Гарніст
Гарніст
Летняй ноччу ў акно Міколы Ліпніцкага пастукаліся.
Гаспадар чакаў начных гасцей. Ён хутка ўстаў, завесіў вокны і
адамкнуў дзверы. Парог пераступілі двое з аўтаматамі. Не
паспелі партызаны перагаварыць з гаспадаром, як у пакой
зайшоў Алесь, малодшы сын Міколы. Хлопчык пазнаў голас
свайго настаўніка.
– А ты, Алеська, падрос, пасталеў. Памятаеш, як ты быў
у піянерлагеры? Лепшым гарністам лічыўся, – твар настаўніка
асвяціўся добрай усмешкай.
– Памятаю, Сцяпан Піліпавіч. А горн я хаваю…
У гэты момант не прамінуў Алесь папрасіцца ў партызаны.
На гэта настаўнік адказаў, што хлопец яшчэ малы, а ў лесе і
дарослым бывае цяжка, але справа знойдзецца і яму. Словы
Сцяпана Піліпавіча ўзрадавалі хлопчыка.
Аднойчы хлопчыкі ганялі мяч на полі. Назіраючы збоку
за імі, можна было падумаць, што на свеце няма ніякай вайны.
Алесь у камандзе футбалістаў быў нападаючым. Ён, як віхор,
насіўся па полі, гонячы перад сабою мяч. Раптам Алесь убачыў
гітлераўцаў, якія, прыгнуўшыся, ішлі ў бок лесу. Хлопчык
пабег на свой двор. Убачыўшы бацьку, хлопец закрычаў, што
немцы жытам пайшлі да лесу. Бацька адразу ўсё зразумеў:
– Відаць, гітлераўцы натрапілі на след. Могуць напасці на
партызан нечакана. Трэба папярэдзіць.
Дарога да лесу была ўжо адрэзана ворагам. На нейкі
момант Алеся ахапіла роспач. Ён кінуўся ў хлеў, выхапіў са
схованкі горн і выбег на выган. Перабег выган, пачаліся
зараснікі лазняку, якімі можна дабрацца да партызан.
Хлопчык папоўз, баючыся падняць галаву. Гушчар раптам
расступіўся, пасвятлела. Хлопчык прыўзняўся на руках,
прыслухаўся. Зусім блізка чуўся цяжкі тупат ног. Крокі чуліся
ўперадзе і па баках. Хлопчык зразумеў, што дабрацца да
партызан і папярэдзіць іх ён не паспее. Ад гэтай думкі моцна
забілася сэрца, гарачая хваля разлілася ў грудзях. Адвага
перасіліла страх. Алесь устаў на ўвесь рост і зайграў трывогу.
I тут жа ў неба ўзвілася чырвоная ракета. З усіх бакоў
застракаталі аўтаматы. А гарніст іграў і іграў… Раптам нешта
балюча стукнула ў грудзі. Зямля і дрэвы захісталіся ў вачах і
зніклі. Алесь не чуў, як партызаны з гулкім «ур-р-р-а-а!»
пайшлі ў атаку. Не бачыў, як па́далі ад партызанскіх куль
гітлераўцы. Калі Сцяпан Піліпавіч падбег да Алеся, той ляжаў
нерухома, моцна сціскаючы ў руцэ горн. (339 слоў)
Зборнік пераказаў |
Просмотров: 163 |
|