В разделе материалов: 514
Показано материалов: 31-40
Страницы: « 1 2 3 4 5 6 ... 51 52 »

Які свет абраць

Які свет абраць
     Лука чытаў шмат кніг, праз іх спазнаваў і ўспрымаў
розныя сусветы. Пасля прачытання кніг і прагляду фільмаў
яму заўжды карцела прайсціся шляхамі Хобіта і Багінса, Тома
Соера і Олівера Твіста, Дораці, Ільва, Жалезнага чалавека. Але
дарослыя спынялі яго: “Гэта мінулыя часы”. Калі ж Лука хацеў
выправіцца ў шлях па “Зорных сцяжынках”, яму казалі: “Гэта
свет будучыні”.
     Лука крыўдаваў: “Што б я ні абраў, у іх ёсць адгаворка.
Існуе столькі светаў, а я мушу жыць у гэтым, самым сумным!
Хадзі ў школу, рабі ўрокі, слухайся настаўніка, слухайся маму
і тату, слухайся бабулю і дзядулю. Ці ёсць мяжа іх свету?”
     Аднойчы Лука спытаўся ў таты:
     – Ці магу я абраць свой свет?
     – Сынок, твой свет зараз самы лепшы – у ім няма ні
клопатаў, ні цяжкіх абавязкаў.
Расчараваны Лука пайшоў да дзядулі – спадзяваўся, што
атрымае ад яго больш цікавы адказ. Дзядулю вельмі расчуліла
пытанне ўнука.
     – Лука, што можа быць лепшым, чым свет дзяцінства?
Эх, калі б я мог вярнуцца ў твой свет!
Але хлопчыка і гэты адказ не задаволіў. Ён падышоў да
мамы. Яна пацалавала яго і прамовіла:
     – Лука, сынок, ты мой самы шчаслівы і самы лепшы свет!
     Не знайшоўшы адказу, якога шукаў у дарослых, хлопчык
падумаў: “Што мне яшчэ застаецца, апроч як ствараць свае
ўласныя сусветы?” Узяў алоўкі і пачаў маляваць сусветы на
паперы. Ён укладваў у іх усё сваё багатае ўяўленне, фантазію,
яркія фарбы.
     Калі Лука вырас, стаў вядомым мастаком, і цяпер часта
паўтарае сваім дзецям: “Старайцеся самі ствараць светы.
Наколькі будзеце цікавымі вы самі, настолькі цікавымі
атрымаюцца і створаныя вамі светы”. (253 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 166 | Комментарии (0)


Хлопец з чужой каманды

Хлопец з чужой каманды
      Пасля шостага класа Тамару ўключылі ў школьную
турысцкую каманду. Вучні старшых класаў вучыліся
арыентавацца ў незнаёмай мясцовасці, а яна павінна была
прымаць удзел у эстафеце.
      Аднак у дзень спаборніцтва дзяўчыне паведамілі, што яна
замест хворай дзяўчыны будзе ўдзельнічаць у конкурсе па
арыентаванні. Тамара паглядзела на карту, і рукі ў яе
задрыжэлі. Але не падводзіць жа каманду!
      Нарэшце – старт. Першы “пікет” недзе каля павароту на
прасёлак. Тамара збочвае і бачыць дзвюх настаўніц. Адна з іх
ставіць подпіс на адвароце яе карты, падказвае, што наступны
“пікет” каля крыніцы.
      Не чуючы ног, Тамара ляціць туды. Атрымлівае другі
подпіс і бяжыць да трэцяга “пікета”. Бяжыць праз лес.
Становіцца цяжка дыхаць. Глядзіць на карту, потым на
компас. Не можа зарыентавацца! Заблукала!
      Раптам з гушчару выбягае высокі худы старшакласнік. З
палёгкай Тамара падбягае да яго з пытаннем пра трэці “пікет”.
      – Там, ля старога калодзежа. А ты што, заблукала? –
цяжка дыхаючы, прамовіў ён.
      – Не кідай мяне. Мне страшна! – просіць Тамара.
      Хлопец доўга глядзіць на дзяўчыну, потым бярэ яе
планшэт і знікае ў гушчары. Праз некалькі хвілін
старшакласнік вяртаецца з трэцім подпісам на яе карце.
      Хлопец хапае Тамару за руку, і яны бягуць далей. Далонь
у яго гарачая, доўгія дужыя пальцы ўсё мацней сціскаюць руку́
дзяўчыны. Яны бягуць праз лес да апошняга “пікета”, бягуць
насустрач навальніцы.
      – Давай, Тамара! Малайчына!!! – крычаць яе сябры.
      Хлопец, нарэшце, адпускае яе руку. А яго абступаюць
сябры. Яны не задаволены яго вынікам. Напэўна, не спраўдзіў
надзей. Затое Тамару ўсе цалуюць і абдымаюць.
      Яна не бачыла больш таго хлопца, не ведае яго імя́. Але
той поціск гарачай далоні памятае і праз шмат гадоў. (260 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 181 | Комментарии (0)


