В разделе материалов: 514
Показано материалов: 61-70
Страницы: « 1 2 ... 5 6 7 8 9 ... 51 52 »

Бацькоўская любоў

Бацькоўская любоў
     Шмат гадоў таму ў гарадскім парку на высокай гары рос
дуб-волат. У яго густой зялёнай кроне вілі гнёзды птушкі, а ў
прахладным цені адпачывалі гараджане.
      Аднойчы сонечным восеньскім днём пад яго кронай збіраў
жалуды рудавалосы хлопчык. Ён выбраў самы вялікі жолуд і
закапаў яго непадалёк ад дуба ў зямлю. Вясной на тым месцы
з зямлі вылез маленькі тонкі парастак. Дуб быў шчаслівы, што
ў яго з’явіўся сынок, і пяшчотна аберагаў крохкае дрэўца.
      Ішлі гады. Сынок на радасць бацьку хутка падрастаў. Ды
нечакана прыйшла бяда. Малады дубок захварэў. Яго лісцікі
апусціліся, ствол сагнуўся да зямлі. Пазбавіўся спакою стары
дуб. Дні і ночы думаў, як дапамагчы.
      Неяк прысеў на дуб мудры крумкач. Уважліва паглядзеў
на малое дрэўца і пракрумкаў:
      – Марнее сынок твой ад ценю твайго. Без сонечнага
святла не будзе яму жыцця.
     Узмахнуў крыламі і паляцеў прэч. А ноччу разгулялася
бура. Усхадзіўся моцны вецер, які роў, як раз’юшаны звер,
ламаючы галіны дрэў.
     – Вецер, ты магутны! – звярнуўся да яго дуб. – Стары я
стаў. Прыйшоў час саступіць месца маладым. Падштурхні мяне
з гары, бо мне самому адарвацца ад зямлі не хапае сіл.
     Паслухаўся яго вецер. Сабраўшы ўсю сваю моц, ён
падзьмуў на дрэва. Яно затрашчала і са стогнам, ламаючы
галіны, рухнула з гары ўніз.
     Да раніцы бура сціхла. Узышло яркае сонца і цёплымі
жыватворнымі прамянямі сагрэла малы дубочак. Ён з палёгкай
уздыхнуў і выпрастаў свой тонкі ствол, лісцікі ажылі і зноў
зашалясцелі.
      Цяпер на гары расце высокі і магутны малады дуб. Нібы
вартаўнік, велічна ўзвышаецца над старым паркам. Ад
пякучага сонца, злога ветру і праліўнога дажджу ратуе ўсіх гэта
дрэва. (258 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 660 | Комментарии (0)


Як бабёр вярбу вартаваў

Як бабёр вярбу вартаваў
      Месца тут зручнае, прыгожае. Рэчка Лясная густа
аплецена лазняком, адкуль толькі ў засушлівае лета адыходзіць
вада.
      Вярба расла хутка. Ніхто і не прыкмеціў, як перакінула
свае разгалістыя галіны на другі бераг.
      З часам вярбу аблюбавалі хлапчукі. Больш прыдатнага
месца, каб даць нырца, не знойдзеш. Іншы раз прысядалі на
выгнуты камель рыбакі. Ім падабалася закідваць адсюль вуды.
А на самай верхавіне звілі гняздзечкі сінічкі.
      Вярба не думала нават, што з рэчкі, якая давала жыццё і
сілу, прыйдзе яе пагібель.
      На Лясную вярнуліся бабры. Адна вялікая сям’я
ўпадабала зацішак пад вярбою. На пачатку лета бабры пачалі
рабіць запруду, рыхтаваць корм на зіму. З многімі дрэвамі
ўправіліся хутка, а вось тоўсты камель разгалістай вярбы быў
ім не па зубах.
      Але аднойчы раніцаю і вярба, уздрыгнуўшы, пачала
апускацца на ваду. Толькі верхавіна з гняздзечкамі засталася
над вадою. Ціўкалі перапалоханыя птушаняты. Насіліся над
вярбою іх непрыкаяныя бацькі.
      Стары бабёр павольна падплыў да падгрызенага камля.
На беразе, каля самай вады, набіраліся сілы, каб завяршыць
работу, іншыя бабры. Адпачыўшы, яны паплылі да вярбы. І
тады цішыню разарвала пранізлівае “дз-з-ы-нь”. Спалоханыя
бабры пахаваліся. А калі вынырнулі з вады, усё паўтарылася
зноў. Гэта стары бабёр лупіў хвастом па вадзе, не даючы
суродзічам завяршыць работу. “Хай падгадуюцца, стануць на
крыло птушкі”, – вырашыў ён. І супакоіліся сінічкі. Ціха стала
ў гняздзечках.
      Амаль усё лета бабёр вартаваў вярбу. І толькі пасля таго,
як птушаняты пакінулі гнёзды, ён знік пад вадою.
      Глыбокай восенню дрэва зусім павалілася. А вясною ад
кораня вярбы памкнуліся насустрач сонцу новыя парасткі.
(247 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 216 | Комментарии (0)


