В разделе материалов: 514
Показано материалов: 21-30
Страницы: « 1 2 3 4 5 ... 51 52 »

Прыгажуня

Прыгажуня
      Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы
маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна. Ніхто ў
Куранях не зауважыў, калі i хто пасадзіў яе. Не бачылі як трэба
яе i тады, калі яна красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкую
празрыста-зялёную сукенку з кволых, розных лісточкаў. Дні за
днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсix, хто
праходзіў міма, – сціплая, непрыкметная, за нязграбным
плотам, блізка ад вялікіх дрэў. Ніхто не звяртаў на яе ўвагі,
мылі, песцілі яе толькі цёплыя дажджы ды любілі шумець
маладым лісцем вятры. Людзі ж яе не заўважалі, спачатку
таму, што проста не прыкмецілі, а потым таму, што
непрыкметна прывыклі.
      I неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у
жнівеньскім росквіце рабіна заружавела яркім хараством,
гарачым полымем агністых гронак. I не адны вочы, не
абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства,
глядзелі здзіўлена, зачаравана: «Глядзі ты!..»
      Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна. Яшчэ, здаецца,
учора была гарэза, падлетак, а вось ужо, глядзіце – у самай
красе дзяўчына. Калі толькі вырасла?
      Той, каму быў час i ахвота прыглядацца, хто ведаў Ганну,
заўважаў, што перамянілася яна не толькі з аблічча. Яна
хадзіла стрымана i паважна. Нават смяялася цяпер яна інакш,
— смех быў ужо не бесклапотны, не пусты па-дзіцячы, у ім як
бы штосьці таілася. Як i раней, не было, здавалася, такой
хвіліны, каб вочы яе, вільготна-цёмныя, падобныя на спелыя
вішні, былі абыякавыя, нудлівыя, увесь час блішчэла, ззяла
неўціханае хваляванне. Іншы раз маглі яны, як іраней, бліснуць
і весялосцю, але часта, вельмі часта гарэлі ў іх недавер і
насмешка. У цудоўных вішнёва-чорных вачах дзяўчыны нешта
таілася.
      Амаль усе аднавяскоўцы заўважылі, што, набыўшы
паважнасці, Ганна разам з тым стала i больш неспакойнай –
аж залішне задзірыстай. Нікому ў Куранях не даспадобы была
i яе ганарыстая ўпэўненасць: ледзь не кожным учынкам Ганна,
здавалася, паказвала, што ў яе на ўсё свае меркаванні, свой
цвёрды погляд. (304 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 228 | Комментарии (0)


Жыве на свеце Шчасце

Жыве на свеце Шчасце
      Жыве на свеце Шчасце. У якім месцы? Невядома. Але
што ёсць яно – ведаюць усе. Кажуць, што прыходзіць Шчасце
абавязкова да кожнага, хоць аднойчы ў жыцці.
      Села Шчасце на ўскраек акенца маленькай шэрай
птушкай. Крылы склала, чакала, пакуль нехта прыйдзе. Шмат
часу прайшло, так яго і не заўважыў ніхто. Далей паляцела.
      Да іншых завітала, пагукала. Падышлі да яе, запыталіся:
“Што трэба?” “Шчасце я”, – адказала ледзь чутна. “Хіба ты
можаш быць Шчасцем? – здзівіліся. – Шчасце вялікае,
бліскучае – яго здалёк бачна. А ты маленькае, непрыкметнае.
Ляці, куды хочаш!”
      Узнялося Шчасце ў неба і паляцела далей. У іншым
акенцы святло ўбачыла, зазірнула: “Можа, вам Шчасце
патрэбна?” Там доўга думалі, разважалі, куды яго падзець, ці
патрэбна яно. “Прабач, не да цябе зараз, клопатаў незлічона.
Ляці далей!” – і зачынілі акенца. Паляцела Шчасце далей.
      Доўга лятала. “Няўжо я так нікому і не патрэбна?” –
думае. Спынілася вадзіцы папіць з крынічкі. У ваду паглядзела
– сябе ўбачыла. “Хіба хто гэткае маленькае заўважыць?” –
уздыхнула і зноў паляцела.
      Села на ўскраек акенца маленькай шэрай птушкай.
Крылы склала. Толькі разочак гукнула ціхенька. Стамілася,
вочы прыжмурыла.
      Цёплымі далонямі асцярожна пагладзілі яе. “Чаго ты,
Шчасцейка, засумавала?” – спыталі. Расплюшчыла Шчасце
вочы, усміхнулася радасна: “Як вы мяне пазналі? Я ж з
выгляду – непрыкметнае”. У адказ пачула: “Дзякуй, што
завітала. Як жа цябе не пазнаць? Сапраўднае заўсёды бачна. А
тое, што яркіх фарбаў ды бляску няма, дык навошта Шчасце
ўпрыгожваць?”
      Засмяялася Шчасце! Званочкамі срэбранымі заспявала.
Расхінула крылы над тымі, хто яго пазнаў.
      Доўга гасцявала Шчасцейка, але трэба зноў у дарогу –
столькі яшчэ акенцаў наперадзе. Пакінула часцінку свайго
сэрца россыпам Кахання, Дабрыні, Пяшчоты. Колерамі
вясёлкавымі ззяюць яны ў душах і цяпер. Светла ад іх, таму і
берагуць. (271 слова)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 279 | Комментарии (0)