Сустрэча ў Альпах

Сустрэча ў Альпах
      Гэта адбылося ў самым канцы вайны ў аўстрыйскіх
Альпах. Аднойчы байцы занялі пэўны гарадок i чакалі новай
каманды. У кабіне машыны было горача, пасля бяссоннай
ночы салдатам хацелася падрамаць. Адзін баец выйшаў з
машыны. I тут перад ім з’явілася дзяўчына – шчуплая,
чорнавалосая, у паласатай куртцы i цёмнай спадніцы. Яна
перабірала вачыма твары байцоў у машыне i адмоўна круціла
галавой.
      – Таварыш, хто ест Іван?
      – Іван? – ускочыў крайні баец. – Я Іван, вунь той Іван i
шафёр наш таксама Іван.
      Поўны надзеі твар дзяўчыны паступова сумнеў, калі яна
пераводзіла позірк з аднаго Івана на другога i з ціхім сумам
казала:
      – Не. Гэта не мой Іван.
      Штосьці зацікавіла салдата ў гэтых яе пошуках, i ён
пачакаў, пакуль дзяўчына, паўтараючы ўсё тое ж пытанне,
абышла ўсю калону. Зразумела, Іванаў было шмат, але ні адзін
з ix не здаўся ёй тым, каго яна шукала. Тады салдат падышоў
да дзяўчыны і спытаў, якога Івана яна шукае.
      Дзяўчына спярша заплакала, але хутка cпaxaпiлася,
рукавом курткі выцерла цёмныя бліскучыя вочы і, агледзеўшы
байцоў выпрабавальным позіркам, скажаючы рускія i нямецкія
словы, густа перасыпаныя італьянскімі, расказала наступнае.
      Яе завуць Джулія, яна італьянка з Неапаля. Год назад,
летам сорак чацвёртага, у час бамбёжкі ваеннага завода,
размешчанага ў Аўстрыі, яна ўцякла ў Альпы. Пасля адзінокага
блукання ў гарах сустрэла рускага ваеннапалоннага Івана, які
таксама ўцёк з канцлагера. Яны пайшлі разам.
      Некалькі дзён Іван і Джулія праблукалі ў гарах, перайшлі
заснежаны горны хрыбет i аднойчы туманнай раніцай натрапілі
на паліцэйскую засаду. Дзяўчыну cxaпілi i зноў адправілі ў
лагер, а што здарылася з Іванам, яна не ведае. Але вельмі
спадзяецца, што ён дабраўся да фронту i цяпер разам з
Чырвонай Арміяй зноў прыйшоў у Аўстрыю.
      Канешне, было наіўна спадзявацца сустрэць у вялікім
патоку войск знаёмага. Вайскоўцы, як маглі, суцешылі
дзяўчыну i накіраваліся да сваіх машын.
      У той жа дзень пад вечар пачаўся зацяжны бой. Салдат
амаль забыўся пра тую мімалётную франтавую сустрэчу i
ўспомніў пра яе толькі праз васямнаццаць год, калі заняўся
літаратурай.
      Пра гэта напісаў Васіль Быкаў у аповесці “Альпійская
балада”. (330 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 209 | Комментарии (0)