Мурашнік

Мурашнік
      Некалі мурашнік, які вырас ля самай лясной сцяжынкі,
быў такі маленькі, што не закрываў нават пянька. Але
паступова рудая горка большала. Дробненькія, але дужыя і
ўпартыя стварэнні з усяго наваколля безупынна сцягвалі сюды
патрэбны будаўнічы матэрыял, і хутка горка заняла ўсю
сцяжыну.
      З аднаго боку мурашніка людзі вытапталі дугу. Пройдуць,
абмінаючы перашкоду, і ідуць далей.
      Аднойчы на мурашоў абрушылася бяда. Яна мела выгляд
вузкіх веласіпедных колаў з чорнымі пакрышкамі. Першы
веласіпедыст угледзеў наперадзе перашкоду і набраў разгон, каб
не завязнуць у рыхлай горцы. След у след праляцеў другі. Трэці
імчаў крыху воддаль. Ён прытармазіў і абагнуў жытло мурашоў,
разрэзанае на дзве паловы. Чацвёртым ехала малое дзіця.
      Адолець мурашнік яно не здужала і мякка апусцілася на яго
левую палову. Выбіраючыся адтуль, зруйнавала і правую
палову конуса.
      Параскіданыя мурашы хапаліся за бліжэйшы кавалачак
галінкі ці за трэсачку і цягнулі да горкі, нібыта нічога не
здарылася.
      Стары чалавек схадзіў па сякеру, высек і затачыў чатыры
бярозавыя слупкі, убіў іх вакол мурашніка, пасля прыбіў да
слупоў альховыя жардзінкі. Атрымалася агароджа.
      Прайшоў час. Той самы чалавек наведаўся да мурашніка
і, калі ўбачыў яго, знямеў. Жытло ўпартых насякомых не толькі
вярнула сабе правільную форму конуса, але і прыкметна
пабольшала. Вяршыняю мурашнік даставаў чалавеку да пояса.
Аднак агароджа з аднаго боку аказалася паламанай, канцы
жэрдак хаваліся ў мурашніку. Стары вырашыў, што веласіпеду
такую жэрдку не адолець, і зрабіў вывад: “На матацыкле нехта
ўлез”.
      Праз год чалавек убачыў, што горка зноў здорава
пацярпела. Хату мурашоў прыціснуў да зямлі шырокім колам
трактар. Рэшткі таго, што нядаўна называлася агароджаю,
валяліся навокал. Стары сабраў іх і кінуў пад хвою. Пасля
моўчкі пастаяў, павярнуўся, цяжка ўздыхнуў і паплёўся па
сцежцы...
      У апошнюю сустрэчу чалавека з мурашамі адзіны слупок,
які ўцалеў ад наезду трактара, цяпер ледзь вытыркаўся з горкі-
хаты. Яна зноў мела правільную форму конуса і вырасла
настолькі, што вяршыня раўнялася з плячыма чалавека.
      Старому падалося, што знішчыць або спыніць мурашоў не
зможа ніякая сіла. Ён падумаў, што мурашы сваёю
абыякавасцю да зла, якое чыняць ім людзі, дэманструюць сваю
пагарду да іх. (330 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 207 | Комментарии (0)