Прадвесне мары

Прадвесне мары
      На Яўменавай гары было людна. Тут сабраліся і старыя, і
малыя – усе, хто даведаўся, што Віталь збіраецца паляцець на
нейкім апараце, якога тут раней ніхто не бачыў.
      Калі Віталь з хлопцамі прынеслі на гару дэльтаплан,
змайстраваны сваімі рукамі, узмацніўся вецер. Пасялкоўцы і
дырэктар школы адгаворвалі Віталя, папярэджвалі, упрошвалі
не ляцець. Але хлопец не звяртаў увагі на іх, жартуючы,
рыхтаваўся да палёту. Віталь хадзіў вакол дэльтаплана, нешта
насвістваў сабе пад нос, кратаў крылы, пазіраваў перад
фотаапаратам. Дзятва кружылася вакол хлопца роем, з
зайздрасцю пазірала на дэльтаплан.
      Праз нейкі час Віталь ляцеў над стадыёнам вышэй за
старыя, абсыпаныя белым іскрыстым снегам сосны. Ляцеў ён
свабодна, выцягнуўшы, нібы бусел, ногі, пагойдваючы доўгімі
крыламі дэльтаплана, пазіраючы з вышыні на зямлю, якая яго
нарадзіла.
      Гэта зямля была паліта кроўю тых, хто абараняў яе са
зброяй, потам бацькоў, якія ў цяжкі пасляваенны час будавалі
пасёлак. Яна сваім цяплом грэла босыя ногі Віталева
дзяцінства.
      Робячы круг, хлопец узнімаўся ўсё вышэй і вышэй, і
цяпер з зямлі ўсім, хто верыў, што ён узляціць, здаваўся
маленькім, але моцным і смелым.
      Усе, хто дачакаўся гэтага моманту, каціліся з гары ўніз,
потым беглі па стадыёне, і, падкідваючы ўгару шапкі, крычалі
“ўра”. Фотаапарат спыняў дзівосныя імгненні перамогі Віталя.
– Ляціш! Ляціш! – крычалі радасна пасялкоўцы.
      Тысячы людзей да гэтага часу ўздымаліся ў неба не толькі
на такіх, а на значна лепшых апаратах, але Віталеў палёт над
зямлёй здаваўся сімвалам сапраўднага імкнення ў вялікае
жыццё. Імкнення да яшчэ не зусім акрэсленай мары. Гэты
палёт быў яе прадвеснем, як прадвеснем раніцы бывае песня.
(249 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 206 | Комментарии (0)