Бабуля Паша

Бабуля Паша
      Ігар летам адпачываў у бабулі Ганны ў вёсцы.
Вярнуўшыся, ён расказваў бацьку, што цікавага бачыў там. А
найбольш уражанняў засталося ў хлопчыка ад выступлення ў
клубе былога воіна Брэсцкай крэпасці.
      – Ён так расказваў, – гаварыў Ігар, – што многія плакалі.
Пра крэпасць расказваў. Як біліся там нашы салдаты. Амаль
месяц біліся. Ні ежы ў іх не было, ні вады, а яны ўсё ж
трымаліся. А вечарам Ігар усё гэта расказваў другой сваёй
бабулі, Пашы, якая жыве на суседняй вуліцы. Пасля расказу
ўнука бабуля прапанавала з’ездзіць разам у Брэсцкую
крэпасць. Праз некалькі дзён яны паехалі туды.
      Каля галоўнага ўвахода з высечанай у таўшчэзным бетоне
пяціканцовай зоркай убачыў Ігар шматметровы штык і салдата,
што схіліўся долу. Раптам аднекуль пачуліся гукі матораў
цяжкіх бамбавозаў, свіст і выбухі бомбаў, стрэлы. Голас
дыктара аб’явіў, што фашысты напалі на нашу зямлю…
Страшна стала хлопчыку, хоць і разумеў ён, што ўсё гэта толькі
па радыё. Яны прайшлі каля помніка непераможанаму
салдату, каля помніка «Смага», пабывалі каля высознага
штыка. А каля Вечнага агню і мемарыяла паклалі кветкі.
      Яны доўга хадзілі па крэпасці, і бабуля расказвала пра
мужных абаронцаў, пра дамы, дзе жылі сем’і камандзіраў, пра
казематы, у якіх гэтыя сем’і хаваліся ў час абароны крэпасці.
Не проста хаваліся, а перавязвалі параненых, даглядалі дзяцей
камандзіраў, набівалі патронамі стужкі і дыскі, а часам
станавіліся побач з параненымі і адбівалі атакі фашыстаў.
      Бабуля расказвала цікава і паказвала, дзе што было. Да іх
падыходзілі людзі і слухалі. Раптам высокі, з густой сівізной
мужчына падышоў і пакланіўся:
      – Добры дзень, Паша! Не пазнаеш? А я цябе адразу
пазнаў. Памятаеш, як ты мяне перавязвала вунь у тым
каземаце? Я тады ўвесь скалечаны быў, а ты, відаць, не думала,
што жывы буду. Паша, а дзе твой сын? Добра памятаю: у цябе
тады зусім маленькі сын быў.
      Бабуля выцерла ражком хусткі вочы і паказала на майго
бацьку. Калі пакідалі крэпасць, Ігар сказаў, што на наступнае
лета яны сюды ўсім класам прыедуць і бабулю абавязкова
возьмуць з сабою. (320 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 302 | Комментарии (0)


Маці Ірына

Маці Ірына
     Кампанія з трынаццаці чалавек накіравалася да стойкі
рэгістрацыі Тэль-Авіў – Мінск. Усе яны ляцелі ў краіну свайго
дзяцінства да маці Ірыны.
     Некалькі гадзін, і ўся мітуслівая гурба́ стаяла пад
дзвярыма роднай хаты. Рая першая пагрукала ў дзверы:
     – А Божа ж мой, дзетачкі! – Ірына адчыніла дзверы і
разгубілася ад нечаканасці. – А чаму ж вы мяне не папярэдзілі?
     Маці Ірына – герой для гэтых трынаццаці чалавек і іх
сямей. Некалі яна выкупіла кожнага з іх у ахоўніка Мінскага
гета. Ірына з мужам і двума сваімі дзецьмі жыла побач. Яна
бачыла, што робяць фашысты з яўрэямі, і думала, як
дапамагчы яўрэйскім дзецям. Ірына падзялілася думкамі пра
выратаванне дзяцей з суседам Рыгорам. “Калі што і дапаможа,
то хіба грошы”, – падказаў ён.
     Грошай у Ірыны не было. Але была скарбонка з
упрыгожаннямі, падораная ёй на вяселле бабуляй і дзядулем.
     Нарэшце Ірына рашылася. Неяк увечары яна падышла да
аднаго з ахоўнікаў. Коратка сказала, што хоча ўзяць дзіця і
паказала рукою на гета. Ахоўнік раз’юшыўся, але Ірына не
разгубілася. Яна дастала з кішэні залаты бранзалет і
працягнула яму. Ахоўнік замёр. Было відаць, што вагаўся.
Потым сказаў адысці да зарасніку і схавацца там.
     Ірына чакала, вельмі хвалявалася. Праз нейкі час немец
прывёў хлопчыка гадоў двух–трох і загадаў хутчэй ісці адсюль.
Ірына схапіла малога на рукі і пабегла дадому.
І так аднаго за адным яна выкупіла з Мінскага гета
трынаццаць дзяцей. Болей не змагла: упрыгожанні
скончыліся.
     Так і выгадавалі Ірына з мужам, акрамя сваіх, гэтых
трынаццаць дзяцей. І кожны з іх быў шчыра ўдзячны бацькам
за шанец на шчаслівае жыццё. (252 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 379 | Комментарии (0)