Шпачок

Шпачок
       У той дзень бушавала навальніца. Калі Валерык выйшаў
з хаты, то ўбачыў у садзе паваленую ветрам жэрдку са
шпакоўняй. А побач сядзеў малады шпачок, які, відаць, не ўмеў
яшчэ добра лятаць. Валерык накрыў шпачка шапкай,
асцярожна ўзяў яго, занёс у хату і пасадзіў у клетку.
      Міналі тыдні, месяцы. Шпачок вырас. Ён не любіў сядзець
у клетцы і лятаў па хаце, дзяўбаў у вазонах зямлю, купаўся ў
талерцы з цёплай вадой. Да купання птах ставіўся надзвычай
сур'ёзна. Спачатку ён падыходзіў да талеркі і нібы правяраў
дзюбай тэмпературу вады. Потым перш за ўсё мыў галаву, а
пасля ўжо забіраўся ў талерку з нагамі, падхопліваў крыламі
ваду і абліваў спі́ну. Нарэшце садзіўся і растапырваў усе
пярынкі. Пры гэтым шпачок ніколі не забываўся асцярожна
аглядацца.
      Шпачка дома ўсе любілі і песцілі. Толькі вось кот Яша
выкліка́ў трывогу. Спачатку кот толькі паглядаў на шпачка. А
неяк пад вечар Валерык, зрабіўшы ўрокі, выйшаў у пярэднюю,
дзе вісела клетка, і ўбачыў, што кот вось-вось скочыць на
клетку. Баючыся за жыццё шпачка, Валерык перанёс клетку
на чыстую палавіну хаты і павесіў яе высока на сцяне, каб Яша
не дастаў.
      А аднойчы хлапчук пачуў валтузню, піск. Валерык
кінуўся да дзвярэй. Яша вісеў, учапіўшыся пярэднімі лапамі за
клетку, а шпачок скакаў на адным месцы, злосна ціцінькаў і
дзёўб ката ў нос. Яша ад болю мяўкаў, а калі ўбачыў Валерыка,
грымнуўся на падлогу і шмыгнуў між ног за дзверы. Шпачок
бегаў па клетцы і пераможна крычаў.
      А аднойчы ў школе раптам хлопчык нібы ўвачавідкі
ўбачыў, як кот ускочыў на клетку, прасоўвае праз пруты
лапу... Дадому хлопец бег не чуючы пад сабою ног. Так і ёсць...
У клетцы дзверцы не зачынены, шпачка няма. Хлопчык выбег
на кухню.
      У кутку каля печы з Яшавага сподка, у якім была
размочана булка, шпачок, не спяшаючыся, дзяўбаў крошкі.
Дзеўбане, паглядзіць, зноў дзеўбане. А недалёка ад шпачка
сядзеў Яша і сумна паглядаў, як частуецца няпрошаны госць.
      Валерык узяў пакрыўджанага ката пад пушысты жывот і
вынес з кухні. Яму нават стала крыху шкада Яшу. (327 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 306 | Комментарии (0)


