Страницы: « 1 2 ... 14 15 16 17 18 »


Паясы беларускай

Паясы беларускай красы
     У сярэдзіне васямнаццатага стагоддзя князі Радзівілы
заснавалі ў горадзе Слуцку мануфактуру шаўковых паясоў. Па
іх запрашэнні сюды прыехалі на працу вопытныя ў ткацкай
справе майстры пад кіраўніцтвам Яна Маджарскага. Спачатку
паясы ткаліся на ўзор персідскіх. Але большасць слуцкіх ткачоў
(працавалі на мануфактуры толькі мужчыны) была з
навакольных беларускіх вёсак. Яны шанавалі сваё рамяство,
цанілі прыгажосць роднай прыроды, таму выводзілі на паясах
замест персідскіх узораў родныя васількі. Прытым арнамент у
іх заўсёды меў шмат самых розных варыянтаў.
     Тут быў распрацаваны новы від пояса – слуцкі, назва
якога з гэтага часу стала сінонімам усіх доўгіх шаўковых
паясоў. А ткаліся яны даўжынёю ад двух да чатырох з паловай
метраў, шырынёю да сарака сантыметраў з шаўковых, залатых
і сярэбраных нітак. Правы бок некаторых паясоў быў цалкам
затканы залатымі ніткамі, закрываючы шаўковую аснову. Яны
выглядалі металічнымі і таму называліся “літымі”. Насіць такія
паясы, што каштавалі нямала грошай, маглі толькі вельмі
багатыя людзі, магнаты і заможная шляхта.
     Слуцкая мануфактура дзейнічала ў Беларусі з сярэдзіны
васямнаццатага да сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя.
Шаўковыя паясы, аналагічныя слуцкім, вырабляліся таксама ў
іншых беларускіх гарадах – Гродне, Ружанах, Альбе пад
Нясвіжам.
     Слуцкія паясы з’яўляюцца бясцэнным скарбам
беларускага народнага мастацтва. Сёння іх можна ўбачыць не
толькі ў Беларусі, але і ў самых вядомых музеях свету.
     Беларусы ганарацца сваімі слуцкімі паясамі, бо тут, як
кажуць, сапраўды ёсць чым ганарыцца. Але, на вялікі жаль,
да нашых дзён захаваліся лічаныя адзінкі гэтых цудоўных
твораў ткацкага мастацтва. Таму сёння ў Беларусі адраджаецца
свой нацыянальны брэнд – вытворчасць слуцкіх паясоў. (242
словы).


Зборнік пераказаў | Просмотров: 474 | Комментарии (0)


Шахматы далёкіх продкаў

Шахматы далёкіх продкаў
     На Беларусі шахматы вядомы з адзінаццатага стагоддзя.
У час раскопак старажытнага гарадзішча ў Мінску археолагі
знайшлі самаробныя шахматныя фігуркі, выразаныя з
драўніны. Падобныя фігуркі былі знойдзены яшчэ ў пятнаццаці
гарадах Беларусі: у Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродне,
Мсціслаўі, Навагрудку, Полацку, Рагачове, Слоніме, Тураве і
іншых. Геаграфія знаходак сведчыць аб раннім
распаўсюджванні шахмат па ўсёй тэрыторыі нашага краю.
     Беларуская калекцыя шахмат дванаццатага-
трынаццатага стагоддзяў складаецца больш як з трыццаці
фігурак, якія былі знойдзены падчас раскопак у розных
гарадах. Пераважная большасць гэтых фігурак выразана або
вытачана майстрамі з костак і рагоў. Ёсць драўляныя фігуркі і
каменныя, і толькі адна ладдзя зроблена з пакуль што
нявызначанага мінералу светла-жоўтага колеру з зялёнымі
прожылкамі. Першыя шахматы на Беларусі мелі абстрактную
форму, вобразна не звязаную з лексічным значэннем назвы.
     Шахматныя фігуры данеслі да нас рэальныя выявы
матэрыяльных прадметаў і абліччы людзей. Ладдзя была
зроблена ў выглядзе баявога судна з надшытымі дошкамі
бартамі і накрытым верхам. Кароль прадстаўлены
скульптурнай мініяцюрай радавітага князя з невядомым
прадметам у правай руцэ, які нагадвае зброю або скіпетр.
Фігурка ферзя выглядала так: на круглай падстаўцы сядзіць з
падкручанымі пад сябе нагамі мужчына сталага веку са
скрыжаванымі на грудзях рукамі, на галаве ў яго шлем. Так
можа сядзець толькі ўпэўнены ў сваіх сілах, спрактыкаваны і
абачлівы военачальнік, які ўважліва сочыць за полем бітвы.
Пешка была зроблена ў выглядзе фігуркі барабаншчыка з
бубнам цераз плячо.
     Вырабы шахматных фігур старажытных майстроў можна
прымаць за адну з дакладных крыніц вывучэння
матэрыяльнай культуры і мастацтва нашых далёкіх продкаў.
(242 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 79 | Комментарии (0)


