В разделе материалов: 514
Показано материалов: 71-80
Страницы: « 1 2 ... 6 7 8 9 10 ... 51 52 »

Падкідыш

Падкідыш
       Вясною, калі па лясных абшарах зялёным туманам
радасна і дружна ўспыхнулі маладыя лісточкі бяроз, над
урочышчам вавёркі Гарэзы часта стаў даносіцца звонкі голас
зязюлі.
       Таямнічыя былі гэтыя зязюлі. Тысячы разоў чула Гарэза
іх галасы, а пабачыць ніводнага разу не магла. Аднак сакрэт
зязюлі аказаўся не вельмі складаным. Раскрыла яго вавёрка
нечакана для сябе і пры даволі загадкавых абставінах.
       Гуляла Гарэза па хвойніку, радавалася сонцу і цяплу. Над
самай зямлёй прамільгнуў цень птушкі, якая села на маладую
бярэзіну.
       “Ку-ку! Ку-ку!” – раскрыўшы дзюбу, прамовіла птушка і
змоўкла. Гарэзу здзівіла, што зязюля робіць перапынак у
спевах, быццам адказ чакае. І дачакалася. З другога боку
палянкі данеслася звонкая дзіўная песня. Распачалася размова
птушак. Нарэшце, відаць, яны пра нешта дамовіліся. Зязюля
нырнула з галіны ўніз. Раптам з бярэзніку выслізнула парачка
драздоў. Зязюля – наўцёкі, дразды – следам.
       І тут з гушчару вылецела другая зязюля. Скрозь маладое
лісце Гарэза бачыла, як яна прымасцілася ў гняздо драздоў.
Пасядзела там хвілінку і гэтак жа ціхенька ўцякла.
       Дразды вярнуліся. Супакоіліся каля свайго гнязда.
       Напачатку лета вавёрка выпадкова зазірнула ў той
бярэзнік. Увагу яе прыцягнуў моцны крык птушанят. Асабліва
вылучаўся адзін гучны, басавіты голас. Зазірнула Гарэза з
вышыні ў гняздо. А там адно птушаня, значна большае за
астатніх, галосіць на ўсё наваколле. Раптам яно пачало
пасоўвацца да краю гнязда і выкідваць з яго свайго браціка.
Затым яшчэ і яшчэ.
       Прабягалі дні. Птушаня стала намнога большым за сваіх
бацькоў. Гарэза прыгледзелася і заўважыла, што яно вельмі
нагадвае зязюлю. У вавёрчынай галаве ўсплылі вясновыя
падзеі. Дыялог зязюль, пагоня драздоў, кароткі візіт шэрай
птушкі ў гэта гняздо. Дык гэта зязюля падкінула драздам сваё
яйка, а яны ні пра што не здагадваюцца, сумленна гадуюць
чужое дзіця!
       І выгадавалі. Маладая зязюля ўзнялася на крыло. Але
доўга яшчэ лётала за драздамі, адбірала лепшую здабычу. (287
слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 214 | Комментарии (0)