У прыёмнай сям’і

У прыёмнай сям’і
       Шэрая зайчыха аблюбавала сабе месца ў высокім жыце.
Днём яна ляжала, прыслухоўваючыся да галасоў жаваранкаў,
што срэбрам трымцяць, пераліваюцца на розныя лады ў
глыбокім сінім небе. А ноччу зайчыха абыходзіла свае любімыя
мясцінкі. Больш за ўсё яна бывала на агародзе, які знаходзіўся
на другім баку калгаснай сядзібы. Ды як жа іначай! Жыць
недалёка ад агарода і не паласавацца сакавітай капустай альбо
салодкай морквай?
       У канцы лета ў зайчыхі нарадзілася чацвёра зайчанят,
падобных на шэрыя мяккія ваўняныя клубочкі.
       Аднойчы свежым ранкам зайчыха прачнулася ад
моцнага грукату матора. На яе з дзецьмі насоўвалася вялізная
машына, яна махала, нібы птушка, крыламі, а за ёю было
чыстае зжатае поле. Зайчыху працяў востры страх. Разам з
дзецьмі яна кінулася з усіх чатырох наўцёкі. Адно зайчаня
заблыталася ў густым жыце, і камбайнер злавіў яго.
       Дома васьмігадовая дачка камбайнера Ніна вельмі
ўзрадавалася зайчыку. У гэты момант у пакой увайшла кошка
Мурка. У яе толькі ўчора забралі кацянят і раздалі суседзям.
Ніна ўзяла Мурку на рукі, а бацька паднёс да яе зайчыка.
Мурка з ласкай аднеслася да шэранькага і пачала карміць яго.
       Так зайчык і рос на кошчыным малацэ. У яго быў вясёлы
нораў. Ён такія фокусы вырабляў, што ўсе ў доме са смеху
клаліся. Еў ён капусту, моркву, канюшыну.
       Усё было б добра, але ў гаспадара быў невялічкі шчанюк
Шарык. Аднойчы Шарык добра-такі пацягаў зайца за вушы, і
невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б Ніна не
выручыла яго: яна адабрала перапуджанага шарачка з зубоў
шчаняці, а самога Шарыка пакарала дубцом.
       Кошка не любіла Шарыка і, як толькі ён заходзіў у сенцы,
кідалася на яго і злосна шыпела. Шарык з усіх ног уцякаў за
дзверы. Хутка і заяц навучыўся сяму-таму ў кошкі. Ён яшчэ ля
парога сустракаў Шарыка і пачынаў барабаніць пярэднімі
лапамі па спі́не сабачкі так, што з таго ажно поўсць сыпалася.
З часам шарак перастаў баяцца сабакі. Так і жыў ён далей у
сваёй прыёмнай сям’і. (315 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 215 | Комментарии (0)


Дарога дадому

Дарога дадому
      Стары бабёр выправіўся ў дарогу цёмначы. У балотнай
лагчыне, парослай алешнікам, жыла іх невялікая калонія. Тут
мала хто хадзіў, мала хто ездзіў, і яны жылі тут спакойна, без
клопату. Тут была іх маленькая радзіма.
      Але стары бабёр ведаў, што сюды яны прыйшлі. Прыйшлі
з вялікай, прасторнай рэчкі, не раўня гэтаму раўчуку, які праз
пяць кіламетраў прападае ў чыстым полі.
      Паўз лес была дарога да вялікай рэчкі, дзе жылі спрадвеку
вольна і спакойна бабры. Стары бабёр памятаў і ведаў гэта.
Цяпер ён сабраўся пайсці туды. Ён шукаў дарогу да свайго
прасторнага спрадвечнага пасялення.
      Ісці трэба было цяпер. Стары бабёр не ведаў, ці застанецца
ў яго сіла, каб прывесці туды сваю сям’ю, пабудавацца і
пакінуць іх там, на спрадвечным месцы. А зрабіць гэта можа
толькі ён адзін, бо ён памятае пра тое, што яму расказвалі яго
бацькі, і толькі ён адзін можа знайсці туды дарогу. Ён хацеў
вярнуцца назад, туды, дзе было так вольна і шчасліва.
      Стары бабёр ішоў павольна, бо хадзіць бабры не любяць і
не ўмеюць. Ідуць толькі тады, калі няма ўжо другога выйсця.
      Ішоў бабёр упарта, цвёрда. Не спыніў яго і сабака, які
заступіў яму дарогу і гаўкаў, гаўкаў, не даючы праходу.
Неўзабаве перад ім пачалася вузкая, метры на паўтара, палоска
чыстай вады, над якою нахілілася асака.
      Стары бабёр амаль подбегам кінуўся да вады, ад радасці
забыўшыся на асцярогу, ныраў, быццам не верыў, што
скончылася нарэшце яго сухая дарога. Толькі калі нацешыўся,
спахапіўся і ціха, так, што не аставалася на вадзе следу, паплыў
на агледзіны возера.
      Пасля абеду ён перайшоў грэблю і падаўся далей па
крыніцы, якая канчалася ў лагчыне, парослай маладымі
кустамі лазняку. Але там стары бабёр натрапіў на канаву,
вялікую, з зарослымі травою берагамі. Канава была дастаткова
шырокай, у ёй можна было плысці, таму стары бабёр апусціўся
ў ваду і паплыў насустрач халоднай плыні.
      На гэтай канаве і пераначаваў стары бабёр. Назаўтра ён
яшчэ раз абышоў і агледзеў усё навокал, пасля гэтага сабраўся
і той самай дарогай пайшоў назад. Хутка ён прывёў з сабою на
новае селішча двух маладых баброў. (335 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 201 | Комментарии (0)