Няміга

Няміга
     Тысячамі блакітных ніцей перасякаюць нашу Беларусь
шматлікія ручаі, рачулкі, рэчкі, рэкі. То залівіста, то ціха, то
гулліва пяюць яны славу беларускаму краю, ажыўляюць і
аздабляюць яго воблік. Ды ёсць сярод іх адна, непаўторная,
спрадвечная, летапісная, сапраўдны сімвал беларускай сталіцы.
Аднак убачыць яе складана, праплысці немагчыма, а вось
хадзіць па ёй можна хоць кожны дзень. Гэта Няміга.
     Назва Няміга больш вядомая сёння па сучаснай
аднайменнай вуліцы ў Мінску. Вучоныя і дагэтуль спрачаюцца
пра тое, з якой ракой трэба звязваць пачатак летапіснага
Мінска – з Нямігай або з Менкай. Факт жа бітвы на Нямізе не
выклікае пярэчанняў, бо пацвярджаецца і ў Лаўрэнцьеўскім
летапісе, і ў «Слове пра паход Ігараў».
     Няміга, самая старажытная вуліца старадаўняга горада,
забудоўвалася ўздоўж ракі Нямігі. Даўным-даўно яна была
вымашчана драўляным насцілам, які шмат разоў насцілаўся
нанава, бо вуліца і рака знаходзіліся ў самым нізкім і
забалочаным месцы. Тагачасная Няміга нагадвала знакамітую
італьянскую Венецыю: драўляныя дамы цесна тоўпіліся на
самым беразе ракі. А сама яна цякла проста пасярэдзіне
вуліцы. Таму гараджан даймалі частыя затапленні і паводкі.
     У дзевятнаццатым стагоддзі на Нямізе збудавалі некалькі
вадзяных млыноў, перакрылі яе плацінай. Але рака не хацела
здавацца. Яе папаўнялі сцёкавыя воды, дажджы і ручаі. І тады
Няміга станавілася грознай і ваяўнічай. Паступова на раку
Нямігу наступалі новыя пабудовы, яе няшчадна засмечвалі.
Усё больш драбнела рака, паступова саступаючы напорыстасці
людзей. Урэшце яе вымусілі легчы ў бетонны калектар. Ніхто
з таго часу не чуе больш плёскату Нямігі. Сёння каля моста
праз Свіслач у Траецкім прадмесці можна бачыць, як точыцца
з бетоннай трубы струмень некалі слыннай, паўнаводнай і
вірлівай Нямігі. (254 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 56 | Комментарии (0)