Марш-кідок

Марш-кідок
      Курсант вышэйшага агульнавайсковага вучылішча
Мікалай Саковіч прыехаў на пабыўку і адразу заспяшаўся ў
школу, каб наведаць сваіх настаўнікаў, расказаць
старшакласнікам пра сваё вучылішча. Можа, хто з хлопцаў
захоча стаць афіцэрам.
      Сваю размову з шасцікласнікамі Мікалай пачаў так:
      – Я заўсёды быў упэўнены, што даб’юся свайго, калі будзе
трэба. Але толькі ў арміі зразумеў, што шляхі не адкрываюцца
перад тымі, хто не змагаецца з цяжкасцямі.
      Вы, безумоўна, ведаеце, што такое марш-кідок. Аднойчы
пайшлі мы маршам. Ідзём па глыбокім снезе гадзіну, другую.
Камандзір нашага ўзвода быў нястомны, ішоў, як і мы, у поўнай
экіпіроўцы: процівагаз, зброя, рэчмяшок вагой кілаграмаў
дзесяць.
      На прывале камандзір аб’явіў, што той, хто жадае, можа
вярнуцца. Салдаты, якія не разлічвалі на свае сілы, выйшлі са
строю. У гэтай невялікай шарэнзе аказаўся і я. Камандзір
пастроіў нас і адправіўся назад. Па твары яго цяжка было
вызначыць, асуджае ён нас ці шкадуе.
      Становішча наша было больш выгадным: мы вярталіся, а
нашым таварышам невядома колькі яшчэ давядзецца ісці
наперад. Мы адчулі палёгку, бо вяртацца можна было ў
павольным тэмпе. Навокал, здавалася, усё зіхацела,
усміхалася. Але, шчыра кажучы, на душы ўсё ж было не зусім
радасна. Мой сябар Валодзя Пазнякоў, які разам са мною і
школу скончыў, і ў вучылішча паступіў, стаміўшыся, не
павярнуў назад, хоць фізічна быў слабейшым.
      Паступова стомленасць брала сваё, і пад вечар мы дайшлі,
дакладней, дацягнуліся ў лагер. Якім жа было наша здзіўленне,
калі мы ўбачылі сваіх таварышаў! Аказваецца, камандзір узвода
павёў нас па крузе і, калі засталося ўсяго некалькі кіламетраў
да вучылішча, прапанаваў вярнуцца назад. Гэтым маршам
лейтэнант правяраў нашу сілу духу, настойлівасць.
      Мікалай замаўчаў, абвёў позіркам клас. Шасцікласнікі
ўважліва глядзелі на яго.
      – Вось расказаў вам, і лягчэй на душы стала. Кажуць, каб
прызнаць свае памылкі, трэба таксама мець мужнасць. (283
словы).


Зборнік пераказаў | Просмотров: 238 | Комментарии (0)


Фрэгат

Фрэгат
      Дзеці з захапленнем назіралі, як за акном узмывалі ў неба
стрыжы і гэтак жа дружна пікіравалі ўніз. У гэты момант
дзверы адчыніліся, і ў клас зайшла Соф’я Антонаўна, іх
настаўніца. Другакласнікі пабойваліся і любілі Соф’ю
Антонаўну. Столькі цікавага яна расказвала: пра птушак і
звяроў, пра нашых далёкіх продкаў, пра Месяц і планеты
Сонечнай сістэмы… Што ж пачуюць яны сёння? А настаўніца
замест чарговага аповеду спытала, ці ведаюць вучні, што такое
фрэгат?
      Паказаў свае веды Віцька. Ён пачаў расказваць пра акіян,
моры, пра старадаўнія парусныя ваенныя караблі, якія
называліся фрэгатамі.
      Настаўніца спытала, ці ведаюць школьнікі што-небудзь
пра іншыя фрэгаты. Руку падняла Дзіна, яна пачала
распавядаць пра птушак-фрэгатаў, якіх бачыла ў тэлеперадачы
“У свеце жывёл”. Гэтыя вялікія марскія птушкі з загнутай
дзюбай маюць размах крылаў да двух метраў. Фрэгаты ловяць
лятучых рыб, а таксама адбіраюць іх у чаек, калі тыя
вынырваюць з вады. Фрэгаты нават крадуць з чужых гнёздаў
птушанят. Жывуць гэтыя птушкі там, дзе вельмі цёпла.
      – Ёсць і іншыя фрэгаты, – дадала Насця, дзяўчынка з
зялёна-сінімі, як марскія хвалі, вачамі. – Калі ехала з дзедам у
вёску, сама бачыла зусім іншы фрэгат.
      Усе павярнуліся да аднакласніцы. Яна часта здзіўляе чым-
небудзь незвычайным.
      – Ёсць яшчэ фрэгат, які вельмі дапамагае людзям у час
засухі. Гэта такая даўжэ-э-эзная арашальная машына.
      Насця пачала расказваць, як аднойчы ехала з дзедам па
Магілёўскай шашы.
      Пякло сонца, і ўсё навокал было жоўтым ад спёкі. Раптам
яны ўбачылі ярка-зялёную рунь, якая раскінулася ледзь не да
гарызонту. Па ёй марудна-марудна рухалася даўжэзная, нібы
гіганцкая гусеніца, машына. З машыны па ўсёй даўжыні ліўся
дождж, а над ёй рознымі колерамі адлівалі вясёлкі. Насця
пачала распытваць дзеда пра машыну.
      Дзед, які некалі працаваў у інстытуце меліярацыі
старшым навуковым супрацоўнікам, расказаў унучцы, што
гэта прыстасаванне – арашальная машына і называецца
“Фрэгат”, як і карабель. Здаецца, што плыве гэта машына па
моры, толькі не сінім, а зялёным, і поіць рукатворным
дожджыкам паніклыя ад смагі расліны: траву, капусту,
моркву.
      Вось такім цікавым і пазнавальным аказаўся ўрок. (319
слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 165 | Комментарии (0)