Адважны сын Айчыны

Адважны сын Айчыны
      За два гады службы ў Чырвонай Арміі Пётр Галецкі
зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку. Добрасумленны,
удумлівы і дзелавы, ён стаў прыкладам для іншых байцоў.
      Гарэла зямля пад нагамі ворагаў: партызаны не давалі ім
спакою ні днём, ні ноччу. Ляцелі пад адхон саставы з жывой
сілай і тэхнікай, палалі варожыя гарнізоны, на кожным кроку
гітлераўцаў чакала смерць. За год партызанскай барацьбы Пётр
Галецкі ўдзельнічаў у многіх аперацыях і заўсёды вызначаўся
смеласцю і адвагай. Яму часта аб’яўляліся падзякі, а потым ён
быў прадстаўлены да ўрадавай узнагароды.
      І было яшчэ адно заданне – у чэрвені 1942 года.
      Была цёмная халодная ноч. Асцярожна прабіралася ў
напрамку чыгункі група хлопцаў-падрыўнікоў. Напярэдадні
разведка данесла, што з Віцебска на Смаленск адпраўляецца
варожы састаў з важным вайсковым грузам і цыстэрнамі з
бензінам. Эшалон рухаўся ў напрамку Масквы, і прапусціць яго
нельга было ні ў якім выпадку.
      Узмоцнена ахоўвалася магістраль у тую ноч: на вышках
заселі варожыя кулямётчыкі, праз кожныя трыста–чатырыста
метраў стаялі патрулі. Уздоўж чыгункі немцы загадзя высеклі
лес.
      Было вырашана, што як толькі пачуюцца сігналы
цягніка, то да рэек папаўзе Пётр Галецкі. Ён хуценька закладзе
ўзрыўчатку і вернецца да сваіх, якія прыкрыюць сябра агнём.
      Шум цягніка нарастае, становіцца мацнейшы і гучнейшы.
Набліжаецца да чыгуначнага палатна і Пётр Галецкі. Насып
круты, высокі, на яго з пустымі рукамі няпроста ўзабрацца, а
тут – міна. Састаў ідзе плаўна, паволі, значыць, груз вязе вялікі,
цяжкі. Вось-вось пакажацца з-за павароту, выхапіць святлом
пражэктара яго, Галецкага, постаць.
      Пётр сабраў апошнія сілы, імкнучыся нават дыханнем не
выдаць сябе. Калі ж да палатна заставалася семдзесят-
восемдзесят метраў, ён усхапіўся з зямлі і кінуўся да палатна.
Скачок наперад – і юнак на рэйках, пад коламі цягніка.
      Трывожны гудок паравоза зліўся з магутным выбухам.
Вогненны слуп ускінуўся высока ў неба. Трое партызан бачылі
з сасонніку, як уздыбіўся паравоз, закуляліся, пакаціліся пад
адхон варожыя платформы з грузам і цыстэрны з гаручым.
      Так скончылася жыццё адважнага сына Айчыны,
пачалася яго бессмяротнасць. За мужнасць і адвагу ў барацьбе
з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Пятру Галецкаму
пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. (330
слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 352 | Комментарии (0)