Крамянёвыя шахты

Крамянёвыя шахты
     Тое, што Беларусь з’яўляецца сёння шахцёрскай краінай,
ведаюць многія, нават далёка за яе межамі. Звязана гэта
найперш з залежамі калійнай солі ў Салігорску, па здабычы
якой Беларусь займае трэцяе месца ў Еўропе. А вось тое, што
першыя шахцёры на беларускіх землях з’явіліся больш як
пяць тысяч гадоў таму, для многіх гэта нечаканае адкрыццё.
     На памежжы неаліту і бронзавага веку ўзніклі першыя
беларускія шахты па здабычы крэменю. Было гэта ля
цяперашняга гарадскога пасёлка Краснасельскі, што на левым
прытоку Нёмана, на рацэ Рось, у Ваўкавыскім раёне. На беразе
Росі некалі знаходзіліся вялікія крэйдавыя адклады, дзе і
хаваліся патрэбныя камяні. Каб здабыць патрэбную сыравіну,
капа́лі вертыкальныя калодзежы дыяметрам да паўтара метра.
Глыбіня іх залежала ад насычанасці крэйды крэменем і
дасягала пяці метраў. Капа́ў, як правіла, адзін чалавек.
Адпрацаваную пароду ў спецыяльных скураны́х мяшках
выцягвалі на паверхню. Пад’ёмных ліфтаў тады не існавала.
Калі шахта станавілася ўсё глыбейшай і шахцёру цяжка было
ў яе апускацца, скарыстоўвалі лесвіцы – ствол дрэва з коратка
абсечанымі галінамі. Калі ж крамянёвыя залежы адшуквалі ў
баку ад шахтнага ствала, тады выдзёўбвалі гарызантальныя
адгалінаванні. Шахты працавалі толькі летам.
     Здабыты крэмень быў вільготны і крохкі, як крышталь.
Але затое ён добра паддаваўся апрацоўцы. З дапамогай
прасцейшых прыстасаванняў ад крэменю адлушчвалі, адсякалі
ўсё лішняе. Непасрэдна ў шахтах выраблялі загатоўкі сякер. У
спецыяльных майстэрнях іх даводзілі да ладу, надавалі
зручную і дасканалую форму.
     Старажытныя крэменездабыўныя шахты – унікальнае
сведчанне майстравітасці, здатнасці і кемлівасці нашых далёкіх
прашчураў. Гэта каштоўныя крыніцы даследавання
прафесійных заняткаў першанасельнікаў беларускай зямлі.
(241 слова)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 109 | Комментарии (0)


Смаргонская мядзведжая акадэмія

Смаргонская мядзведжая акадэмія
    Якіх толькі навучальных устаноў не сустрэнеш на свеце,
але сярод іх была адна – ці не адзіная і знакамітая на ўсю
Еўропу. Знаходзілася яна ў беларускім горадзе Смаргонь і
называлася мядзведжай акадэміяй. “Акадэмікамі” ў ёй былі,
вядома ж, касалапыя мішкі з навакольных смаргонскіх лясоў.
     Заснавалі акадэмію ў сямнаццатым стагоддзі князі
Радзівілы. На самым пачатку вясны адшуквалі ў вялізных
сасновых лясах, што густа атулялі Смаргонь, малых
медзведзянят. І пачыналі іх вучыць. Каб стаць акадэмікам,
мішкам даводзілася добра папацець. Класам была прасторная
хата, падлогай якой служыла ляжанка вялікай печы.
Мядзведзяў навязвалі да слупа ў цэнтры, а ў печы распальвалі
агонь. Заднія лапы вучняў абувалі ў лапці, абгарнуўшы
папярэдне анучамі. Печ награвалі да той пары, пакуль малады
звер не станавіўся на заднія лапы. А калі не ўратоўвалі і лапці,
ён пачынаў падтанцоўваць – пераступаць з адной лапы на
другую. Настаўнік у гэты час біў у бубен або граў на дудцы.
Рытм музыкі супадаў з рытмам таптання мядзведзя.
Атрымліваўся танец. Заняткі праводзіліся штодзённа і
доўжыліся ад аднаго да двух месяцаў.
     Пасля гэтага мядзведзяў выводзілі з хаты на волю. Тут іх
зноў пацяшалі бубнам або дудкай, але, навучаныя клеткай-
хатай, звяры не чакалі, пакуль стане прыпякаць у пяты, і
пачыналі адразу танцаваць. За такую стараннасць іх частавалі
пернікам.
    Вытрымаўшы выпускныя экзамены, акадэмікі-скамарохі
разам са сваімі павадырамі разыходзіліся па гарадах, мястэчках
і вёсках беларускай зямлі. Траплялі ў Расію, Польшчу,
Францыю, Германію, даходзілі нават да Венгрыі. Мядзведжая
акадэмія ў Смаргоні існавала ледзь не да паловы
дзевятнаццатага стагоддзя. (240 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 308 | Комментарии (0)