Му́зыка

Му́зыка
      Яшчэ не скончылася вайна, Чырвоная Армія толькі
вызваліла Беларусь, калі ў пасёлку адкрылі дзетдом. Жылі
дзетдомаўцы ў халодным каменным доме. Выхаванцаў па
першым часе было мала, толькі чацвёра.
      Першыя дні дзецям было вельмі цяжка. Яны сумавалі па
родным доме, хоць ведалі, што бацькі іх загінулі. Займацца з
дзецьмі выхавальніцы Веры Паўлаўне асабліва не было калі:
яна то гатавала дзецям ежу, то што-небудзь мыла, то
прыбірала пакой.
      Аднойчы, выгадаўшы вольную часіну, Вера Паўлаўна
сабрала дзяцей у зале, дзе стаяў стары раяль. Моўчкі, без
ахвоты, акружылі яны выхавальніцу і чакалі. Амаль кожны з
іх брынкаў ужо не адзін раз на гэтым вялізным чорным
інструменце. Вера Паўлаўна, седзячы на зэдліку, то
падсоўвалася бліжэй да раяля, то адхіналася зноў назад. Было
відаць, што хвалявалася.
      І вось пачуліся першыя гукі. З’явілася такое адчуванне,
быццам, глуха пагрымваючы, насоўваецца хмара. Раптам
музыка стала мацнець, набіраць сілу, і перад вачыма паўсталі
карціны бою.
       Мінуў нейкі час, і музыка стала мяняцца, гукі цішэлі, і тут
раяль заспяваў тоненька і далікатна. Здавалася, нарадзіўся
праменьчык, а потым як быццам узышло сонца, яркае,
прамяністае. І ад музыкі, якая цяпер гучала, было так хораша
на душы, нібы ўсе яны апынуліся сярод кветак на квяцістым,
духмяным лузе.
       Дзяўчынкі прытуліліся адна да адной, абняліся і за ўвесь
час нават не паварушыліся. Хлопчыкі таксама. У вачах ва ўсіх
стаяла святло радасці. Калі ж музыка сціхла, нікому не
хацелася нікуды ісці адсюль.
       З таго часу яны збіраліся ў вольны час сваёй сямейкай
каля раяля, што парадніў іх, і прасілі Веру Паўлаўну пайграць.
(246 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 384 | Комментарии (0)


Вячэра на паравозе

Вячэра на паравозе
     Станцыя невялікая, таму праца на паравозе пераважна
ўдзень. А калі замігцяць семафоры і месяц абалье рэйкі
сярэбраным святлом, тады ў машыніста Андрэя настае
адпачынак. Стары дастае з куфэрка, што схаваны за тормазам,
шчарбаты чайнік, налівае яго вадою і, калі гараць яшчэ дровы,
прымайстроўвае чайнік ля топкі. Потым старанна выцірае
запэцканыя чорныя рукі, дастае ручнік, пракопчаны кавалак
мыла і ідзе да вадакачкі. Прывёўшы ўсё да парадку, Андрэй
садзіцца на сукаваты чурбак перад топкай і моўчкі чакае
вячэры. Хутка чайнік пачынае выказваць адзнакі непакою:
падскоквае на́крыўка, нос пускае гарачыя пырскі, увесь чайнік
пачынае трымцець, як у той ліхаманцы. Ледзь прыкметная
ўсмешка прабягае па шчаціністым твары Андрэя. Такім жа
манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам. Тут
ужо Андрэй робіцца весялейшым, бо больш работы: трэба
круціць, пераварочваць, бо як не даглядзіш, дык перапячэцца.
     Ад печанага сала па ўсіх лініях разносіцца прыемны пах.
Да таго прыемны, што дзяжурны стрэлачнік, пацягнуўшы
носам, перадумаў ісці дахады, а стаў неяк дужа старанна
праціраць ліхтар. Вось некалькі рамонтных рабочых, якія
летам звычайна начуюць на станцыі, як па камандзе, павялі
насамі і ўтаропіліся ў паравоз.
     У госці да Андрэя збіраецца цэлы гурт моладзі. Ён частуе
хлопцаў. Хутка да кампаніі далучаецца стрэлачнік, заходзіць
на аганёк пуцявы абходчык Антон. Бразнуўшы на зямлю торбу
з інструментамі, ён лезе на прыступкі і кажа: “Дзень добры”.
     Андрэй корпаецца ў топцы, дастае вугаль, кідае яго з
далоні на далонь, здзьмухваючы попел.
     А за паравозам стаіць ціхая ноч і мігцяць пад месяцам
рэйкі-стужкі. (241 слова)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 219 | Комментарии (0)