Гарэза

Гарэза
     Людзей вавёрка Гарэза заўважыла здалёк. Яны сядзелі на
нейкім бервяне, што плавала пасярод ціхай затокі, трымалі ў
руках доўгія, гнуткія і прамыя палкі. Вавёрка прыгледзелася,
стала сачыць за паводзінамі гэтых двухногіх істот. А яны так
захапіліся сваёй справай, што на бераг не аглядваліся. Звярок
супакоіўся і пабег далей, не забываючы зазіраць ва ўсе куткі,
каб знайсці нешта ядомае.
     На палянцы па-над абрывам увагу Гарэзы прыцягнуў
нейкі дзіўны прадмет. Вавёрка ўжо хацела прабегчы міма, ды ў
нос ёй ударыў моцны прывабны пах нечага ядомага, вельмі
смачнага. Ішоў ён якраз ад таго прадмета. Гарэза азірнулася на
людзей. Тыя па-ранейшаму сядзелі спінамі да берага. І вавёрка
асмелілася.
     Яна падбегла да палаткі, зазірнула за адхілены полаг:
нікога. А ў куточку горкай ляжалі нейкія прадметы і да знямогі
вабілі сваім пахам. Не задумваючыся, падскочыла да іх, упілася
зубкамі-іголкамі ў чорны бохан. Спадабалася, і вавёрка з
вялікай асалодай грызла і грызла скарынку, глытала мякіш.
Забылася пра ўсё на свеце: пра асцярожнасць, пра тое, што
побач людзі. Апамяталася толькі тады, калі нехта рэзка адхіліў
полаг, выдыхнуў знянацку: “Ой!”
     Гарэза падскочыла. Ад страху і нечаканасці яна на
імгненне страціла арыенціроўку, разгублена забегала па
сценках палаткі, забылася, дзе і выхад. Нарэшце выслізнула
міма чалавека на вуліцу і доўгімі скачкамі накіравалася да лесу.
Ускочыла на бліжэйшы дубок і толькі тут азірнулася.
     Людзі і не думалі яе лавіць. Яны стаялі каля сваёй палаткі
і гучна рагаталі, паказваючы на яе рукамі. Пасля наблізіліся і
доўга з цікаўнасцю разглядалі маленькага злодзея.
     Нарэшце вавёрка супакоілася, перастала калаціцца яе
маленькае сэрца. Яна агледзелася, пераскочыла на суседнюю
бярозку і паскакала з вяршыні на вяршыню ў глыб густога
лесу. Аглядваючыся, бачыла, як людзі прыветна махалі ёй
услед рукамі. (274 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 229 | Комментарии (0)


Каралева агарода

Каралева агарода
     У Еўропу бульба трапіла ў шаснаццатым стагоддзі, і доўгі
час яе ўспрымалі як дэкаратыўную расліну.
     Да нашых дзён дайшла легенда, як бульба ўпершыню
трапіла ў Англію. У другой палове шаснаццатага стагоддзя
прывёз яе з Амерыкі адзін англійскі мараплавец, які вырашыў
здзівіць стравай з яе сваіх сяброў. Кухар прыгатаваў страву з
лісця і сцяблін расліны, і сябрам яна зусім не спадабалася.
Разгневаны гаспадар загадаў знішчыць кусты бульбы. Каб
дагадзіць гаспадару, слугі спалілі кусты нават з клубнямі. Але
калі ў попеле знайшлі печаную бульбу, яна ўсім спадабалася на
смак.
     Французы таксама не адразу сталі ўжываць бульбу ў ежу.
Існуе легенда, што аднойчы парыжскі аптэкар Антуан
Парманцье пачаставаў варанай бульбай самога караля
Францыі, які любіў смачную ежу. Каралева, якой таксама
спадабалася новая страва, неўзабаве пачала ўпрыгожваць
кветкамі бульбы сваю прычоску. Парыжскі аптэкар,
задаволены вынікамі эксперыменту, пачаў прапаноўваць
бульбу простым людзям, аднак тыя катэгарычна адмаўляліся
ад яго пачастункаў. Тады здагадлівы Парманцье на сваім
агародзе, дзе расла бульба, прымайстраваў таблічкі з тэкстам,
у якім прасіў не падыходзіць блізка да яе. Згодна з іншай
версіяй, ён нават паставіў каля свайго агарода варту, якая,
праўда, ахоўвала бульбу не ноччу, а толькі днём. І людзі па
начах сталі красці бульбу. А неўзабаве пачалі вырошчваць і на
сваіх агародах.
     Беларусы сталі спажываць бульбу ў другой палове
васямнаццатага стагоддзя. Спачатку яна таксама лічылася
далікатэсам, але даволі хутка пасевы бульбы пачалі
пашырацца. Праўда, просты люд паставіўся да невядомай яму
раней расліны, якую празвалі “землянымі яблыкамі”, досыць
насцярожана. Аднак ужо ў дзевятнаццатым стагоддзі бульба
ўпэўнена заваявала беларускія агароды. Дарэчы, тады ж, у
дзевятнаццатым стагоддзі, з’явіліся першыя ўласнабеларускія
гатункі бульбы. (259 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 511 | Комментарии (0)