Любчанскі замак

Любчанскі замак
     На высокім беразе Нёмана стаіць Любчанскі замак.
Адгэтуль адкрываецца дзівосны краявід: рака, што нясе сваю
магутную плынь да Балтыкі, паплавы, далёкія лясы
Налібоцкай пушчы. А тут, на пагорку, схілы такія стромыя,
што і ўскараскацца цяжка. Што ўжо казаць пра тыя далёкія
часы, калі гэтыя муры былі абарончымі!
     Унікальны архітэктурны комплекс будаваўся яшчэ ў
другой палове шаснаццатага стагоддзя як рэзідэнцыя роду
Кішкаў. Пазней, атрымаўшы Любчу, гэтую справу працягнулі
Радзівілы.
     Замак, што стаяў на гары, з трох бакоў акружаў глыбокі
роў, напоўнены вадою, а з чацвёртага – Нёман. Замак будавалі
ў выглядзе чатырохвугольніка. На кожным рагу ўзвялі вежы,
унутры – палац, жылыя ды гаспадарчыя пабудовы. Вежы пад
чырвонай дахоўкай узіраліся ў далячынь байніцамі. А
ўпрыгожваў іх роспіс – чорна-белыя малюнкі і ўзоры.
     У замку ўладальнік Багуслаў Радзівіл размясціў музей
дзівосаў і мастацтваў. Там захоўваліся карціны і скульптуры
знакамітых майстроў, нумізматычныя і археалагічныя
калекцыі, зброя. Экзатычныя рэчы з далёкіх краін спалучаліся
з мастацкімі творамі і вайсковымі трафеямі. А яшчэ замак
славіўся сваёй найбагацейшай бібліятэкай. У тутэйшай
друкарні выдавалася духоўная і свецкая літаратура, навуковыя
выданні і падручнікі.
     За свой доўгі век замак перажываў аблогі і захопы. Моцна
пацярпела Любча і падчас дзвюх апошніх войнаў. Замак
знаходзiўся ў запусценнi. Здавалася, што ён павольна памірае.
     На шчасце, знайшоўся чалавек, дзякуючы якому
Любчанскі замак пачаў вяртацца да жыцця. Ураджэнец Любчы
Іван Пячынскі вырашыў уратаваць помнік. Быў створаны
дабрачынны фонд, вакол пачалі гуртавацца аднадумцы,
неабыякавыя людзі, і праца завіравала. Помнік літаральна на
вачах адраджаецца з руін.
     Многія з тых, хто прыязджае сюды проста паглядзець на
замак, прымаюць удзел у рэстаўрацыі. Тут кожны можа
далучыцца да святой справы адраджэння Любчанскага замка.
(261 слова)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 95 | Комментарии (0)


Сведкі сівой даўніны

Сведкі сівой даўніны
     Навагрудская зямля вельмі цікавіць археолагаў. Вучоныя,
нібы нястомныя краты, сваім асаблівым чуццём адшукваюць
на старажытнай зямлі сведкаў сівой даўніны.
     Мы маем шчаслівую магчымасць зайсці ў Навагрудскі
гісторыка-краязнаўчы музей і паўзірацца ў знаходкі археолагаў.
Толькі не трэба спяшацца хадзіць па музейных залах. Варта
ўключыць фантазію – і сведкі сівой даўніны раскажуць шмат
цікавага, займальнага і павучальнага.
      Можа, вунь тыя шкляныя пацеркі, рэдкі і дарагі
падарунак, насіла князёўна. Можа, імі ўпрыгожыў сваю
каханую мужны воін з дружыны караля Міндоўга. А на чыім
пальчыку зіхацеў прыгожы залаты пярсцёнак, якому многія
сотні гадоў?
     А вось даўнейшая шахматная фігурка. Дзе ж астатнія?
Хто і каму ставіў ма́ты1 ў гэтай цікавай старажытнай гульні?
     Археолагамі знойдзена чатырнаццаць пісалаў. Гэта
своеасаблівыя ручкі. Хто і што пісаў імі? Можа, дзе-небудзь
ляжаць яшчэ не адкрытыя берасцяныя пасланні да нас, людзей
дваццаць першага стагоддзя.
     Нельга адарваць вачэй ад рэчаў, якімі карысталіся нашы
далёкія продкі. Вось яны: ляпны посуд, серпападобныя нажы,
крамянёвыя сякеры, гаршкі, міскі, гузікі, рыбалоўныя кручкі,
ключы, конскія падковы, зброя, наканечнікі стрэл. Усім гэтым
дабром даўным-даўно карысталіся разумныя, дбайныя
гаспадары.
     У старажытным Наваградку ўжо былі двухпавярховыя
мураваныя дамы з зашклёнымі вокнамі. Гэта ў той час, калі
паўсюдна стаялі яшчэ куродымныя2 хаты амаль без акон, бо
шкло было занадта дарагой раскошай. Посуд, упрыгожанні
прывозілі з іншых зямель: Візантыі, Кіеўскай Русі, Прыбалтыкі,
Рымскай імперыі.
     Дзеці Навагрудчыны жывуць у музейным раёне. Шмат
тайнаў па сённяшні дзень захоўвае іх векавечная зямля. Трэба
толькі навучыцца любіць і цаніць яе, і яна абавязкова раскрые
свае таямніцы і шчодра адорыць цікаўных. (246 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 192 | Комментарии (0)