Хто там?

Хто там?
     Была ў кіраўніка студыі выяўленчага мастацтва Сяргея
Пятровіча Каткова дзіўная якасць. Заключалася яна ў тым,
што педагог прыходзіў у дом да сваіх вучняў, каб спакойна
пагаварыць з бацькамі пра будучыню іх дзіцяці.
     Зразумела, што гэта няпроста. Час для такой сур’ёзнай
размовы трэба было знайсці. А добрага выніку можа і не быць.
Таму што бацькі заўсёды лічаць, што яны лепш за ўсіх ведаюць,
якую прафесію трэба абраць для іх нашчадка, каб яго жыццё
было шчаслівым, цікавым і заможным. Але настаўнік
малявання заўсёды знаходзіў час, каб сустрэцца з бацькамі
вучня і пераканаць іх у неабходнасці для іх сына ці дачкі абраць
за спецыяльнасць выяўленчае мастацтва.
     Сяргей Пятровіч ехаў на другі канец горада. Мёрз у
трамваі, чакаў аўтобусаў на прыпынках. Прыходзіў і доўга
пераконваў дарослых, што з іх сына ці дачкі можа атрымацца
сапраўдны мастак. Настаўнік разумеў, што праз некалькі гадоў
ці нават тыдняў ужо нічога не паправіш, назад не павернеш.
Разумеў і тое, што чалавек павінен займацца тым, да чаго ў яго
ляжыць душа, да чаго ён мае талент.
     Часцей за ўсё бацькі прыслухоўваліся да думкі педагога:
ён умеў пераконваць, бо верыў у тое, пра што гаворыць. Яны
пагаджаліся з Сяргеем Пятровічам і не перашкаджалі дзіцяці
паступаць у мастацкую вучэльню, школу, інстытут.
     Што настаўніку было з таго? На аднаго мастака рабілася
на зямлі больш! На аднаго чалавека, расчараванага,
незадаволенага жыццём, менш.
     Цікава, ці згадваюць сёння знакамітыя творцы, як шмат
гадоў таму ў бацькоўскую кватэру без запрашэння прыходзіў
невысокі настаўнік малявання? Ці падумаў тады хоць хто-
небудзь, што гэта лёс яго стаіць на парозе і настойліва грукае ў
дзверы? (257 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 286 | Комментарии (0)