Нечаканы госць

Нечаканы госць
     Старэнькі аўтобусік, пагойваючыся на ўмёрзлых
калдобінах дарогі, паціху аддаляўся ад гарадка. Праз дзве
гадзіны Янка выйшаў на патрэбным яму прыпынку і застаўся
на дарозе адзін. Адсюль, ад гэтага прыпынку, да невялікай
вёсачкі дзядзькі Ігнася чатыры вярсты. Сёння яны з дзядзькам
Ігнасем будуць паліць лазню.
     Пакуль прыйшоў, добра звечарэла. У хаце гарэў агонь.
Янка ўвесь белы, абмецены завірухай, не стукаючыся, адчыніў
дзверы.
     – Нічога, нічога, – сказаў дзядзька Ігнась і ступіў госцю
насустрач, дапамог зняць з плячэй рукзак, бо пальцы таго
заледзянелі і не слухаліся.
     – Калі не будзе зімой бела, то не будзе ўлетку зелена, –
гаварыў дзядзька Ігнась, дапамагаючы госцю распранацца. –
Думаў, што ўжо і не прыедзеш сёння. Але нічога, нічога… Самы
раз. Праз гадзіну якую і парыцца будзем з табою.
     Злёгку перакусіўшы, яны выйшлі з хаты і накіраваліся да
лазні. Лазня стаяла за гумном, непадалёку ад лесу. Дзядзька
Ігнась, як заўсёды, наперадзе. Каб лішне не таптаць снег, Янка
ішоў за ім след у след. Падышлі яны да самай лазні. Дзядзька
намацаў рукою выключальнік, пстрыкнуў ім, і яны падалі́ся ў
сярэдзіну. Зайшлі – і аслупянелі. Пазіраюць адзін на аднаго – і
ні слова. Хочуць нешта сказаць, а языком павярнуць не можа
ні адзін, як праглынуў яго ўсё роўна. На шырокім дубовым
палку, на тым самым месцы, дзе яны з дзядзькам лупцаваліся
бярозавым венікам, цяпер галавой да іх ляжала рысь.
     – Ацю! Ацю! – раптам крыкнуў дзядзька Ігнась і схапіў ля
печы палена. Рысь падхапілася на высокія ногі, прыгнулася і
скокнула. Янка не паспеў адляцець убок: моцны ўдар у грудзі
паваліў яго на падлогу. Калі крыху ачухаўся, дзядзька Ігнась
сказаў: “Прабач, гэта я ва ўсім вінаваты. Вечарам, калі насіў у
лазню ваду, забыўся зачыніць дзверы”.
     – Можа, і рысь папарыцца хацела, – пажартаваў Янка.
     Вядомы выпадкі, калі рысь наведвалася нават у гарады.
На жаль, яна даўно ўжо рэдкі звер у лясах Беларусі. (294
словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 235 | Комментарии (0)


Калі зайцы смелыя

Калі зайцы смелыя
     Вечарэла. Садзілася на спачын сонца. Залатое святло яго
развітальных промняў запоўніла сабой палянку. Яшчэ здалёк
на палянцы Янка ўбачыў зайку. Каля высокага куста ядлоўцу
ён ласаваўся дзікай канюшынай. Нечакана над палянкай
з’явіўся каршун. Зайка, не чуючы пад сабой ног, кінуўся ў
кусты арэшніку.
     Каршун праляцеў над палянкаю, развярнуўся і таксама
скіраваў да арэшніку. Раптам ён рэзка спікіраваў да зямлі, але
зайка выбег яму насустрач і ўдарыў драпежніка пярэднімі
лапамі.
     Каршун сігануў угору і тут жа зноў кінуўся на зайчыка.
Зайка не разгубіўся. Выскачыў наперад і ўдарыў яго лапамі.
Драпежнік усё насядаў, але зайка не здаваўся. Фыркаў,
біў каршуна пярэднімі лапамі. Такое нельга было больш
трываць, і хлопец прыспешыў крок, закрычаў.
Каршун спалохаўся, паляцеў з палянкі. Схаваўся ў кустах
і зайка-смяльчак. Янка падышоў да ляшчыны, а пад ёю двое
зайчанятак ляжаць.
     Многія лічаць, што заяц баязлівы, але гэта на самай
справе не так. Ён асцярожны, бо ў яго шмат ворагаў: і
драпежныя птушкі, і ліса, і воўк, і чалавек са стрэльбай. І ён
уцякае, каб уратавацца, выжыць.
     Клапоцяцца зайцы і пра сваё патомства. Зайчыха,
асабліва русачыха, у спецыяльным гняздзе ў халоднае надвор’е
сагравае сваіх дзетак. А калі непадалёку вораг, адцягвае ўвагу
на сябе: скача, фыркае, стукае лапкамі. Зайчанят маці корміць
малаком тры–чатыры тыдні, хоць траву яны пачынаюць есці
намнога раней.
     А паветра ўсё сінела і сінела. Хутка на зямлю апусціцца
цемень. Янка ішоў дамоў і радаваўся, што ноч наўкола
ўладарыць, што зайчыха пра паядынак з каршуном
забудзецца, да дзетак вернецца. (243 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 258 | Комментарии (0)