Зубры

Зубры
      У той халодны лістападаўскі дзень сям’я зуброў не
прыйшла да кармушак. Гэта вельмі ўстрывожыла
даглядчыкаў. Сяргей Фёдаравіч доўга гукаў зуброў і звонка
стукаў у парожняе вядро.
      Звычайна пасля такога запрашэння на абед да кармушак
з усяе сілы беглі зубры. Але мінула больш за гадзіну, а зуброў
усё не было. Нарэшце на палянку выйшла чарада зуброў.
Толькі чамусьці іх было менш, чым заўсёды. Наперадзе ішоў
Пум, высокі, гарбаты, з шырокім каркам.
      Зубры падышлі да кармушак, ухапілі крыху корму і
заспяшаліся назад у лес. Сяргей Фёдаравіч непрыкметна ішоў
за імі. На невялічкай палянцы, у кустах, наглядчык убачыў
зуброў, якія цесным колам стаялі вакол нованароджанага
зубраняці. Яны дыхалі на малога, баючыся, каб ён не змёрз.
Пум стаяў побач з зубранём і адганяў тых, хто хацеў
дакрануцца да малога.
      Назаўтра раніцай зубры зноў спазніліся на падкормку. Але
хутка з лесу паказалася чарада лясных волатаў. Наперадзе, як
заўсёды, Пум, за ім ішло маленькае зубраня. Маці ласкава
падштурхоўвала яго. Астатнія зубры ішлі следам.
      Зубраня расло, дужэла, на лбе прарэзаліся рожкі —
надзейная і грозная зброя зуброў.
      Пум пачаў вучыць малога здабываць сабе ежу. Стары зубр
навальваўся ўсім целам на граб або рабіну, прыгінаў дрэва да
зямлі і трымаў яго пад сабою, а зубраня аб'ядала галінкі.
      Зубраня было вельмі вясёлае, жвавае і любіла забаўляцца
з Пумам. Калі малы заўзята пачынае наступаць, Пум
адыходзіць, нібы паддаецца, і нарэшце кідаецца наўцёкі. Тады
зубраня радасна бяжыць за ім, каб дагнаць.
      Аднойчы Сяргей Фёдаравіч выйшаў з зуброўніка, і тут
малы раптам наляцеў на яго і стукнуў ілбом так, што
даглядчык бухнуўся ў снег.
      «Ну і ну»,— падумаў Сяргей Фёдаравіч і хацеў падняцца
на ногі. Але зубраня зноў падбегла да яго і нагнула галаву для
новага ўдару. Яно шалела ад радасці, адчуўшы сябе
пераможцам.
      Ды тут Сяргей Фёдаравіч злаўчыўся, схапіў яго другой
рукою за правую нагу крыху вышэй капыта, а другой рукою
— за рожкі і зваліў на снег.
      Зубраня не чакала гэтага. Яно хуценька ўсхапілася на
пругкія ногі і здзіўлена пазірала на даглядчыка. Малое, відаць,
адчула сілу і спрыт чалавека. (328 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 265 | Комментарии (0)