Экзамены

Экзамены
     Назаўтра атрымаў Лабановіч пакет, у якім паведамлялася,
калі i дзе будуць праводзіцца экзамены. Экзамены назначаліся
на панядзелак, а ехаць трэба было па чыгунцы вёрст за
пяцьдзясят... У той жа самы дзень, калі было атрымана
паведамленне, прыйшлі i вучні. Яны дамовіліся з настаўнікам,
што паедуць у суботу вечарам.
     У нядзелю рана, на ўсходзе сонца, настаўнік са сваімі
вучнямі садзіўся ў вагон. Поезд крануўся з месца.
     Лабановіч стаяў каля расчыненага акна. Штосьці
прыемнае і радаснае западала яму ў душу ад тых новых
малюнкаў i ад гэтага размашыстага бегу машыны. Хутка
адыходзіла назад станцыя з высокай вадакачкай,
закрываючыся свежай зеленню раслін. Рассыпаючы сноп
залатых стрэл, велічна выплывала сонца з-за краю зямлі над
прасторамі зялёнага палескага мора. Хутка з’яўляліся і знікалі
ўсё новыя i новыя малюнкі гэтага зачараванага краю. Балоты
з густымі зараслямі лазы і кустоўніку рассцілаліся
шырачэзнымі круглымі абшарамі, па краях якіх ледзь віднеліся
зубчастыя цёмныя палоскі лясоў. Балоты канчаліся, каля
дарогі ўставалі высокія сцены бору, які перасякаўся вясёлымі
палянкамі. Там-сям віднеліся на ix людскія будынкі, а бярвенні
гэтых будынкаў, асветленыя сонцам, здаваліся маршчынамі на
разумным твары чалавека, які многа думае і разважае.
Вясёлыя палянкі абводзіліся аправаю пышна-зялёных
хвойнікаў на жоўценькім пясочку. А як прыгожа вілялі i беглі
ў хвойніку каляінкі вясковых дарожак і сцежак, па якіх так
рэдка праязджаў сялянскі воз! Вельмі родным, мілым, даўно
знаёмым веяла ад аксамітных абрысаў маладога жыта і ад
кволых бледна-вясёлых усходаў ранніх аўсоў.
     Лабановіч стаяў каля акна, як зачараваны, i не адводзіў
вачэй ад простых малюнкаў Палесся, поўных невыразнага
хараства і жыцця. Стаяў да таго часу, пакуль поезд не стаў
набліжацца да той станцыі, дзе трэба было выходзіць.
     Выйшлі з вагона i пайшлі шукаць школу. Школа была не
вельмі далёка ад станцыі, і шукаць яе прыйшлося нядоўга.
     Школа была зачынена. Лабановіч пастукаў, крыху
пачакаў, але ніхто адтуль не адклікаўся. Нарэшце Лабановіч
убачыў званок. Пазваніў.
     Тут жа адчыніліся дзверы i пачуліся рашучыя крокі, з-за
дзвярэй хтосьці строга запытаўся:
     – Хто?
     – Цельшынская школа. (315 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 360 | Комментарии (0)


Музы́ка

Музы́ка
     Пастушок Васілька з самых малых дзён любіў іграць на
жалейцы. Іграючы, яму ніколі не было нудна са сваім статкам
у самым дзікім гушчары, на самых глухіх палянах сярод
балота.
     Васілька irpaў так шчыра, ад усёй душы, што ўсё навокал
цешылася з яго му́зыкі. Ён іграў вельмі прыгожа, усіх
зачароўваў.
     Прыходзілі навучыцца іграць да пастушка ўсе, хто толькі
меў жаданне. Ён іх старанна вучыў, бо чым больш музы́каў
было навокал, тым больш было радасці на душы.
     Першага навучыў пастушок сваёй музыцы салаўя. Калі
навучаны салавей спяваў апоўначы ў бярэзніку, дык не толькі
блізкія істоты, але i далёкія зоркі ў небе слухалі з прыемнасцю
і пераміргваліся ад дзіва паміж сабой.
     Пасля салаўя вучыўся ў пастушка жаваранак. Гэта была
не такая здольная птушачка, як салавей, але і жаваранак
навучыўся іграць вясёлую музыку лёгкім хмаркам пад
вясновым небам.
     Пасля салаўя i жаваранка вучыліся і іншыя птушкі. “Усе
пяюць, усе іграюць, – падумаў хлопчык. – Увесь свет пад
сонейкам мае сваю музыку”.
     “А што калі я, – падумаў хлопчык, – зайграю для
сонейка, якое пануе над усім светам!”
     I вось аднойчы хлопчык зайграў на сваёй жалейцы.
Зайграў вельмі прыгожа. Гэткай цудоўнай музыкі яшчэ ніхто
на свеце не чуў. Гэта была песня без слоў, бо хлопчык irpaў для
сонейка, а яно без слоў добра разумее. Дзівіліся дрэвы, птушкі,
рэчка, неба. Дзіву давалася ўся зямля.
     Увесь свет выглядаў велізарнай скрыпкай з незлічонымі
струнамі. Гэта было так хораша, так цудоўна прыгожа, што
само сонейка вельмі ўзрадавалася. Спусцілася яно з неба на
сваіх лёгіх прамяністых крылах i пацалавала маленькага
хлопчыка ў самыя вусны. Пацалунак быў такі лёгкі, што
пастушку здалося, нібы лёгкі ветрык толькі крануўся яго
твару.
     Хлопчыку так добра зрабілася на душы, што захацелася
глянуць на сябе. Ён падышоў да рэчкі, каб зірнуць у яе, як у
люстэрка. Глянуў у ваду і сам сябе не пазнаў. Такі ён стаў
прыгожы! Гэты цуд над ім стварылі летняе сонейка і
надзвычайнае шчасце, якое яго азарыла. (312 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 129 | Комментарии (0)