Губаты

Губаты
     Прайшло некалькі тыдняў. Ласяня акрыяла, пачула, што
ў яго падсохла і залячылася рана. Ноччу яно спала ў
падпаветцы на ахапку сена, а днём гуляла па двары,
пазнаёмілася з усімі яго насельнкіамі. Шчыра палюбіла
гаспадара, добрага і спагадлівага чалавека. Мірна ўжылася з
таварыскім сабакам, са свавольнікам цялём, амаль равеснікам,
з якім гойсала па двары. З курамі, гэтай драбнатой, яму было
нецікава, і яно без ніякай злосці, толькі дзеля жарту наўмысна
ганялася за імі, нясмелымі, палахлівымі, бачачы, як яны
разлятаюцца. Гаспадар за тое ўпершыню накрычаў на ласяня,
сказаўшы, што куры пасля губляюць пер’е і не нясуцца. З
вялікай каровай ніякага сяброўства адразу не выйшла: яно
памкнулася папіць малака, але тая балюча трэснула яго нагою.
     Найбольш жа ласяня пасябравала з гаспадаровымі
дзецьмі – з хлопчыкам і дзяўчынкаю. Разам яны і дурэлі, і
бегалі па двары, яно брала з іхніх рук пернікі, смачны хлеб і
цукеркі. Ад іх ласяня атрымала дураслівую мянушку Губаты.
Прыдумаў гэта хлопчык. Ён усё дзівіўся, што ў яго, ласяняці,
такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа, вось і выдумаў.
     Спачатку называлі так дзеці, а тады пачалі гэтак клікаць
і дарослыя.
     У адзін з апошніх летніх дзён у хлеў прыйшоў гаспадар,
прынёс яму паўвядра пойла. Губаты тыцнуўся ў вядро, абліў да
вачэй морду і выплеснуў амаль усё долу. Ляснік моўчкі пазіраў,
але не злаваўся. Пасля яны падаліся з двара на пашу. Гаспадар
прыпыніўся, пагладзіў па спі́не ласяня і сказаў: “Ідзі, звярок
мілы, да свайго, а пра нас забудзь”. Малое прыпусціла да
самага лесу, а тады вярнулася назад, не разумеючы, што гэта
робіцца. (250 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 290 | Комментарии (0)