Выдра правучыла

Выдра правучыла
      Мікалай нарадзіўся ў вёсцы ля вярхоўя Нёмана. Добра
плаваў, ныраў, лавіў рукамі рыбу. Быў ён у дзяцінстве сціплым,
ціхім. А вырас, аб’ездзіў паўсвету мараком і стаў задавацца.
      – Што твой Нёман – раўчук! У ім толькі жабы ды
печкуры водзяцца! Я ж кітоў у акіяне за хвост лавіў, на
чарапахах ездзіў вярхом! Акул за хвост на палубу выкідваў! –
пахваляўся ён.
      Можа, і да сённяшняга дня так бы хваліўся Мікалай, каб
не збіла з яго пыху … выдра.
      Выдра захапілася на паляванні і далёка адплыла ад свайго
гнязда. Не агледзелася, як пачаўся дзень. А тут яшчэ рыбакоў
назбіралася шмат. Яна і рашыла пераседзець да ночы ў адной
з запасных схованак, дзе не раз хавалася ў час небяспекі.
      Крык, смех набліжаліся да яе. Выдра сцішылася і пачала
чакаць. А невад раптам зачапіўся за палена і спыніўся.
Адзін з рыбакоў нырнуў, каб вызваліць невад. Яго рука
мільгнула ля самай морды выдры, яна ад страху нават вочы
заплюшчыла. Калі ж расплюшчыла іх, убачыла, што невад
пайшоў далей, а рыбак усплывае наверх.
      “Яшчэ трохі пачакаю, – думала выдра, – і можна плысці
да берага. Больш так далёка ад гнязда заплываць не буду!
Зусім іншая справа сядзець у сваёй нары паміж каранямі
пяцісотгадовага дуба. А тут калаціся ад страху”.
      Выдра высунула галаву і хацела плысці, як ля нары
пачуўся ўсплёск вады і галасы.
      Выдра насцярожылася. Мікалай (а гэта быў ён) вадзіў
рукамі прама каля яе носа, і яна ледзь паспела адсунуцца. Але
раптам выдру прыціснулі да палена дужыя рукі, пацягнулі
ўверх. Выдра страпянулася і кіпцюрамі драпнула марака па
жываце, грызянула зубамі за грудзі.
      Рукі аслабелі. Звярок выскачыў наверх, глытнуў паветра
і зноў схаваўся ў ваду. Мікалай жа белы, як палатно, вынырнуў
з вады. Па жываце і грудзях цяклі чырвоныя ручайкі,
фарбавалі мокрае цела.
      На беразе рыбакі перавязвалі Мікалая, жартавалі, каб быў
больш асцерожным, бо выдра магла і вочы павыдзіраць.
      – Надумаўся, рукамі драпежніцу злавіць! – гаварылі
рыбакі. – Гэта табе не акул за хвост на палубу выкідваць!
      І Мікалай перастаў хваліцца. Ледзь што, не выцерпіць хто-
небудзь і папросіць расказаць, як ён з акіяна акул за хвост
выкідваў, а ў Нёмане выдру рукамі лавіў. (342 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 136 | Комментарии (0)


Смелая варона

Смелая варона
      У лесе, каля вёскі, жыў ястраб, дужы драпежнік, хітры.
Прытоіцца між галінак і чакае, пакуль якая-небудзь птушка
наблізіцца. Убачыць птушку ці малога звярка – па́дае каменем
уніз. І няма ратунку бедалазе.
      Так разбойнічаў ястраб усё лета і восень. Але многія
птушкі паляцелі ў вырай, менш іх стала ў лесе і на полі. Тады
лясны драпежнік стаў паляваць каля вёскі, дзе каля
свінарнікаў і кароўнікаў трымаліся галубы, галкі, вароны.
Падкрадзецца, як злодзей, з-за будынкаў да чарады, шусне
зверху нечакана – і нясе ў лес сваю здабычу. Магчыма, і
разбойнічаў бы гэты ястраб каля вёскі, каб не адна варона, на
якую напаў лясны драпежнік.
      Быў ясны марозны дзень. Раптам пачуўся прарэзлівы
крык вароны, рэзкі лопат крылаў: ястраб набліжаўся да
шэрабокай. Варона ўзвілася ўверх, трывожна закрычала,
просячы сябровак аб дапамозе. Сама ж кінулася не ўцякаць, а
… насустрач ястрабу. Яна выставіла сваю доўгую дзюбу,
растапырыла кіпцюры. Драпежнік не чакаў такога адпору,
таму рэзка затармазіў ды шуснуў убок.
      Варона з усёй сілы каркнула і зноў напала на ястраба. На
дапамогу з усіх бакоў спяшаліся яе сяброўкі. Злоснае рэзкае
карканне, лопат дзясяткаў пар крылаў – вароны набліжаліся
да месца паядынку.
      Праз міг цэлая чарада варон кружылася вакол ястраба.
То адна варона, то другая ўзмывала ўвысь і з рэзкім карканнем
нападала на драпежніка, старалася дзеўбануць яго сваёй
дзюбай, ударыць крылом ці кіпцюрамі.
      Ястраб страціў свой ваяўнічы запал, забыўся пра
паляванне, стаў сам ратавацца ад раз’юшаных птушак, чорная
хмара якіх кружылася над ім. Ён то падаў да самай зямлі, то
рэзка кідаўся ўбок, каб ухіліцца ад удараў, то ныраў у галлё
невысокіх кустоў.
      Неўзабаве ястраб знік у гушчары, зашыўся ў галлё густой
елкі і прытаіўся там. Ён цяжка, перарывіста дыхаў, успамінаў
няўдалае паляванне і не мог уцяміць, чаму слабейшая за яго
птушка перамагла.
      А вароны пакружыліся над вярша́лінамі дрэў і паляцелі на
поле, расселіся адна пры адной на правадах электралініі, паціху
пакарквалі – расказвалі, відаць, адна адной, як нападала
кожная на разбойніка.
      Яны, напэўна, зразумелі, што чарадой лягчэй адбівацца
ад ворага, што ў дружбе і згодзе – сіла. (329 слоў)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 240 | Комментарии (0)