Помнік у Трэптаў-парку

Помнік у Трэптаў-парку
      Салдат-пераможца стаіць на вечным узвышшы. У правай
руцэ – апушчаны меч, левай ён моцна прытуліў да сябе
маленькую дзяўчынку.
      Хто не ведае славутага помніка ў Трэптаў-парку ў Берліне!
      Гісторыя стварэння помніка такая.
      Да ўзяцця рэйхстага заставаліся лічаныя дні, але на
вуліцах горада ў асобных яго кварталах яшчэ ішла
перастрэлка, завязваліся зацятыя баі. На адным вулічным
скрыжаванні ў нейкую хвіліну заціхлага бою раптам пачуўся
прарэзлівы дзіцячы крык. Дзіця плакала даўно і зусім ужо
выбілася з сіл, бо цяпер чуліся толькі яго зняможаныя ўсхліпы.
      Запанавала незвычайная цішыня: малая русавалосая
дзяўчынка, яшчэ, пэўна, немаўля, сядзела на каменным бруку,
выціраючы кулачком вочы, і цяпер не толькі ўсхліпы, а і яе
спалоханае птушынае дыханне можна было пачуць і па адзін,
і па другі бок вуліцы.
      Збянтэжаныя незвычайнасцю сітуацыі, абодва бакі
прыціхлі. І невядома, колькі б цягнулася трывожная, нацятая
цішыня, каб на брук не выпаўз савецкі сяржант. Сяржант
падпоўз да сярэдзіны вуліцы, прытуліў да сябе прыціхлае дзіця
і, калі ўжо адпоўз назад да самага бруствера сваёй траншэі,
толькі хацеў падняцца, як тут жа і ўпаў, падстрэлены
фашысцкім снайперам…
      Паміраў ён у той дзень, калі над рэйхстагам узвіўся сцяг
Перамогі. Паміраючы, ён папрасіў перадаць прывітанне
рабочым радыёзавода ад Трыфана Лук’яновіча. Больш у яго
нікога не засталося: ад першай бомбы, скінутай фашыстамі на
Мінск, загінула двое яго дзяцей і жонка. Не засталося недалёка
ад Мінска ні роднай вёскі, дзе жылі бацькі, ні саміх бацькоў.
Толькі рабочыя завода і засталіся яму і за сваякоў, і за родных.
      У Берліне ёсць памятная пліта, якой пазначана месца, дзе
Лук’яновіч уратаваў дзяўчынку.
      Скульптар Вучэціч, узрушаны гісторыяй подзвігу
Лук’яновіча, з цікавасцю распытваў усіх, хто ведаў сяржанта,
па крупінцы збіраў аб ім падрабязныя звесткі, якіх, на жаль,
аказалася вельмі мала.
      Салдат, што стаіць на вечным узвышшы, прытуліўшы да
сябе малую дзяўчынку, а разам з ім мільёны тых, хто перамог
смерць, перадалі нам, людзям, самае дарагое і запаветнае –
калыску жыцця на зямлі.
      Уратаваць будучыню ў калысцы, устаяць перад сусветнай
катастрофай чалавецтва зможа, з’яднаўшыся ў агульнай
трывозе за лёс дзяцей, за іх шчасце. (329 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 136 | Комментарии (0)


Насі, Санька!

Насі, Санька!
     Уранні ў вёску прыйшлі чырвонаармейцы. Спачатку
прагрукаталі, ляскаючы жалезам, танкі, пасля з-за пагорка
паказалася пяхота. Калоны пехацінцаў павольна спускаліся ў
нізіну.
      Вогнішча, каля якога сядзелі дзеці, дыміла, сіпелі дровы.
Час ад часу да іх падбягалі салдаты, прыкурвалі ад вугалька і
спяшаліся хуценька даганяць сваіх. Так праходзіў час, дарога
пусцела, ды ненадоўга. Хутка зноў на дарозе чуўся тупат
дзясяткаў стомленых людскіх ног.
      Пад самы вечар ля вогнішча спыніліся артылерысты. Гэта
былі вясёлыя людзі, не тое што змардаваныя пехацінцы. Тут
жа сышліся да агню, пачалі завіхацца, жартаваць, пячы
бульбу. А адзін, відаць, старшы, прычапіўся да Санькі:
дабрадушна і гарэзліва дапытваўся, чаму ў таго рыжая галава.
“Выгарала”, – буркнуў у адказ Санька. Салдат паціскаў плячамі
і хітра ўсміхаўся, пазіраючы на сваіх сяброў.
       Санька быў трохі старэйшы за ўсіх хлопцаў, але вельмі
сарамлівы і нясмелы. Салдаты лагодна смяяліся, а ён чырванеў,
як дзяўчынка. Затое самы наіўны з усіх быў Мішка. “У яго
шапкі няма”, – падказаў ён. Старшы артылерыст раптам
перастаў смяяцца, задумаўся і зноў пырснуў ад смеху. “Гэй,
Сідараў! Вось гэтаму хлопцу патрэбна шапка. Я ўчора бачыў
вушанку ў тваім мяшку”, – звярнуўся ён да салдата ў гадах.
Скупы Сідараў глянуў соннымі вачамі на Саньку, затым на
артылерыста, пачухаў патыліцу. І здаўся. Ён вярнуўся да воза,
пакапаўся там, дастаў памятую салдацкую шапку-вушанку і
аддаў старшаму. Той пакруціў яе ў руках, паглядзеў яшчэ раз
на Сідарава, ці не перадумае. Тады надзеў яе хлопцу на галаву
па самыя вочы і сказаў: “Насі, Санька!” Шапка аказалася
велікавата, і салдаты зарагаталі. (243 словы).