У жніўні сорак першага

У жніўні сорак першага
      Даспявала патрывожанае лета. У тую ноч за возерам
неспадзявана затрубіў лось. Гэта быў першы выгнаны вайной
лось, які прывандраваў сюды, за Бесядзь, аднекуль з далёкай
Бярозаўскай пушчы.
      Раней ласі лічыліся гаспадарамі сярод звяроў у забесядскіх
лясах. Магутныя, яны блукалі па звыклых сцежках, аб’ядалі
на маладых дрэвах кару. Часам яны пераплывалі Бесядзь, і
тады іх можна было бачыць каля вёсак, разам са свойскай
жывёлай.
      Але наставалі для ласёў дрэнныя часы. У шведскую вайну
абедзве арміі – і шведская, і руская – харчаваліся пераважна
ласіным мясам. Тады забесядскія лясы недалічыліся сахатых.
Вайсковыя каманды палявалі на іх скрозь, здабываючы танна
мяса, за якое не трэба было плаціць ні крэйцара, ні рубля. У
час паўстання Вашчылы таксама шмат загінула гэтых
насельнікаў пушчы. Радзівілавы ўланы ганяліся за ласямі гэтак
жа, як і за паўстанцамі. У тыя гады ў еўрапейскіх краінах
пайшла мода на ласіны – скураныя рэйтузы. Добрыя ласіны
каштавалі вялікія грошы, і ўланы, пільнуючы ў пушчы
паўстанцаў, не забываліся пра ласіныя стаянкі. Для іх гэта быў
выгадны промысел.
       Больш за ўсё пагінула ласёў, калі распрадаваліся землі
Рэчы Паспалітай. Тады мясцовыя паны заманьвалі да сябе
замежных купцоў і прадавалі ім лес. Прагныя купцы высякалі
пушчу не адзін і не два гады. На вызваленых дзялянках пачалі
будавацца сяляне. Паступова чалавек станавіўся гаспадаром
пушчы. Здарылася так, што менш як за дзве сотні гадоў
сахатыя перавяліся за Бесяддзю цалкам. Здавалася, ужо ніколі
сахатыя не вернуцца сюды. І вось у жнівеньскую ноч сорак
першага года зноў тут затрубіў лось. (241 слова)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 138 | Комментарии (0)


Шчаслівая вавёрачка

Шчаслівая вавёрачка
      Гэта гісторыя адбылася ў Кіславодску, горадзе
санаторыяў. Чыстае паветра, горы, лясы, прагулачныя сцежкі,
шырокія, роўныя, дагледжаныя. На прагулкі ўсе абавязкова
бралі з сабой арэшкі, бо на высачэзных лясных дрэвах жыло
шмат ручных вавёрак, якія з вялікім даверам ставіліся да
людзей. А ў людзей у кішэнях заўсёды ляжалі арэшкі –
пачастунак для вавёрачак. Такі быў няпісаны закон. Яго ўсе
шчыра выконвалі.
      Але аднойчы адбылося нешта неверагоднае. У адной
маладой жанчыны заканчваўся адпачынак. Вечарам яна мусіла
ляцець самалётам дадому. Перад ад’ездам вырашыла апошні
раз прагуляцца, пакарміць вавёрачак. Набрала арэшкаў у
сумку, выйшла на любімую сцежку, а жменьку арэхаў трымала
на далоні.
      Адна вавёрачка – а зрок у іх добры – убачыла арэшкі і
памчалася да жанчыны. Даверліва села на руку, пачала грызці
смачны пачастунак. Калі арэшкі на далоні скончыліся,
жанчына адкрыла сумку. Вавёрачка, пабачыўшы арэшкі,
адразу ж скокнула ў сумку.
      У сваім пакоі жанчына паставіла сумку на стол і пачала
збіраць чамадан. Старанна правярала, каб нічога не забыць.
Перад дальняй дарогай заставалася яшчэ трошкі часу да
аўтобуса. Жанчына прысела, узяла са стала сумку, каб
праверыць пашпарт і білет, раптам са здзіўленнем заўважыла,
што ў сумцы сядзіць вавёрка… Жанчына ўзяла яе ў рукі,
зазірнула ў сумку. Там валяліся шкарлупінкі ад арэхаў і нейкае
смецце. Жанчына здзівілася: адкуль яно там? Пачала
ўглядацца – няма білета на самалёт. Страшэнная думка
прыйшла ёй у галаву: з’еўшы арэшкі, вавёрка згрызла білет!
Раззлаваная жанчына адчыніла акно (жыла яна на першым
паверсе) і выпусціла гэту свавольніцу на свабоду.
      Шчаслівая вавёрачка пабегла ў свой родны лес.
      А жанчына сядзела ў пакоі і ў роспачы думала: “Дзе ўзяць
грошай на новы білет?” (259 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 305 | Комментарии (0)