Музейная гара

     Самы высокі бераг Нёмана ў Гродне здаўна называюць
Замкавай гарой. На гэтым старажытным узвышшы
знаходзяцца два знакамітыя музеі – Стары і Новы замкі. Калі
пайсці туды, трэба не спяшацца пераходзіць з адной залы ў
другую, і тады перад вачыма адкрыецца дзівосны свет нашай
багатай гісторыі.
     Стары замак калісьці быў і абарончай крэпасцю, і
палацам, і рэзідэнцыяй вялікага князя Вітаўта, караля Стэфана
Баторыя. Замак будаваўся і перабудоўваўся, быў драўляным і
каменным. Цяпер тут размешчаны гісторыка-археалагічны
музей, дзе захоўваюцца вельмі цікавыя экспанаты.
     У музейных залах можна ўбачыць прылады працы, якімі
гродзенцы карысталіся восемсот гадоў назад: сярпы, нажы,
долата, нажніцы, іголкі. Тут сабрана больш за дзве тысячы
экспанатаў даўнейшага абутку: чаравікі, туфлі са скуры, боты.
Вабяць да сябе вырабы са шкла, з рагоў і костак: пацеркі,
посуд, грабяні, упрыгожанні.
    Нельга адарваць вачэй ад гравюры 1575 года. На ёй
намаляваны горад на высокім беразе ракі. Мастак адлюстраваў
замкі і цэрквы, хаты і майстэрні рамеснікаў, старажытны мост
і паўнаводны Нёман, конных і пешых гараджан. Трэба
навучыцца ўзірацца ў дзень учарашні, каб больш цаніць і
ведаць дзень сённяшні.
    У Новым замку нельга прапусціць цікавую залу са зброяй
мінулых вякоў. Тут можна нават сфатаграфавацца з воінам у
шлеме і рыцарскіх даспехах. Можна ўбачыць гармату, якую
паднялі з дна Нёмана. У захапленне прыводзяць рэчы
старажытных майстроў: камінны гадзіннік, прыгожая ваза з
фарфору, чайніца, чарнільны прыбор, кубкі і талеркі.
    Правільна казалі нашы мудрыя продкі: “З рамяством
дружыць – у жыцці не тужыць”. Справа іх умелых рук жыве
сёння, выхоўвае і натхняе нашых сучаснікаў. (244 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 198 | Комментарии (0)


