,
пакрысе разбягаюцца, каб адшукаць новую схованку.
     Раптам кот натапырыў вушы, кончык хваста нервова
заторгаўся. У наступнае імгненне чорны драпежнік пругка
прыўзняўся на лапах, спружыніста падаўся наперад,
рыхтуючыся да нападу. Высунулася востранькая мордачка,
бліснула маленькімі вочкамі. Кот імкліва абрынуўся на ахвяру.
Але што гэта? Чорны драпежнік раптам спыніўся, бы хто
прытрымаў яго за хвост, гідліва чмыхнуў і абыякава
адвярнуўся. Звярок не шмыгнуў у салому, а пачаў хутка
абгрызаць карэньчык, які трапіўся яму. А кот прысаромлена,
няспешна, быццам нічога не здарылася, адышоўся, ускочыў на
куратнік. Невялічкая шэранькая малеча ні на кога не звяртала
ўвагі. Гаспадар вельмі здзівіўся. Нахіліўся, каб лепей
разгледзець дзіўную істоту.
     – Эге, дык гэта не мыш, – здагадаўся гаспадар. – Няўжо
лясная госця?
     Ён узяў звярка, паклаў на далонь. Шэранькі, як мыш,
толькі вушкі маленькія, вострая мордачка. Бацька паклікаў
сына Міколку.
     – Мышка, – адразу вызначыў сын.
     – Не, ты памыляешся. Гэта землярыйка, лясны звярок.
Наш кот паляваў на яе, але сканфузіўся, бо не адразу
распазнаў. Цяпер сядзіць на даху і перажывае за сваю
памылку. Гэта карысны звярок, ён шукае розных чарвякоў,
насякомых. Занясі, сынок, і выпусці на ўзлеску. Няхай жыве.
(243 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 211 | Комментарии (0)