Варона-гультайка

Варона-гультайка
     Алесь сядзеў у крэсле і чытаў кнігу, калі за акном пачуў
вароніна карканне. Каго-каго, а варон у вёсцы хапае, але гэта
быў не проста крык, а цэлы лямант, з якога часам пачынаюцца
самыя сапраўдныя бойкі.
       Хлопец адклаў кнігу, падышоў да акна, каб зірнуць, што
там робіцца, і ўбачыў на сваім надворку не адну, а дзве вароны
– старую і маладую, перад якімі ляжала хлебная скарынка.
Якраз у гэты момант маладая варона, пэўна ж, дачка, зноў
некалькі разоў патрабавальна каркнула, пасля чаго адразу ж
сцішылася ў чаканні з шырока раскрытай дзюбай. Было
няцяжка здагадацца: гультайка хоча, каб варона-маці яе
пакарміла хлебнай скарынкай. Але, па ўсім відаць, тая лічыла,
што дачка і сама ўжо справіцца з такой работай, і толькі
круціла галавой: маўляў, ох і распесціла я цябе на сваю галаву!
У народзе кажуць: лепей позна, чым ніколі. Пэўна, і птушкам
знаёма гэта мудрасць. І калі маладая варона зноў закаркала,
старая ўзяла ў дзюбу хлебную скарынку і шпурнула яе далей
ад сябе.
      Абедзве вароны кінуліся да спажывы. Старая ці не знарок
прыпазнілася, спадзеючыся, што дачка схопіць скарынку. Дзе
там! Тая ўзняла такі гвалт каля хлеба, хоць вушы затыкай.
Аднак і варона-маці ў сваім навучанні аказалася надзіва
цярплівая. Зноў паляцела скарынка, зноў за ёй кінуліся
птушкі.
      Ды тут усё спасавала гаспадыня надворка – пярэстая
кошка, якая выскачыла з сенцаў.
        Маладая варона, не раздумваючы, узмахнула крыламі і
праз хвіліну схавалася за дахам суседняй хаты. Старая ж
спачатку папераджальна каркнула на ўвесь надворак, схапіла
ў дзюбу хлеб і толькі пасля гэтага кінулася даганяць дачку.
(248 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 278 | Комментарии (0)


Танец жураўлёў

Танец жураўлёў
     Вясна ў той ваенны год прыпазнілася і вельмі старалася
нагнаць упушчаны час. Днём сонца стала добра прыграваць.
Жураўлі недалёка ад партызанскага лагера пачалі наладжваць
танцы на балоце. Аднаго разу партызанскі сувязны Васіль
захацеў паглядзець, як птушкі танцуюць. Устаў рана,
прытаіўся ў кустах, яму добра было відаць усё балота. Лес
ажывіўся радаснымі песнямі, вясёлым гоманам і крыкамі
птушак.
     Раптам прыляцеў журавель, сеў на невялікі ўзгорак, стаў
прыхарошвацца. Памыўшыся і прычасаўшы пер'е, ён узняў
галаву і гучна крыкнуў. Не прайшло і хвіліны, як з усіх бакоў
пачалі злятацца жураўлі. Іх сабралася больш за дваццаць.
Сонца ўжо паднялося над лесам.
      Першы журавель выйшаў на сярэдзіну палянкі. Ён быў
самы прыкметны: у яго была бялейшая шыя, а ў хвасце
некалькі пер’яў апускаліся амаль да зямлі. Ён выцягнуўся,
абвёў поглядам усіх птушак і раптам, быццам на спружынах,
падскочыў на цыбатых нагах.
      Гэта было запрашэнне на танец. Жураўлі расступіліся,
даючы месца танцорам. Самыя жвавыя і спрытныя выйшлі на
сярэдзіну паляны. Яны ўзмахнулі крыламі, падскочылі і пачалі
танцы. Яны тупалі нагамі, выгіналі шыі, кланяліся адзін
аднаму. З кожнай хвілінай танцоры ўсё больш разыходзіліся.
Да іх далучаліся іншыя жураўлі. Зусім нечакана, як па
камандзе, танцоры пасталі, разабраўшыся парамі, дзюба ў
дзюбу. Падняўшы шырока крылы і распушыўшы хвасты,
птушкі пачалі круціцца на пляцоўцы, нібы віхор. Жураўлі, якія
не танцавалі, стаялі навокал і білі крыламі.
     Доўга танцавалі і весяліліся жураўлі. Здавалася, іх танцам
і весялосці не будзе канца. Калі сонца паднялося высока і стала
добра прыпякаць, крылатыя танцоры і гледачы разляцеліся,
каб заўтра зноў сустрэцца на гэтай пляцоўцы. (250 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 464 | Комментарии (0)