Зборнік пераказаў | Просмотров: 214 | Комментарии (0)


Партызанка Кніга

Партызанка Кніга
      Кніга – так звалі маладую гнядую кабылу таму, што на
лбе ў яе была белая плямка, як разгорнутая кніга. Была яна
кабыла разумная, аднак і нораў мела! Не ўпадабае каго – злосна
ржэ, становіцца на дыбкі. Затое якой паслухмянай рабілася
Кніга ў руках таго, хто ўмеў прылашчыць яе. Так з усяго атрада
ўпадабала Кніга партызанскую сувязную Таню. Сябравалі яны
шчыра і самааддана. Кніга ўмела, калі трэба было
замаскіравацца, легчы на зямлю і ляжаць нерухома. Не адзін
раз выносіла Кніга бясстрашную партызанку з-пад варожых
куль. Вось што здарылася з імі аднойчы.
      Лясной дарогай Таня вярталася верхам на Кнізе з баявога
задання. Стомленая бяссоннай ноччу, яна непрыкметна
задрамала. Разумная Кніга ведала ўсе партызанскія сцежкі. І
раптам Таня прачнулася ад таго, што Кніга раптам спынілася
і застыла на месцы як укопаная. Таня саскочыла з сядла на
зямлю і пайшла ў бок кустоў, куды глядзела кабыла. Раптам
да Тані даляцеў слабы чалавечы стогн. Ад нечаканасці яна
падалася назад. Стогн паўтарыўся. Слоў разабраць было нельга,
відаць, чалавек моцна аслабеў. Таня асцярожна падышла
бліжэй.
       На невялікай паляне дыміліся абломкі самалёта. Сярод
гэтых абломкаў ляжаў лётчык. Таня паспрабавала падняць
яго, але ён толькі працягла застагнаў і зноў асунуўся на зямлю.
І Таня папрасіла сваю верную Кнігу: "Кніжачка, родная,
дапамагай!" Кабыла прыслухоўвалася да Танінага голасу і
рабіла ўсё, што ёй загадвала гаспадыня: апусцілася на зямлю,
павярнулася спі́наю да лётчыка, прыўзняла галаву. Таня
прывязала да шыі кабылы рукі лётчыка. Потым кабыла
асцярожна ўстала і яны гэтак жа ціхенька рушылі ў атрад. (244
словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 731 | Комментарии (0)


Зубрыная сцежка

Зубрыная сцежка
      Партызаны, знясіленыя цяжкім боем, вярталіся з
задання. Яны ціха прабіраліся па балоце, намацваючы нагамі
больш цвёрдыя мясціны. Камандзір ведаў, што сярод
бяскрайніх балот ёсць невялікія сухія выспы, якія могуць стаць
месцам прытулку. Нарэшце яны выбраліся на цвёрдую зямлю
і размясціліся ў ельніку. Расклалі агонь, сагрэліся.
      І раптам падбег днявальны і гукнуў на ўсю моц: "Хлопцы
ўставайце, зубр у ельніку!" Партызаны кінуліся туды, куды
паказваў днявальны. У гушчары стаяў вялізны зубр. Адзін з
партызан узяў зубра на прыцэл. Засталося толькі націснуць на
спускавы кручок. Але ў той жа момант сусед ударыў таварыша
пад руку. Аўтаматная чарга разанула па дрэвах. Зубр раптам
пругка падскочыў, прыгнуў шыю і панёсся па лесе. Партызаны
разышліся, абмяркоўваючы падзею.
      Асцярожна камандзір пайшоў па слядах зубра. Яны вялі
ў балота. Камандзір пераканаўся, што ў гэтым месцы глеба
цвёрдая і з выспы па зубрынай сцежцы можна лёгка выбрацца
ў пушчу.
      Раптам з-за лесу вынырнуў самалёт з чорнымі крыжамі,
пакруціўся над выспай. Партызаны ведалі, што калі немцы
выявілі іх, то не дадуць спакою. І атрад рушыў у паход. Па
купінах партызаны перайшлі балота, нават не замачыўшы ног.
Вось і пушча. Усе з палёгкай уздыхнулі. У гэты час пачуўся
гул самалётаў: цяжкія бамбардзіроўшчыкі пачалі бамбіць
вы́спу. Дрыжала зямля, стагнаў стары лес. Калі самалёты
паляцелі, партызаны яшчэ некалькі хвілін ляжалі на зямлі.
Потым нехта сказаў: “У добры час выбраліся з выспы, – і
запытаў у камандзіра: – А хто вам падказаў сцежку праз
балота?” З усмешкай камандзір адказаў: “Зубр, хто ж яшчэ!”
(240 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 435 | Комментарии (0)