Далёкі пошум мора

Далёкі пошум мора
     Уздоўж двара быў нацягнуты дрот, да яго прымацаваны
цяжкі ланцуг, зачэплены на ашыйніку вялізнага сабакі, які не
ведаў чалавечай ласкі і дабрыні.
      Аднойчы ноччу сабака ўбачыў у сне сінюю роўнядзь мора
і карабель пад белымі ветразямі, які імкнуўся насустрач сонцу,
без дроту і ланцуга.
       Сабака доўга прабіраўся да мора. Нарэшце ён убачыў
перад сабой вялікі карабель, які гайдаўся на лёгкіх хвалях.
Калі сцямнела, сабака папоўз да невялікай лодкі, што
стаяла каля берага. Занятыя працай, людзі не заўважылі, як
вялізны цень слізгануў у лодку. Яна ў апошні раз
адштурхнулася ад берага, людзі дружна запрацавалі вёсламі.
Лодку паднялі на карабель, але разгрузку адклалі да раніцы.
        Ноччу сабака выбраўся са свайго сховішча і агледзеў
палубу. Зірнуўшы на паверхню мора, ён заўважыў там
адлюстраванне зорак, што рухаліся разам з караблём. “Мы
плывём па зорках”, – падумаў сабака і заснуў, шчаслівы і
спакойны.
       Раніцай сабака прачнуўся ад ваблівага паху і вылез са
свайго сховішча. Палуба раптам паплыла ўбок, ён пахіснуўся і
ўпаў. Пачуўся незласлівы, прыветлівы рогат, а сабаку
ўпершыню стала спакойна, цёпла і ўтульна. Праз некалькі
хвілін ён ужо сёрбаў смачную поліўку.
       Здавалася, усё было добра. Аднак, даведаўшыся, што на
караблі сабака, капітан загадаў адправіць жывёліну за борт
паблізу вялікага вострава.
       Цёплыя добрыя рукі падхапілі сабаку і ўзнялі над палубай.
У наступны момант ён праваліўся ў паветра. Вынырнуўшы з
вады, убачыў з аднаго боку блізкі бераг, а з другога – карабель.
Сабака забрахаў, шалёна і бездапаможна, і паплыў за караблём.
       Капітан стаяў на мосціку і не разумеў, чаму сабака плыве
не да берага, а ў адкрытае мора. Раптам карабель сцішыў ход і
спыніўся. “Гэты сабака нарадзіўся пад шчаслівай зоркай”, –
падумаў капітан і загадаў спусціць выратавальную шлюпку.
(272 словы)


Зборнік пераказаў | Просмотров: 253 | Комментарии (0)