Кітаб

     Каму з нас не даводзілася захапляцца мастацкім
аздабленнем кнігі. Але заўсёды нейкім арэолам таямнічасці
былі ахінуты кнігі, напісаныя мала каму вядомымі іерогліфамі,
арабскай вяззю. Яны здаваліся недаступнымі і загадкавымі. І
нельга было ўявіць, што за мудрагелістым арабскім пісьмом
можа хавацца звыклы беларускі тэкст, што ў гэтых
хітраспляценнях чужой графікі зашыфраваны беларускія
словы.
     Існуюць такія рукапісныя рэлігійныя кнігі, створаныя на
беларускай мове арабскім пісьмом. Называюцца яны кітабы.
Аўтарамі іх з’яўляюцца беларускія татары. Яны звязалі свой
лёс з нашай зямлёй яшчэ ў далёкім шаснаццатым стагоддзі і
вось на працягу шасцісот гадоў шчыруюць у агульнай
супольнасці. За гэты час змяніўся іх быт, творчасць, мова,
аднак сваю адметнасць у жыцці беларускіх татар яны не
страцілі.
     З’яўленне татар на беларускіх землях звязваецца з часам
княжання ў Вялікім Княстве Літоўскім Гедыміна. У час бітвы з
Тэўтонскім ордэнам у тысяча трыста дзевятнаццатым годзе
татары складалі яго перадавое войска. Пасля Вітаўт заснаваў
татарскія пасяленні на беларускіх землях, ухваляў і
падтрымліваў іх перасяленне ў Вялікае Княства Літоўскае.
     Пасяліўшыся на беларускіх землях, татары аказаліся
адлучанымі ад сваіх традыцый, паступова страцілі сваю мову.
Таму, каб захаваць духоўную скарбніцу, арабскія кнігі сталі
перакладаць на беларускую мову, але пісаліся кнігі арабскім
пісьмом. Цікава і тое, што тэкст у кітабах напісаны і чытаецца
справа налева, пачынаецца ў нізе старонкі і ў самым канцы
нашых звыклых кніг. Тэкст не мае падзелу на словы, знакаў
прыпынку, вялікай літары – суцэльная арабская вязь. Навыкі
пісьма перадаваліся ад бацькі да сына. Вось так у беларускай
культуры перапляліся татарскія матывы. (240 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 109 | Комментарии (0)


Францыск Скарына

Францыск Скарына
    Нельга ўявіць беларускую літаратуру эпохі Адраджэння
без творчай спадчыны Францыска Скарыны, які быў яркай
індывідуальнасцю.
    Скарына нарадзіўся ў сям’і полацкага купца, што вёў
гандаль у многіх гарадах. Дата нараджэння яго дакладна
невядома. Вучоныя мяркуюць, што гэта прыкладна 1490 год.
Першапачатковую адукацыю атрымаў у доме бацькоў, там
навучыўся пісаць і чытаць. Атмасфера бацькоўскага дому
абудзіла ў хлапчука цягу да пазнання свету і навук. Цераз
сям’ю набыў Скарына любоў і павагу да родных мясцін.
     Нейкі час Скарына вучыўся ў Вільні, потым у Кракаўскім
ўніверсітэце, дзе атрымлівае вучоную ступень бакалаўра. Але
на гэтым не заканчваюцца яго пошукі ведаў.
     У 1512 годзе ён абараняе дыплом доктара медыцыны ў
італьянскім горадзе Падуі, які славіўся на ўсю Еўропу
медыцынскім факультэтам. Менавіта ў той час зарадзілася ў
Скарыны дзёрзкая мара перакласці на родную мову і выдаць
усе кнігі Бібліі.
    Заручыўшыся падтрымкай і матэрыяльнымі сродкамі
спонсараў, Скарына едзе ў чэшскую Прагу, дзе пачынае
перакладаць і з 1517 года друкаваць кнігі Бібліі. Гэта
знамянальная падзея была пачаткам беларускага
кнігадрукавання. Ён выдаў дваццаць тры кнігі Бібліі, якія
пераклаў на тагачасную беларускую пісьмовую мову.
Скарына праявіў ініцыятыўнасць і разборлівасць,
знаходзячы ў чужым горадзе таленавітых мастакоў і гравёраў,
рупных наборшчыкаў і друкароў, дабіўся таго, што яго кніга
стала адным з узорных выданняў свайго часу.
     Жыццёвы шлях Скарыны ў многім паказальны для
людзей эпохі Адраджэння. Любоў да ведаў, шырыня адукацыі
спалучыліся ў яго з высокай грамадзянскай культурай,
дзелавітасцю і смеласцю, уменнем ставіць наватарскія задачы і
разумна вырашаць іх. Скарына быў і арыгінальным
мысліцелем, і таленавітым пісьменнікам, плённым публіцыстам
і перакладчыкам, вынаходлівым і дзелавым чалавекам –
першадрукаром. Багацце асобы Скарыны ставіць яго побач з
выдатнейшымі людзьмі эпохі Адраджэння, а беларускую
культуру, на ніве якой ён працаваў, на ўзровень з еўрапейскай
культурай. (278 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 55 | Комментарии (0)